Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Мова ці кава» ў асяродку талерантнасьці


Празь месяц пасьля пачатку працы адукацыйных курсаў «Мова ці кава» ў Маскве аналягічны моўны праект стартаваў у Менску.

Імпрэза выклікала цікавасьць — на першы занятак сабралася больш за 100 чалавек. Уражаньнямі пра дэбют падзялілася карэспандэнтка Першага расейскага каналу Кацярына Кібальчыч — ініцыятарка беларусізацыі празь нефармальныя дачыненьні за кубкам кавы.

Пад загадзя анансаванае мерапрыемства з шэрагу тэхнічных акалічнасьцяў у апошні момант давялося шукаць альтэрнатыўную пляцоўку. Але Кацярына Кібальчыч усьцешаная, што на колькасьці ахвотных размаўляць па-беларуску гэта не адбілася:

— Я разьлічвала, што будзе шмат народу, бо калі цягам тыдня на курсы запісалася каля 60 чалавек, то ў апошні дзень — яшчэ чалавек 30. Прычым з пазнакай «я + 1». Таму яшчэ перад заняткамі мы ведалі, што прыйдзе блізу 100 чалавек. То бок мы былі да гэтага гатовыя. Усе практыкаваньні былі разьлічаныя на тое, каб людзі магі займацца ў вялікай групе і кожны мог крыху пагаварыць ужо на першым занятку. Я думаю, што ў далейшым людзей будзе прыходзіць меней, але другі, трэці занятак мы будзем плянаваць, зыходзячы ўсё ж зь вялікай аўдыторыі.

— Што можна сказаць пра склад удзельнікаў? Гэта людзі, якія сапраўды дрэнна валодаюць мовай — ці, наадварот, добра, але хацелі б яе яшчэ больш удасканаліць?

— Гэтаксама, як і ў Маскве — людзі вельмі розныя. Прыйшлі і беларускамоўныя, якія добра ведаюць, і людзі, якія гавораць нават не на трасянцы, а проста па-расейску зь некаторымі беларускімі словамі. Але мы прынялі статут, за які ўсе прысутныя прагаласавалі. Зацьвердзілі першае правіла, якое кажа: усе размаўляюць толькі на беларускай мове, нават калі яны яе вельмі дрэнна ведаюць. Дарэчы, адна жанчына прызналася, што ўвогуле першы раз у жыцьці гаворыць па-беларуску, хоць усё жыцьцё пражыла ў Беларусі. Людзі абсалютна розныя: нехта ўсёй сям’ёй прыходзіць, былі пэнсіянэры з маленькім хлопчыкам, прыйшла дачка з маці.

— Што людзей увогуле цягне вывучаць беларускую мову? І перадусім тых, хто ніколі ў жыцьці ёй нават не карыстаўся?

— Іншая жанчына сказала, што сама яна дрэнна ведае беларускую мову, але яе дзеці выхоўваюць унукаў па-беларуску. І бабуля зь імі ня можа размаўляць, бо дзеткі беларускамоўныя. Асабіста ў яе такі вось матыў. Шмат патрыятычных слоў было сказана: маўляў, мы беларусы, сорамна, што ня ведаем роднай мовы. Бадай, гэта самая распаўсюджаная матывацыя — людзі проста хочуць сябе адчуваць беларусамі. Яны, можа, і раней хацелі б гаварыць на беларускай мове, але ў іх проста не было такой магчымасьці — яны існуюць у расейскамоўным асяродзьдзі.

— Якое самае істотнае адрозьненьне моўных курсаў у Менску і Маскве? Можна правесьці нейкую мяжу?

— Насамрэч аўдыторыі падобныя. Тое, што прыйшлі людзі, у якіх моўны ўзровень «зэро» — дык гэта як у Маскве, так і ў Менску. Прыйшла японка, напрыклад. Вядома, што ва ўнівэрсытэце яна вучыць і расейскую, і беларускую, але практычна не размаўляе. У Маскве таксама ёсьць расейцы, якія прыйшлі ў лепшым выпадку зь мінімальным узроўнем ведаў пра беларускую мову. Таму і ў Маскве, і ў Менску досыць блізкая паводле складу і аўдыторыя, і матывацыя. Нават тое, як нашы «навучэнцы» выглядаюць: і тут, і там — гэта інтэлігентныя людзі, самага рознага веку. Бадай, найбольшая адметнасьць у тым, што ў Менску было шмат журналістаў. Прычым прыйшлі яны не як журналісты, а як студэнты. Гэта клясна, бо журналісты пішуць для масаў. І калі мы будзем вучыць у тым ліку журналістаў, якія будуць практыкаваць, то гэта мае нашмат большы сэнс, чым проста навучаньне людзей, якія потым гэтай мовай, можа, увогуле ня будуць карыстацца. А журналістам гэта ў любым выпадку спатрэбіцца.

— Кацярына, колькі слоў пра выкладчыкаў...

— О, выкладчыкі ў нас цудоўныя! Я глядзела, маўчала ўвесь занятак, у працы ня ўдзельнічала. У Маскве часам магу нешта дадаць, але тут і так былі тры чалавекі. Васіль Дранько-Майсюк прыехаў адмыслова з Масквы, каб, адкрыўшы курсы, перадаць эстафэту Менску. Глеб Лабадзенка — журналіст, блогер, а цяпер і пісьменьнік, бо выпусьціў кніжку пра беларускую мову для дзетак. Алеся Літвіноўская — філёляг, у якой ёсьць досьвед выкладаньня беларускай мовы дарослым людзям, выкладала замежнікам. Увогуле Глеб празваў Алесю «нашай вікіпэдыяй». І сапраўды: гэты чалавек ведае беларускую мову настолькі глыбока, настолькі грунтоўна, але пры гэтым яна надзвычай лёгкая. Яна можа рабіць нейкія імправізацыі, расказвае розныя байкі, у яе выдатнае пачуцьцё гумару. Глеб — прыроджаны вядоўца, у яго талент, каб выкладаць перад вялікай аўдыторыяй. І калі яны ўбачылі такую вялікую аўдыторыю, то не разгубіліся. Быў вельмі добры двухбаковы кантакт. Гэта выглядала, разумееце, як добра пастаўленае ток-шоў.

— Якія яшчэ статутныя мэты курсаў «Мова ці кава»?

— Як я ўжо казала, найперш тое, што мы гаворым толькі на беларускай мове, нават калі мы яе ня ведаем. Тое, што мы талерантна ставімся да людзей, якія дрэнна валодаюць беларускай: беларускамоўныя не сьмяюцца з расейскамоўных і трасянкамоўных, і наадварот. То бок не павінна быць ніякіх абразаў, а павінна быць атмасфэра талерантнасьці. Таксама талерантнасьць да людзей розных палітычных поглядаў. Людзі стаміліся ад палітыкі, яны проста прыходзяць, каб вучыць мову, каб атрымліваць пэўныя веды і спаткаць сяброў. Скажам так, не на палітычнай глебе аб’яднацца. Наша правіла: клюб «Мова ці кава» — гэта клюб па-за палітыкай, і людзі з гэтым пагадзіліся. Было бачна, што шмат людзей прыйшлі менавіта таму, што курсы арганізавалі людзі, якія не зьвязаныя зь нейкім палітычным рухам, з апазыцыяй, таму што людзі ад гэтага таксама стаміліся, яны ня хочуць, каб іх уцягвалі ў нейкую палітычную барацьбу ці штосьці кшталту таго. Шмат людзей прыйшло ў тым ліку і таму, што зразумелі: гэта — асьветніцкі праект, а не палітычны.

Кацярына Кібальчыч нарадзілася 21 верасьня 1982 году ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі Белдзяржунівэрсытэту. Першы журналісцкі досьвед атрымала ў тыднёвіку «Свободные новости», ад 2002 году — у праграме навінаў тэлеканалу АНТ. У 2003-м пераехала ў Маскву, дзе спачатку супрацоўнічала з Трэцім каналам як карэспандэнтка праграмы «Галоўная тэма», а з 2005 году — журналістка Першага расейскага каналу.

Кацярына — ляўрэат прэміі «Залатое пяро Расеі-2010» у намінацыі «Спэцыяльны карэспандэнт». Уганараваная за сэрыю рэпартажаў на Першым расейскім канале з «гарачай кропкі», якой у сьнежні 2010 году стала яе радзіма — Беларусь. Яна ж — рэжысэрка неаднаразова адзначанага на міжнародных фэстывалях дакумэнтальнага фільму «Беларуская мара», прысьвечанага выжываньню ва ўмовах дыктатуры.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG