Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мышкавічах разьвіталіся з Васілём Старавойтавым


У вёсцы Мышкавічы Кіраўскага раёну Магілёўскай вобласьці пахавалі былога палітвязьня, былога старшыню калгаса «Рассвет», двойчы герой працы Васіля Старавойтава.

Ушанаваць памяць двойчы героя працы і аднаго зь першых палітвязьняў Васіля Старавойтава, які памёр на 89-м годзе жыцьця, у вёсцы Мышкавічы Кіраўскага раёну сёньня прыйшлі каля тысячы аднавяскоўцаў, родныя і сябры, прадстаўнікі абласных і раённых уладаў, а таксама актывісты апазыцыі зь Менску і Магілёва.

Сярод дзясяткаў вянкоў і букетаў былому кіраўніку славутага калгасу «Рассвет» Васілю Старавойтаву не было кветак ад іншага былога кіраўніка гаспадаркі з Магілёўшчыны — Аляксандра Лукашэнкі. Былі вянкі ад Магілёўскага аблвыканкаму і Кіраўскага райвыканкаму, якія ўзялі на сябе арганізацыю пахаваньня.

У ганаровай варце пастаяў старшыня Кіраўскага райвыканкаму Ўладзімер Піскіжаў, цяперашні старшыня СВК «Рассвет» Аляксандар Багель, з Бабруйску прыбыў узвод вайскоўцаў.

Васіль Шлындзікаў, адзін зь лідэраў АГП, сябрам якой быў Старавойтаў, хацеў выступіць на жалобным мітынгу, але намесьніца старшыні Кіраўскага райвыканкаму Вольга Гаршкова адмовіла, спаслаўшыся на тое, што сцэнар быў складзены загадзя і месца для новых выступоўцаў у ім няма.

Урэшце на мітынгу ля сьвежай магілы па паперцы выступілі прадстаўнікі абласных і раённых уладаў, якія казалі пра заслугі Васіля Старавойтава ў сельскай гаспадарцы, ягоны ўдзел у партызанскім руху. Пра тое, што ён быў апанэнтам Аляксандра Лукашэнкі, што быў засуджаны і стаў палітвязьнем, нічога не сказалі.

Але аднавяскоўцы Старавойтава добра памятаюць пра гэта. Яны згадваюць і скандальны суд 1997 году, і канфіскацыю маёмасьці свайго былога старшыні:

«Ён сеў ні за што. За што яго было садзіць? Ён пацярпеў. Можа, каб ня гэтая турма, пражыў бы да ста гадоў».
Можа, каб ня гэтая турма, пражыў бы да ста гадоў

«Яго засудзілі за нішто, і ўсё гэта паўплывала на яго і здароўе, і працу».

«Ён апярэдзіў час, ён быў ня згодны з тым, што ў нас цяпер творыцца».

Разьвітаньне з Васілём Старавойтавым адбылося ў Палацы культуры, збудаваным за часоў ягонага кіраўніцтва «Рассветам». Адпявалі яго ў капліцы, таксама збудаванай зь ягонай ініцыятывы. Вяскоўцы выказваюць занепакоенасьць, што іншая, гаспадарчая, спадчына Старавойтава зьнікае. З 48 гаспадарчых аб’ектаў, якія дзейнічалі ў лепшыя часы, працуе хіба што толькі цяпліца.

Сусед Старавойтава Васіль Халалеенка: «Тое, што адбылося з гэтай гаспадаркай, — гэта жах. Тут столькі народу працавала, каля 2000 чалавек, а цяпер — 800… Сьвінафэрму разбамбілі, каўбасны цэх, піўзавод пустуе адразу за канторай, ды столькі вытворчасьцяў было…»

Сам спадар Халалеенка ня можа цяпер знайсьці працы ў «Рассвеце». Вымушаны езьдзіць на заробкі ў Расею, як і многія ягоныя аднавяскоўцы.

Цяперашні старшыня СВК «Рассвет» Аляксандар Багель называе Старавойтава легендай. Ён прызнае, што фінансавы стан гаспадаркі складаны:

«Але гэта не крытычна, таму ўсё гэта будзе адноўлена. Каб працягваць ягоную памяць, трэба, каб усё працавала, каб усё было адноўлена. У гэтым кірунку мы і рухаемся».

Прадстаўнік АГП Васіль Шлындзікаў, якому не далі выступіць на жалобным мітынгу, зазначыў «Свабодзе», што Старавойтаў знайшоў шлях пераўтварэньняў у вёсцы, стварыў сыстэму ўласьнікаў сярод калгасьнікаў, якія шчыра працавалі на сябе:

«А тое, што адбылося потым, — гэта такі паварот у лёсе нашага народу, адкат назад. І ўсе гэтыя парасткі новага, якія толькі пачалі прабівацца, яны былі проста вытаптаныя. У выніку расьсьветаўцы, якія — не пабаюся сказаць, што многія зь іх здрадзілі Старавойтаву, — цяпер зразумелі, што адбылося».

Васіль Шлындзікаў перакананы, што рана ці позна спадчына рэфарматара сельскай гаспадаркі Беларусі Васіля Старавойтава спатрэбіцца і будзе адноўленая.


Онлайн-рэпартаж з пахаваньня Васіля Старавойтава


14:50 Прадстаўнікам АГП не далі слова на пахаваньні Старавойтава

У аграгарадку Мышкавічы Кіраўскага раёна разьвіталіся з былым старшынём калгаса, двойчы Героем працы Васілём Старавойтавым. Пахаваньне было арганізавана мясцовымі ўладамі.

На жалобным мітынгу на могілках выступілі намесьнік старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Валеры Малашка, старшыня кіраўскага райвыканкама Уладзімер Піскіжаў і цяперашні старшыня калгаса «Рассвет» Аляксандар Багель.

Падчас мітынгу шмат гаварылася пра заслугі Васіля Старавойтава, пра ягоны ўдзел у партызанскім руху, пра ягоны ўдзел у разьвіцьці сельскай гаспадаркі Беларусі, але ні словам ня быў згаданы час, калі Старавойтаў быў першым палітычным вязьнем Аляксандра Лукашэнкі, калі яго судзілі і два гады ён знаходзіўся ў зьняволеньні.

Прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі зь Менска і Магілёва, якія прыбылі на пахаваньне Васіля Старавойтава, зьвярнуліся да сябра аргкамітэту па пахаваньні Старавойтава, намесьніцы старшыні кіраўскага раённага выканаўчанага камітэту Вольгі Гаршковай з просьбай, каб ім далі слова ля магілы нябожчыка.

Вольга Гаршкова адмовіла ім, спаслаўшыся на тое, што аргкамітэт усё загадзя расплянаваў, і часу на іх выступ няма, адзначыўшы, што яны будуць мець магчымасьць выступіць на памінках.

На вуліцы вёскі выйшлі каля тысячы жыхароў, каб праводзіць свайго знакамітага старшыню.


13:10 Пахавальная працэсія рушыць на могілкі.





12:14 Пасьля старшыні Кіраўскага райвыканкаму Ўладзімера Піскіжава ў ганаровую варту да труны Старавойтава сталі апазыцыйныя актывісты: Васіль Шлындзікаў, Людміла Гразнова, Ганна Красуліна; праваабаронца Гары Паганяйла, былы дэпутат ПП НС Валеры Фралоў.

11:40 Вянкі і бел-чырвона-белыя букеты ўсклалі Людміла Гразнова, Васіль Шлындзікаў ды іншыя актывісты апазыцыі, якія прыехалі зь Менску і Магілёву.

10:20 А дзясятай гадзіне пачалася грамадзянская паніхіда ў будынку Дому культуры аграгарадка Мышкавічы па Васілю Старавойтаву.

Насупраць фасада сельсавета спушчаныя дзяржаўныя чырвона-зялёныя сьцягі з чорнымі стужкамі на знак жалобы. На пахаваньне Старавойтава быў накіраваны ўзвод салдат, якія несьлі труну і вечка, а таксама рота ганаровай варты з аўтаматамі, якія стаяць каля труны ў актавай залі Дому культуры.

Да труны несьлі дзясяткі вянкоў і кветак аднавяскоўцы, а таксама прадстаўнікі мясцовых уладаў, у прыватнасьці – старшыня райвыканкаму, ягоныя намесьнікі, старшыня калгасу "Рассьвет" і ягоныя намесьнікі, кіраўніцтва сельскага савету.

Паводле пляну, спачатку, цягам трох гадзінаў, адбудзецца грамадзянская паніхіда, потым адпяваньне з удзелам сьвятара ў гэтым жа будынку, разьвітаньне адбудзецца ўжо на могілках каля другой гадзіны дня.

Пакуль нікога з прадстаўнікоў Аб'яднанай грамадзянскай партыі, сябрам якой быў Васіль Старавойтаў, няма, таксама як і іншых прадстаўнікоў апазыцыі. Каля труны нябожчыка ягоная жонка, іншыя блізкія і аднавяскоўцы.

Над труной — дзяржаўны чырвона-зялёны сьцяг.

Вянка ад Аляксандра Лукашэнкі няма.





Былы старшыня калгаса «Рассвет», двойчы герой працы, які не вітаў прыход да ўлады Аляксандра Лукашэнкі і стаў адным зь першых ягоных паітвязьняў, памёр на 89-м годзе жыцьця.

Даведка Свабоды:


Нарадзіўся 13 чэрвеня 1924 году ў вёсцы Барок Бялыніцкага раёну Магілёўскай вобласьці.

Удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне.

У 1957–1968 гадах працаваў дырэктарам саўгасу «Раднянскі» Клімавіцкага раёну.

У 1968–1997 гадах — старшыня калгасу «Рассвет» імя Кірылы Арлоўскага.

Выступаў з крытыкай Аляксандра Лукашэнкі, не падтрымаў яго кандыдатуру на выбарах.

У кастрычніку 1997 году быў адхілены ад працы і арыштаваны. Абвінавачваўся ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў, эканамічных злачынствах і хабары.

Правёў за кратамі амаль паўтара года.

У СІЗА перанёс два сардэчныя прыступы, мікраінсульт, пасьля якога ня мог гаварыць, практычна страціў зрок.

У 1999 годзе быў асуджаны на два гады пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі строгага рэжыму і канфіскацыяй маёмасьці.

Быў сябрам АГП.

Жыў у вёсцы Мышкавічы Магілёўскай вобласьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG