Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьбіты зь Ліды: Хочаш атрымаць непрыемнасьці — напішы ў Сьледчы камітэт


Братоў Шкурко зьбілі на горкі яблык

Братоў Шкурко зьбілі на горкі яблык

Пацярпелы ад міліцыянтаў з Ліды: «Мяне зьбівалі, мачыліся на адзежу ды пырснулі пярцовым газам у задні праход»

Жыхары Ліды Іван Шкурко й ягоная маці Ларыса Шкурко паскардзіліся ў Сьледчы камітэт і пракуратуру на мясцовых міліцыянтаў, што тыя незаконна ўжывалі супраць братоў Шкурко фізычную сілу ды сваімі дзеяньнямі прыніжалі чалавечую годнасьць. Тым часам у Лідзкім РАУС завялі крымінальную справу на Івана Шкурко, які, паводле сьледчых, напаў на міліцыянтаў.


Канфлікт на праспэкце Перамогі


Праваабарончы сайт «Плятформа», расказваючы гэтую гісторыю, назваў дзеяньні міліцыянтаў зь Лідзкага РАУС «садысцкімі» ды параўнаў падзеі ў Лідзе ў лістападзе мінулага году з тым, што ў сьнежні адбывалася ў Ленінскім РАУС Менску з вартаўніком аўтастаянкі Васілём Сарочыкам. Магчыма, даваць ацэнку дзеяньням міліцыянтаў зарана, бо ў пракуратуры яшчэ вядзецца праверка тых падзеяў, а ў міліцыі не завершанае расьсьледаваньне крымінальнай справы на Івана Шкурко.

У ноч на 18 лістапада мінулага году браты Іван і Багдан Шкурко адпачывалі ў дыскабары «Праспэкт» у Лідзе на праспэкце Перамогі. Паводле вэрсіі братоў Шкурко, яны нікога не чапалі, але зрабілі заўвагу бармэну, які ня выдаў ім келіхаў для шампанскага, абмежаваўшыся толькі тым, што зрэзаў нажом пластыкавую пробку бутэлькі. («Багдан працуе бармэнам у Менску і таму вельмі зьдзівіўся „ўзроўнем“ абслугоўваньня наведнікаў бара ў Лідзе» — пракамэнтавала «Свабодзе» маці братоў Шкурко). «Пасьля гэтага ахоўнікі дыскатэкі пачалі да іх чапляцца, а потым выклікалі нарад міліцыі», — паведамляе сайт «Плятформы» з спасылкай на братоў Шкурко. Пра далейшае паведамляецца, што калі нарад ППСМ (Патрульна-паставой службы міліцыі) прыехаў на дыскатэку, малодшы з братоў Шкурко Багдан пайшоў на выхад, але міліцыянты пачалі яго зьбіваць ды пырснулі ў твар пярцовым газам. Пазьней да зьбіцьця далучыліся ахоўнікі і адміністратар бара, дадала карэспандэнту Свабоды маці пацярпелага Ларыса Шкурко. Жанчына спаслалася на запіс відэакамэр у дыскабары. Паводле Ларысы Шкурко, калі яе старэйшы сын Іван прыбег на дапамогу Багдану і паспрабаваў адцягнуць людзей, якія зьбівалі брата, ён пасьлізнуўся і паваліўся разам з адным з міліцыянтаў. Гэта пацьвярджае відэа, якое зьнята на камэру ў дыскабары, кажа маці пацярпелых.

«Зараз гэты выпадак міліцыя выкарыстала, каб завесьці на Івана крымінальную справу — нібыта ён напаў на супрацоўніка міліцыі. Справу завялі пасьля таго, як мы паскардзіліся на тыя дзеяньні міліцыі, якія адбываліся пазьней», — патлумачыла Свабодзе Ларыса Шкурко.


Як везьлі на пустку й што сталася там


Самае горшае ў гэтай гісторыі адбылося пазьней, як вынікае з аповеду Ларысы Шкурко, якая спасылаецца на словы свайго старэйшага сына.

Пасьля зьбіцьця на дыскатэцы міліцыянты адвялі яго ў міліцэйскі аўтамабіль. «Там яго некалькі разоў ударылі дубінкай і кулакамі, а потым прыціснулі да падлогі аўтамабіля, сьцягнулі зь яго джынсы й ніжнюю бялізну ды пырснулі пярцовым газам у задні праход», — кажа маці пацярпелага Івана Шкурко. Паводле жанчыны, сына павезьлі на пустку за горадам, дзе зьдзекі зь яго працягнуліся. У прыватнасьці, яму мачыліся на галаву, а на спробы закрыцца казалі: «Ляжы, сука, а то закапаем тут». Ларыса Шкурко кажа, што ў яе ёсьць дадзеныя экспэртыз, якія пацьвердзілі наяўнасьць пярцовага газу на ніжняй бялізьне сына і мачы на ягонай куртцы. «З гэтымі доказамі я пайду у суд!» — кажа маці пацярпелых.
Прыціснулі да падлогі аўтамабіля, сьцягнулі зь яго джынсы й ніжнюю бялізну ды пырснулі пярцовым газам у задні праход

Сама Ларыса Шкурко пра тое, што адбываецца з сынамі, даведалася праз тэлефонны званок Івана — па дарозе з пусткі ў Лідзкі РАУС ён змог дастаць мабільнік і пазваніў маці. Яна адразу прыехала да райаддзелу міліцыі й стала сьведкай таго, як зьбітых Івана й Багдана вадзілі па кабінэтах, адкуль даносіліся ўдары і стогны. Потым сыны апавялі, што іх і там працягвалі зьбіваць. Паводле Ларысы Шкурко, у той момант у Лідзкім РАУС знаходзіўся начальнік райаддзелу Ігар Генец. «Я кінулася да яго па дапамогу, але ён пальцам не паварушыў і не назваў прозьвішчы тых міліцыянтаў, якія зьбівалі маіх сыноў», — кажа Ларыса Шкурко.

Празь некалькі дзён Багдана Шкурко паводле пратаколу аб адміністрацыйным парушэньні судзілі й аштрафавалі на 25 базавых велічынь. Пакараньне малады чалавек дагэтуль аспрэчвае.

З Іванам Шкурко ўсё атрымалася яшчэ больш складана і таксама зацягнулася. Праз 2 месяцы пасьля падзей на дыскатэцы Івана затрымалі каля аднаго з гарадзкіх бараў і зноў прывезьлі ў РАУС. Паводле Івана, яго таксама зьбівалі і апрытомнеў ён толькі пасьля агляду лекарамі «хуткай дапамогі».

У выніку абвінавацілі маладога чалавека ў тым, што ён нібыта «памачыўся ў непатрэбным месцы», але Лідзкі суд палічыў, што віна Івана Шкурко ў дробным хуліганстве не была даказаная. Лідзкая міліцыя, аднак, з такім рашэньнем не пагадзілася і яго аспрэчыла — скарга будзе разгледжаная ў Гарадзенскім абласным судзе ў пачатку сакавіка.

Між тым у канцы студзеня па ініцыятыве Лідзкага РАУС была заведзеная і крымінальная справа на Івана Шкурко — паводле абвінавачаньня ў аказаньні супраціўленьня міліцыянту, які ахоўвае грамадзкі парадак. Івану Шкурко пагражае 5 гадоў зьняволеньня.

Карэспандэнт Свабоды ўзяў камэнтары ў тых, хто датычны да гэтай гісторыі ці пра яе ведае.


Начальнік Лідзкага РАУС Ігар Генец: «Для гэтага ёсьць суд, які разьбярэцца. У адносінах да гэтых людзей заведзена крымінальная справа за супраціў супрацоўнікам міліцыі падчас выкананьня імі службовых абавязкаў. Так, гэта адносна Івана Шкурко. А больш я ніякіх камэнтароў даваць ня буду, бо я не ўпаўнаважаны даваць камэнтар».

Іван Шкурко: «Улада ў асобе гэтых міліцыянтаў ня хоча прызнаваць, што дзейнічала беззаконна адносна грамадзян. Супраць мяне ўвогуле завялі крымінальную справу, што мяне шакіруе. Гэта з разраду: хочаш атрымаць непрыемнасьці — напішы ў Сьледчы камітэт і атрымай крымінальную справу супраць сябе. Для мяне дзіва ня толькі тое, што адбылося 18 лістапада, але і тое, што мяне зноў затрымалі праз два месяцы. Уражаньне, што ўсё было падстроена, бо празь дзень заканчваўся тэрмін, калі яны маглі прыцягнуць мяне да адміністрацыйнай адказнасьці. Сядзім у бары. Піва, кава. Раптам сябар ўпускае на падлогу кубак, бармэнка адразу націскае трывожную кнопку і праз хвіліну заходзяць супрацоўнікі патрульна-паставой службы міліцыі. Складаюць пратакол, што я нібыта памачыўся ў непатрэбным месцы і кажуць: „Ну што, зараз пагаворым“? Гэта пасьля таго, як я паскардзіўся на міліцыю, што яны рабілі са мной гэта самае! Таму я разумею, наколькі сур’ёзна ўсё, што са мной адбываецца, але саступаць не намераны і пакуль змагаюся».
Пры той колькасьці законаў, якія працуюць у нашай краіне, аказваецца, што ніводны зь іх не працуе на грамадзяніна Беларусі

Ларыса Шкурко: «Такой прававой сваволі я ніколі не сустракала. Разумею гэтак, што наша сыстэма настолькі прарасла сваяцкімі сувязямі! Куды не зьвярніся, паўсюль, ад самога верху да нізу ўсе адзін аднаму сваякі і гэтак спрабуюць адзін аднаго ўратаваць. Пры той колькасьці законаў, якія працуюць у нашай краіне, аказваецца, што ніводны зь іх не працуе на грамадзяніна Беларусі. Усе законы выдаюцца толькі для тых, хто над намі».

Кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Плятформа» Андрэй Бандарэнка: «Паводле нашых зьвестак, Багдан Шкурко — студэнт, ён вучыцца ў Менску. Ягоны брат Іван працуе мэнэджэрам ў адной зь фірмаў у Лідзе. Іх маці ведаюць у горадзе, гэта інтэлігентная сям’я. На маю думку, гэтая гісторыя ня з тых, калі хлопцы з дрэннай сям’і і пра іх кажуць, што яны самі ва ўсім вінаватыя. Але самае галоўнае нават ня гэта. Нават калі б яны заслужылі, каб іх выправадзілі з таго дыскабару, гэта ніяк не апраўдвае далейшыя дзеяньні міліцыянтаў, якія ў той час прадстаўлялі ўладу ўсёй краіны. Я кажу пра трох міліцыянтаў, якія далей пачалі з асаблівым нахабствам зьдзеквацца з Івана. Але, мяркую, што, як і ў гісторыі з Васілём Сарочыкам, улада зноў паспрабуе не прызнаваць віну міліцыянтаў».


20 лютага Ларыса Шкурко атрымала ліст ад старшага сьледчага Лідзкага аддзелу Сьледчага камітэту Юрыя Луня, які паведаміў, што ёй адмоўлена ў завядзеньні крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў міліцыі «з прычыны адсутнасьці ў іх дзеяньнях складу злачынства». Такую ж адмову на сваю заяву атрымаў і яе сын Іван Шкурко.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG