Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Міжнародны дзень роднай мовы, 95 гадоў I устаўной граматы, БАТЭ ў Стамбуле


Першая Ўстаўная грамата БНР
Першая Ўстаўная грамата БНР

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі 21 лютага

У БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ:


У Вене распачнецца зімовае паседжаньне Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, у рамках якога адбудзецца паседжаньне рабочай групы ПА АБСЭ ў пытаньнях Беларусі.

У Брусэлі на сустрэчу зьбяруцца міністры абароны НАТО.

У сьвеце адзначаць Міжнародны дзень роднай мовы. Гэты дзень адзначаецца з 1999 году і мае на мэце захаваньне лінгвістычнай разнастайнасьці і шматмоўнай адукацыі.

Усебеларускую акцыю да Дня роднай мовы абвясьціла суполка «Арт Сядзіба». Удзельнікам акцыі прапануюць пакінуць 21 лютага ў грамадзкім транспарце ў любым кутку Беларусі кнігу на беларускай мове.

Акцыя да дня роднай мовы
Акцыя да дня роднай мовы


Сьвяткаваньне Міжнароднага дня роднай мовы мае сярод іншых месцаў прайсьці і ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Акадэміі навук Беларусі (Менск, вул. Сурганава, 15). Пачатак а 13.00.

Нацыянальны гістарычны музэй Беларусі (Менск, вул. Маркса, 12) запрашае на адкрыцьцё супольнага праекту музэю і Беларускага саюзу мастакоў «Маляўнічае гістарычнае Палесьсе». Пачатак а 17.00.

Фанаты БАТЭ
Фанаты БАТЭ
А 23.05 беларускага часу барысаўскі БАТЭ згуляе ў Стамбуле з тамтэйшым «Фэнэрбахчэ» ў матчы ў адказ 1/16 фіналу футбольнай Лігі Эўропы. Тыдзень назад гульня супернікаў у Горадні завяршылася нулявой нічыёю.



У ГЭТЫ ДЗЕНЬ:

1848 — Карл Маркс і Фрыдрых Энгельс надрукавалі «Маніфэст камуністычнай партыі».

Знакаміты Карл Маркс
Знакаміты Карл Маркс


1918 — Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду апублікаваў I устаўную грамату, у якой абвясьціў сябе часовым урадам Беларусі. У гэты ўрад — Народны сакратарыят Беларусі — увайшлі, у прыватнасьці, Палута Бадунова, Тамаш Грыб, Кастусь Езавітаў, Васіль Захарка, Пётра Крачэўскі, Аркадзь Смоліч. Старшынём ураду быў абраны Язэп Варонка.

Сакратарыят БНР
Сакратарыят БНР


1947 — нарадзіўся народны артыст Беларусі Міхаіл Фінберг, дырыгент, мэнэджар музычных праектаў, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага канцэртнага аркестру Беларусі.

1952 — нарадзіўся беларускі мастак, мастацтвазнаўца Мікалай Паграноўскі. Дасьледуе праблемы сучаснага беларускага мастацтва, аўтар творчых партрэтаў да каталёгаў беларускіх мастакоў, а таксама сцэнароў дакумэнтальных фільмаў.

1960 — Фідэль Кастра нацыяналізаваў увесь бізнэс на Кубе.

1967 — памёр Юры Тарыч, беларускі кінарэжысэр, сцэнарыст, заснавальнік беларускай мастацкай кінэматаграфіі (нар. ў 1885 г.).


ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


Першая Ўстаўная грамата
Першая Ўстаўная грамата
«Родная старонка наша апынулася ў новым цяжкім стане. Дзе цяпер улада, што была тут, няведама, мы стаімо перад тым, што наш край можа быць заняты нямецкімі войскамі. Мы павінны ўзяць свой лёс ва ўласныя рукі. Беларускі народ павінен зьдзейсьніць сваё права на поўнае самаазначэньне, а нацыянальныя меншасьці на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію».

Зь I устаўной граматы да народаў Беларусі, апублікаванай Выканаўчым камітэтам Рады Ўсебеларускага зьезду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG