Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Праўда пра яйкі, каву, лячэньне голадам і сьвінцовую памаду


Публікацыя на сайце www.health.com прысьвечаная разьвянчаньню 9 мітаў пра здароўе.

Піце 8 шклянак вады штодня

У 1945 г. амэрыканская Рада прадуктаў і харчаваньня параіла людзям піць штодня восем шклянак вады незалежна ад таго, што яны яшчэ ядуць і п’юць.

Праўда: вада гэта цудоўна, але сок, чай, малако, садавіна і гародніна таксама дапамагаюць утрымліваць ваш арганізм дастаткова гідратаваным. Нават кава, нягледзячы на рэпутацыю гэтага напою як мачагоннага, залічваецца ў пітво.




З-за стрэсу сівеюць

Дарожныя коркі, разьбітая бутэлька, набліжэньне адказнага тэрміну... Шмат хто верыць, што з-за стрэсу можна пасівець.

Праўда: зашмат стрэсу адбіваецца на нашым «унутраным » і «зьнешнім» узросьце. Так лічыць Нэнсі Снайдэрмэн, галоўны мэдычны рэдактар NBC News і аўтарка кнігі «Мэдычныя міты, што могуць забіць вас». Перажываньне павышае колькасьць вольных радыкалаў у арганізме, малекулаў, якія атакуюць здаровыя клеткі, ідзе выкід гармонаў стрэсу. Аднак пакуль няма навуковых доказаў, што дрэнны дзень скончыцца для вас сівымі скронямі.




Чытаньне пры дрэнным сьвятле зьнішчае вочы

Гэта пастаяннае сьцьверджаньне мамаў па ўсім сьвеце.

Праўда: Чытаньне пры цьмяным сьвятле можа вашы вочы напружыць, тлумачыць ужо згаданая Снайдэрмэн. Гэтая звычка можа прынесьці вам галаўны боль, вочы будуць сухімі, бачнасьць размытай. Пастаяннае ўгляданьне можа ўрэшце пазначыць куткі вачэй «гусінымі лапкамі». Галоўнае ж, паводле амэрыканскіх спэцыялістаў даваць вачам дастаткова начнога адпачынку, каб бачыць сьвет ізноў цудоўным.




Піць каву шкодна

Прынамсі 108 мільёнаў амэрыканцаў прагнуць выпіць кавы кожную раніцу. Можа гэта быць шкодна?

Праўда: зашмат кавы можа вас крыху растрэсьці, аднак ваша штодзённая звычка мае шмат пазытыўных момантаў. Як нагадвае дыетоляг Стэйсі Бісан, кава — гэта натуральны расьлінны прадукт, які мае карысныя фітахімічныя элемэнты, што працуюць як антыаксыданты. Пры тым што кава дадае нам шмат энэргіі, яна ня мае ўплыву на ўзьнікненьне сардэчных хваробаў.




«Кармі прастуду, мары голадам тэмпэратуру»

Яшчэ ў казках, старэйшых за паўтысячы гадоў, старыя жанчыны раілі пасьціцца пры тэмпэратуры.

Праўда: прастуды, грып, ліхаманка выклікаюцца вірусамі і, як правіла, арганізм спраўляецца зь імі на працягу 7 — 10 дзён, незалежна ад таго, што вы робіце. Доктарка Рэчэл Урымэн з мэдыцынскага ўнівэрсытэту ў Індыянапалісе нагадвае, што пры такіх захворваньнях і пры малым апэтыце трэба памятаць перш за ўсё пра патрэбу вадкасьці. Дастатковая колькасьць вадкасьці неабходная, каб ачысьціць вашы лёгкія і нос.




Сьвежае заўсёды лепшае, чым замарожанае

Замарожаным прадуктам традыцыйна адводзіцца месца «другога гатунку».

Праўда: замарожаная гародніна можа быць гэтаксама добрай, як і сьвежая, калі яна была сабраная ў часе найлепшай сьпеласьці і хутка апрацаваная. Хуткая замарозка захоўвае ўсе пажыўныя рэчывы.




Яйкі павышаюць халестэрол

У 60-я і 70-я гады навукоўцы патлумачылі хваробы сэрца узроўнем халестэролу ў крыві , а той зьвязвалі ў прыватнасьці з ужываньнем яек.

Праўда: навейшыя дасьледаваньні паказваюць, што на рызыку сардэчных хваробаў перадусім уплываюць так званыя насычаныя і транс-тлушчы ў рацыёне. Адно яйка прынясе вам 213 міліграмаў халестэролу пры тым, што Амэрыканская асацыяцыя сэрца рэкамэндуе абмежавацца 300 міліграмамі на дзень. Доктар- дыетоляг Бісан нагадвае, што яйкі з’яўляюцца крыніцай недарагога бялку, вітамінаў А і D.




Замерзнеце і прастудзіцеся

Яшчэ адна легенда нашых мамаў.

Праўда: Мама памыляецца. Ахаладжэньне ня шкодзіць вашаму імунітэту да таго моманту, пакуль вы не прамарожаныя настолькі, што разбураюцца абаронныя сілы арганізму. Гэты стан навукова называюць гіпатэрміяй. Прычына, чаму людзі больш прастуджаюцца зімой зьвязаная з тым, што ў гэты час яны больш знаходзяцца ў закрытых памяшканьнях, дзе прасьцей падхапіць вірус.




З-за памады можна захварэць

У 2007 годзе група экалягічных актывістаў, што вялі кампанію за бясьпечную касмэтыку, зрабілі аналіз 33 розных памадаў. І хоць норма сьвінцу ў памадах не абмежаваная, тэст выявіў, што траціна зь іх утрымлівае больш сьвінцу, чым дазволена ў цукерках.

Праўда: свінец у сапраўднасьці прысутнічае амаль паўсюдна, кажа Майкл Тун з амэрыканскага таварыства дасьледаваньняў раку. Рызыка атрымаць яго з памады вельмі малая. Больш небясьпечнымі могуць быць, напрыклад, трубы або фарба ў старых будынках.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG