Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Службоўцы імкнуцца атрымаць «карту паляка» так, каб ніхто ня ведаў


На Гарадзеншчыне колькасьць ахвотных атрымаць «карту паляка» — дакумэнт, які дае этнічным палякам пэўныя ільготы пры наведваньні Польшчы, навучаньні і працы ў гэтай краіне — апошнім часам павялічваецца.

Падаюць дакумэнты на атрыманьне «карты» і службоўцы, нягледзячы на загад уладаў здаць гэтыя карты ў аддзелы кадраў па месцы працы да тае пары, пакуль яны знаходзяцца на дзяржаўнай службе.

Паводле інфармацыі, якую распаўсюдзіла МЗС Польшчы, з 2008 году ў Беларусі атрымалі «карту паляка» 43 тысячы чалавек. Старшыня непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі Мечыслаў Яськевіч кажа, што на самым пачатку «карту паляка» імкнуліся атрымаць людзі старэйшага веку, якія нарадзіліся ў 30-я гады, калі Гарадзеншчына ўваходзіла ў склад Польшчы.

Цяпер сытуацыя зьмянілася, і сярод тых, хто падае дакумэнты на атрыманьне «карты», — пераважна маладыя людзі. Выкладчыца польскай мовы на курсах, створаных пры СПБ для тых, хто падае дакумэнты на атрыманьне «карты паляка», Алена Дубоўская распавядае:

Дубоўская: «На цяперашні момант больш за дзьвесьце чалавек вывучае ў нас польскую мову. Ахвотных шмат, бо людзі імкнуцца знаходзіць свае карані, а таксама аднавіць веды ў польскай мове».

Хоць улады забараняюць беларускім службоўцам карыстацца «картай паляка», пакуль тыя на дзяржаўнай службе, многія ўсё ж і цяпер падаюць дакумэнты на атрыманьне «карты». Праўда, пры гэтым просяць, каб іхнія асабістыя дадзеныя ня трапілі да ўладаў. Кажа Мечыслаў Яськевіч:

Яськевіч: «Вядома, у людзей ёсьць апасеньні, яны імкнуцца, каб пра гэта ніхто ня ведаў, не афішуюць гэтага. Мы, у сваю чаргу, імкнёмся ісьці людзям насустрач».

Віцэ-старшыня СПБ Рэната Дземянчук распавядае, што і цяпер вядомыя факты, калі ад службоўцаў патрабуюць здаць «карту паляка». Кажа, што ёсьць такія, хто ад яе адмовіўся, а некаторыя, нягледзячы на пагрозы, нікому яе не здавалі.

Дземянчук: «Некаторыя службоўцы кажуць, што выйдзем на пэнсію — тады і атрымаем „карту“, каб ня мець ніякіх непрыемнасьцяў. Бо начальства калі даведваецца, што ёсьць „карта паляка“, патрабуе яе здаць у аддзел кадраў альбо звольніцца. Ну, і людзі вымушаныя прыняць альбо адзін, альбо другі бок».

Мечыслаў Яськевіч дадае, што многае залежыць ад таго, як на месцы вышэйшае начальства ставіцца да забароны карыстацца картай паляка. Бо некаторыя адмаўляюцца вяртаць «карту» і працягваюць працаваць.

Яськевіч: «Да прыкладу, афіцэру МНС таксама сказалі здаць „карту“, але ён адмовіўся. Яму сказалі, што звольняць з працы, а ён адказаў, што гэтым самым парушаць кантракт, які падпісаны зь ім на 5 гадоў. Нядаўна яго бачыў у форме МНС, надалей працуе».

Яськевіч кажа, што хоць улады і забараняюць службоўцам мець «карту паляка», апошнім часам назіраюцца і зьмены ў лібэральным кірунку. У прыватнасьці, стала лягчэй атрымліваць даведкі з архіваў.

Яськевіч: «Раней людзі ішлі ў архіў, але ім не давалі даведак, якія б пацьвердзілі іх этнічнае паходжаньне. Людзі казалі, што існаваў вусны загад на гэта. Але цяпер справа зьмянілася, пачалі такія даведкі выдаваць. Ня ведаю, што здарылася, але факт застаецца фактам».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG