Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куба хоча абмяняць грамадзяніна ЗША на сваіх шпіёнаў


Дэлегацыя Кангрэсу ЗША, у якую ўваходзяць пяць сэнатараў і два кангрэсмэна, абмеркавала ў аўторак зь міністрам замежных спраў Кубы Бруна Радрыгесам двухбаковыя адносіны і лёс амэрыканскага грамадзяніна Алана Гроса.

Куба гатовая весьці з ЗША перамовы пра лёс 63-гадовага Гроса, асуджанага на 15 гадоў турмы. Аднак Гавана зьвязвае вырашэньне гэтага пытаньня з вызваленьнем пяці кубінскіх нелегальных агентаў, якія атрымалі працяглыя тэрміны зьняволеньня ў Флярыдзе.

Кіраўнік дэлегацыі сенатар-дэмакрат з Вэрмонту Патрык Ліхі заявіў: абодва бакі «прадэманстравалі жаданьне разьвіваць дыялёг». Да ад’езду сэнатары і кангрэсмэны спадзяюцца наведаць у турме Гроса і пагутарыць з кіраўніком Кубы Раулем Кастра.

Гроса арыштавалі ў сьнежні 2009 года. Паводле абвінавачваньня ён займаўся «нелегальнымі пастаўкамі спадарожнікавага камунікацыйнага абсталяваньня для варожых груповак». ЗША сьцьвярджаюць, што Грос дапамагаў прадстаўнікам габрэйскай супольнасьці Кубы падлучыцца да інтэрнэту.

Кубінскія выведнікі Херарда Эрнандэс, Рамон Лабаньіна, Рэнэ Гансалес, Антоніо Герэра і Фэрнанда Гансалес былі ўкаранёныя ў 1992 годзе ў антыкастраўскія арганізацыі ў Фларыдзе.

Праз шэсьць гадоў ЗША выкрылі гэтых шпіёнаў. Адзін зь іх атрымаў пажыцьцёвае зьняволеньне, іншыя — па 15 гадоў турмы, перадае Расейскае інфармацыйнае агенцтва «Новости».

Два тыдні таму ўрад Кубы заявіў, што гатовы супрацоўнічаць зь цяперашняй адміністрацыяй ЗША для нармалізацыі двухбаковых сувязяў. Раней прэзыдэнт ЗША Барак Абама ў інтэрвію гішпанамоўнаму тэлеканалу заявіў пра тое, што ў амерыкана-кубінскіх адносінах у наступныя 4 гады будуць дасягнуты станоўчыя зрухі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG