Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Віктар Мартынаў


25 студзеня, у дзень свайго 89-годзьдзя, пайшоў з жыцьця мовазнаўца, доктар філялёгіі, прафэсар, кіраўнік навукова-дасьледчага цэнтру «Сэмантыка» Віктар Мартынаў.

Віктар Мартынаў — адзін з самых выбітных беларускіх мовазнаўцаў — з паходжаньня не беларус. Ён нарадзіўся ў Адэсе, скончыў філфак тамтэйшага ўнівэрсытэту, потым асьпірантуру ў Львове, адкуль, абараніўшы кандыдацкую, вярнуўся ў alma mater.

У 60-м лёс прывёў яго ў Менск, дзе яму было наканавана стаць адным з самых выбітных дасьледчыкаў беларускай мовы.



Гаворыць кандыдат філялёгіі, выкладчык Коласаўскага ліцэю Лявон Баршчэўскі:

​«Ён належаў да той школы лінгвістыкі, якая дасьледуе працэсы камунікацый. Гэта вельмі пэрспэктыўная школа, якая, па сутнасьці, стала разьвівацца толькі з 60-х гадоў. І ён быў прызнаным аўтарытэтам у гэтай сфэры. Вялікая колькасьць у яго асьпірантаў займалася і абаранялася, быў ён і навуковым кансультантам не аднаго доктара навук. Таму, канечне, — гэта страта для беларускай навукі ў цэлым».

Блаславіў спадар Мартынаў у навуку і знанага цяпер лінгвіста, доктара філялёгіі Генадзя Цыхуна. Спадар Цыхун адцемлівае адметнасьці навуковых зацікаўленьняў Віктара Мартынава:

​«Перш за ўсё хвалюе нашых людзей пытаньне, адкуль мы пайшлі, хто мы такія — гэта праблема прарадзімы славян. І тут Віктар Уладзімеравіч займаў вельмі выразную пазыцыю. Ён адстойваў так званую вісла-одэрскую прарадзіму славян, якая тлумачыць, дзе была некалі іх агульная тэрыторыя, адкуль яны потым разышліся па Эўропе. Ён вынайшаў вельмі цікавую мэтодыку, каб даказаць сваю тэорыю, гаварыў, што паміж славянскімі і германскімі мовамі было ўзаемапранікненьне, і гэтым даказваў, што славяне былі суседзямі германцаў у Цэнтральнай Эўропе.

З другога боку, ён вельмі рашуча пярэчыў супраць так званай агульнай усходнеславянскай калыскі. Гэта патрабавала пэўнай сьмеласьці, каб выступіць супраць пазыцыі, якая адстойваецца пераважна расейскімі вучонымі, што беларусы, украінцы і расейцы былі некалі адным цэлым, а потым разышліся і ўтварыліся тры народы і тры мовы. Віктар Уладзімеравіч не згаджаўся з гэтым спэкулятыўным поглядам».

Шырокія лінгвістычныя веды і навуковыя прынцыпы прываблівалі да асобы Мартынава маладых навукоўцаў. Сярод іх была і цяперашняя намесьніца старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алена Анісім, якую асабліва цікавілі пошукі старэйшага калегі ў галіне этымалёгіі беларускіх словаў.

​«Яго інтарэсы датычыліся прарадзімы славян, і ён шмат зрабіў, каб устанавіць паходжаньне беларускіх словаў. Ён быў і складальнікам, і адным з рэдактараў „Этымалягічнага слоўніка беларускай мовы“. Трэба сказаць, што яго гэтая няўрымсьлівая натура, гэтая яго прага да пастаянных пошукаў чагосьці таго, што да яго яшчэ не закраналі, бясконцы ягоны навуковы энтузіязм — ён захапляў іншых і прыцягваў да яго маладых дасьледчыкаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG