Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У зьдзяйсьненьні выбуху каля будынка ўпраўленьня КДБ Беларусі па Віцебскай вобласьці абвінавачваецца жанчына, раней судзімая за пашкоджаньне маёмасьці, хуліганства і крадзяжы.

Пра гэта паведамілі журналістам начальнік упраўленьня Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці Ўладзімер Шалухін і начальнік упраўленьня ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму Ігар Яўсееў.

Яны заявілі, што крымінальная справа, пачатая па факце выбуху каля віцебскага КДБ, раскрытая. Гэта былі хуліганскія дзеяньні з выкарыстаньнем самаробнага выбуховага прыстасаваньня, перадае БЕЛТА.

Жыхарка Віцебску 1970 году нараджэньня ўзятая пад варту. На допыце яна ад паказаньняў адмовілася, адзначыў Уладзімер Шалухін.

Пры ператрусе ў жанчыны знайшлі сшытак з запісамі ад рукі пра выбуховыя рэчывы і іх суадносіны, спосабы вырабу выбуховых сумесяў і з уклеенымі газэтнымі выразкамі пра розныя выбухі, у тым ліку каля віцебскага КДБ. Таксама ў абвінавачанай знайшлі некалькі самаробных выбуховых прыладаў, запакаваных у бляшанкі з-пад энэргетычнага напою і піва, каля ста пэтардаў, у тым ліку разукамплектаваных, пнэўматычны пісталет, палімэрныя слоікі, клейкую стужку, розныя сыпкія рэчывы, у тым ліку салетру. Гэтыя ды іншыя прадметы аднародныя з тымі, што знайшлі пры аглядзе месца выбуху.


У выніку выбуху ўвечары 11 лістапада мінулага году разьбілася некалькі шыбаў, ніхто не пацярпеў. Завялі крымінальную справу, затрымалі трох падазраваных. Потым зьявілася інфармацыя, што было затрымана каля 60-ці чалавек. Большасьць зь іх адпусьцілі той самай ноччу, трое заставаліся пад вартай да 14 лістапада. Потым застаўся адзін падазраваны, якога таксама ўрэшце адпусьцілі. Сьледчы камітэт паведаміў журналістам, што па справе выбуху ля будынка КДБ няма ні затрыманых, ні падазраваных.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG