Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна прышле ў Беларусь амбасадара-адмірала


Міхаіл Ежэль

Міхаіл Ежэль

Новым амбасадарам Украіны ў Беларусі праўдападобна стане былы міністар абароны Міхаіл Ежэль. Гэтую інфармацыю карэспандэнту «Свабоды» сёньня пацьвердзілі ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны.

Кандыдатура экс-міністра прайшла ўзгадненьне ў камітэце па міжнародных дачыненьнях парлямэнту. І цяпер трэба чакаць, што прэзыдэнт краіны Віктар Януковіч неўзабаве падпіша адпаведны ўказ.

Міхаіл Ежэль нарадзіўся ў 1952 годзе ў Віньніцкай вобласьці. Ён — адмірал запасу. З 2010 па 2012 гады быў міністрам абароны ва ўрадзе Мікалая Азарава.

Раман Бясьсмертны, былы амбасадар Украіны ў Беларусі, сёньня распавёў карэспандэнту «Свабоды»:

«Ва Ўкраіне прызначэньне амбасадара пачынаецца з таго, што спачатку робіцца запыт да кіраўніка дзяржавы, куды яго хочуць накіраваць. Калі гэта тычыцца Беларусі, то чакаюць агрэмана ад Аляксандра Лукашэнкі, то бок ягонай згоды прыняць амбасадара. Тут не ідзе размова пра канкрэтную асобу. Проста беларускі бок пацьвярджае, што ён гатовы прыняць пасланьніка прэзыдэнта Ўкраіны.

Часам гэта прыводзіць да кур’ёзных выпадкаў. І ў нас такі выпадак быў. Прэзыдэнт Кучма ў свой час зьбіраўся прызначыць амбасадарам у Польшчу тагачаснага міністра юстыцыі Сюзану Станік. „Станік“ на польскай мове гучыць як „бюстгальтэр“. І Варшава адказала: просім устрымацца ад гэтага прызначэньня ў сувязі з пэўным фанэтычным гучаньнем. І гэтае прызначэньне не адбылося.

Ні ў запыце, ні ў адказе афіцыйна канкрэтнае прозьвішча ня згадваецца. Такія дыпляматычныя традыцыі. Але ж зразумела, што і ў Кіеве, і ў Менску цудоўна ведаюць, пра каго канкрэтна ідзе гаворка. У дадзеным выпадку — пра адмірала Ежэля».

«Чым можна патлумачыць тое, што новым амбасадарам Украіны ў Беларусі стане не прафэсійны дыплямат?» — спытаў карэспандэнт «Свабоды» былога амбасадара.

«Калі паглядзець на супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, то 30% тут займае вайскова-прамысловы комплекс. І таму можна пагаджацца на актуальнасьць гэтага прызначэньня. Хоць Міністэрства абароны ва Ўкраіне ня мае абсалютна ніякага дачыненьня да ВПК. У нас гэтым займаецца Міністэрства прамысловасьці, паколькі ўсе вайсковыя заводы знаходзяцца ў падпарадкаваньні Міністэрства прамысловасьці».

Раман Бясьсьмертны быў перадапошнім амбасадарам Украіны ў Беларусі. Пасьля яго тут яшчэ працаваў Віктар Ціханаў. Аднак на апошніх выбарах у Вярхоўную раду ён абраўся дэпутатам па аднамандатнай акрузе ў роднай Луганшчыне, і цяпер ён парлямэнтар.

Пытаюся ў спадара Бясьсмертнага, як хутка адмірал Ежэль можа зьявіцца ў Менску? У адказ чую:

«Хуткасьць праходжаньня ўсіх працэдураў залежыць ад жаданьня першых асобаў абедзьвюх краінаў. Асабіста я прайшоў усе працэдуры за адзін тыдзень. Прэзыдэнт патэлефанаваў прэзыдэнту... І ўсё вельмі хутка вырашылася».

Амбасадары Ўкраіны ў Беларусі доўга ў Менску, як правіла, не затрымліваюцца. А вось кіраўнік дыпляматычнай місіі Беларусі ва Ўкраіне — рэкардсмэн-доўгажыхар. 68-гадовы Валянцін Вялічка працуе тут аж з 2002 году.
XS
SM
MD
LG