Лінкі ўнівэрсальнага доступу

19 лютага ў Шклове пахавалі сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), журналіста Аляксандра Шчарбака. Ён памёр напярэдадні, 18 лютага. Больш за два з паловай гады быў прыкуты да ложка пасьля інсульту. Вядомы ў Шклове грамадзкі дзеяч, ён адным зь першых на знак пратэсту выйшаў з каманды будучага прэзыдэнта Беларусі.

Нарадзіўся Аляксандар Майсеевіч Шчарбак 2 лістапада 1944 году ва Ўкраіне, у сяле Палесьсе Чарнігаўскай вобласьці. Працаваў у рыбалавецкім флёце Савецкага Саюзу. Пры канцы 80-х, выйшаўшы на пэнсію, прыехаў зь сям’ёй у Шклоў. Тут працаваў інструктарам у райкаме камуністычнай партыі. Потым у прафсаюзным камітэце саўгасу «Гарадзец», якім кіраваў Аляксандар Лукашэнка. У Лукашэнкі Аляксандар Шчарбак быў даверанай асобай, калі той балятаваўся ў Вярхоўны Савет СССР, а пазьней і ў Вярхоўны Савет БССР.

Намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў блізка знаўся з Аляксандрам Шчарбаком:

Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

«Рознагалосьсі з Лукашэнкам зьявіліся, калі Шчарбак працаваў у „Гарадцы“. Лукашэнка тады займаў пазыцыю супраць працоўных, а Шчарбак адстойваў правы працоўных як лідэр прафсаюзу. Шчарбак на той час выбраў не матэрыяльны бок, а выбраў маральны бок. Ён бы мог быць заможным, каб заставаўся паплечнікам Лукашэнкі. Шчарбак разгледзеў у Лукашэнку ворага беларускасьці, ворага незалежнасьці Беларусі, і не пайшоў за Лукашэнкам. І заставаўся на гэтым баку да канца сваіх дзён».

З Аляксандрам Шчарбаком сустракалася намесьніца рэдактара газэты «Народная воля» Сьвятлана Калінкіна, калі зьбірала матэрыялы для кнігі, якую напісала разам з Паўлам Шараметам, — «Звычайны прэзыдэнт». Журналістка згадвае, што для Аляксандра Шчарбака тэма ягоных стасункаў з Аляксандрам Лукашэнкам была балючай.

Сьвятлана Калінкіна

Сьвятлана Калінкіна

«Калі чалавек спрабуе нават не апраўдацца, а зразумець самога сябе: „Як ён ня мог заўважыць нейкіх такіх званочкаў, якія б сьведчылі пра тое, што Лукашэнка быў ня тым барацьбітом з карупцыяй, за якога сябе выдаваў?“ Гэта быў пошук адказаў, як я асабіста зрабіў гэтую памылку і як уся краіна зрабіла гэтую памылку».

Аляксандар Шчарбак у Шклове быў адным з заснавальнікаў мясцовых суполак руху БНФ «Адраджэньне» і Таварыства беларускай мовы. У 1995 годзе ён актыўна выступае супраць правядзеньня моўнага рэфэрэндуму. Арганізуе ў Шклове акцыі ў падтрымку бел-чырвона-белага сьцяга і герба «Пагоня». Згадвае шклоўскі сябра ТБМ Аляксандар Грудзіна:

Аляксандар Грудзіна

Аляксандар Грудзіна

«Я памятаю сьвята першага мая 1995 году. Калі ён ішоў з групай сваіх аднадумцаў зь бел-чырвона-белым сьцягам і гербам „Пагоня“. Усе тады зьвярнулі ўвагу на гэта. Гэта было сьведчаньнем таго, што ёсьць альтэрнатыва — іншая сымболіка ў нас, у беларусаў».

Аляксандар Шчарбак доўгі час рэдагаваў мясцовую газэту «Шклоўскія навіны». Газэта разыходзілася ў райцэнтры імгненна. За крытычныя матэрыялы Шчарбаку пагражалі, падавалі на яго ў суд.

Пахавалі Аляксандра Майсеевіча на шклоўскіх могілках побач з заўчасна памерлым сынам. Праводзілі яго ў апошні шлях родзічы ды паплечнікі. У труне Аляксандар Шчарбак ляжаў у кіцелі марака.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG