Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Што рабіць з тэрарыстамі ў сацсетках


Прэсавы сакратар групоўкі Аль-Шабааб, Шэйх Алі Мухамуд Раджы (архіўнае фота).

Прэсавы сакратар групоўкі Аль-Шабааб, Шэйх Алі Мухамуд Раджы (архіўнае фота).

Тэрарыстычныя арганізацыі, спрабуючы атрымаць уплыў на шырокую аўдыторыю, усё больш выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасьці сацыяльныя сеткі — такія як Facebook і Twitter.

Адпаведна, урады розных краінаў усё часьцей зьвяртаюцца да ўладальнікаў сацыяльных сетак з патрабаваньнем заблякаваць інфармацыю ад тэрарыстычных груповак. У сваю чаргу інтэрнэт-актывісты заклікаюць зрабіць правілы ў гэтай сфэры больш яснымі і празрыстымі.

У канцы студзеня Twitter спыніў рахунак базаванай ў Самалі тэрарыстычнай групоўкі Аль-Шабааб пасьля таго, як там зьявілася відэа з пагрозай забіць двух кенійскіх закладнікаў, калі ўрад Кеніі ня выканае патрабаваньні тэрарыстаў.

Прадстаўнікі Twitter не тлумачылі сваіх дзеяньняў, але экспэрты ў сфэры сацыяльных мэдыяў сыходзяць з таго, што прадстаўнікі Аль-Шабааб парушылі ўмовы карыстаньня Twitter, якія забараняюць наўпроставыя пагрозы гвалту.

Арон Зэлін з Вашынгтонскага Інстытуту Блізкаўсходняй палітыкі нядаўна апублікаваў дасьледаваньне аб выкарыстаньні сацыяльных сетак джыхадысцкімі групоўкамі. Ён тлумачыць, што адбываецца, калі нейкі рахунак у сацыяльнай сетцы зьнішчаецца: «Большасьць з гэтых групаў папросту створаць новы рахунак. Атрымоўваецца сытуацыя як у гульні «лясьні крата» — нехта сыдзе з інтэрнэту, а потым створыць новы рахунак, пабудзе онлайн, потым яго зноўку прыбяруць і гэтак далей, такая вось гульня, як «кошкі-мышкі».

Менавіта гэта адбылося ў мінулым сьнежні ў Пакістане, калі Facebook спыніў рахунак мэдыйнай службы Талібану — «Умар Мэдыі». Гэтая старонка парушала правіла аб забароне прапаганды тэрарызму. Праз два тыдні пасьля яе закрыцьця ў Facebook зьявілася іншая фан-старонка «Умар Мэдыяў», хоць нельга з дакладнасьцю сказаць, ці яе робяць тыя ж людзі.

Дасьледчыца з амэрыканскай фундацыі New America Рэбэка МакКінан, экспэрт па інтэрнэт-цэнзуры, тлумачыць, што ў дадатак да агульных правілаў карыстаньня сацыяльныя сеткі таксама падпарадкоўваюцца законам тых краінаў, у якіх яны даступныя. Напрыклад, Twitter, дзейнічае ў залежнасьці ад канкрэтнай краіны ў тым, што тычыцца ўрадавых патрабаваньняў: «Можна толькі спадзявацца, што яны рэагуюць на юрыдычна абавязковыя патрабаваньні. То бок, калі урад робіць юрыдычна абавязковы загад і дае ясна зразумець, што нейкае зьмесьціва пярэчыць закону, тады сацыяльная сетка абавязаная гэта зьнішчыць ці заблякаваць».

Міжнародная арганізацыя інтэрнэт-актывістаў Electronic Frontier Foundation паведамляе, што ўрад ЗША ўсё часьцей зьвяртаецца да Twitter з запытамі аб спыненьні рахункаў меркаваных тэрарыстычных груповак. Паводле МакКінан, «Facebook менш празрысты ў тым, як ён рэагуе на ўрадавыя запыты, і ў тым, якія запыты ён атрымоўвае да ўрадаў, таму пра гэта цяжка судзіць».

Пры гэтым экспэрты адзначаюць, што ўвагу фільтравальных сыстэмаў найперш прыцягваюць матэрыялы на ангельскай мове. А гэта значыць, што старонкі на іншых мовах часам могуць існаваць па-за ўрадавай ўвагай. Зэлін кажа, што старонкі Аль-Шабааб на арабскай і самалійскай мове ніколі не закрываліся, хоць іх зьмест быў прыблізна такі ж, як у англамоўнай старонкі.
XS
SM
MD
LG