Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: страйкуе гандлёвы цэнтар «Сакрэт»


Каля 400 індывідуальных прадпрымальнікаў з буйнога гомельскага гандлёвага цэнтру на дзень спынілі працу, пратэстуючы супраць рэзкага павышэньня арэнднай платы.

Прадпрымальніца: «Нас тут за людзей ня лічаць! Мы тут як жывёліны».

Прадпрымальнік: «Час прыйшоў зьвярнуцца ў пракуратуру, каб урэшце разабраліся. Такой арэнднай і камунальнай платы нідзе няма. Нават у Менску яна ніжэйшая».

У першай палове дня дзясяткі індывідуальных прадпрымальнікаў, пакінуўшы працу, сабраліся ў холе на першым паверсе гандлёвага цэнтру, каб супольна выказаць пратэст з прычыны чарговага рэзкага падвышэньня ўласьнікам — менскім таварыствам з дадатковай адказнасьцю «НП-Сэрвіс» — арэнднай платы.

Прадпрымальніца Натальля: «За мэтар гандлёвай плошчы ў найбольш зручных месцах уласьнік ужо хоча мець па 115 эўра ў месяц. Сама я прадаю адзеньне. Плаціла да гэтага часу па 38 эўра за мэтар. Цяпер ад мяне патрабуюць 60 эўра. У мяне няма сродкаў плаціць такую арэнду. Пакупніцкая здольнасьць жыхароў моцна скарацілася. Адкуль мы возьмем такія грошы? Працую да 1 сакавіка, а далей ня ведаю, што будзе. Хутчэй за ўсё, давядзецца зачыніцца».

У кастрычніку мінулага году прадпрымальнікам удалося адбіцца ад намераў кампаніі «НП-Сэрвіс» падвысіць у два разы арэнду. Пры пасярэдніцтве аблвыканкаму ўдалося наладзіць дыялёг новага ўласьніка «Сакрэту» й арандатараў. Плату паднялі толькі на 10 адсоткаў, і прадпрымальнікі пагадзіліся на такія ўмовы. Цяпер — новая спроба падвоіць арэнду. Гэта наўпрост пагражае дробнаму бізнэсу 400 індывідуальных прадпрымальнікаў, якія тут працуюць.
Думаю, што яны хочуць, каб прадпрымальнікі проста сышлі з гандлёвага цэнтру

Сябра рады прадпрымальнікаў спадарыня Калачова кажа, што ўласьнік узяўся за старое і зноў выстаўляе нерэальныя кошты: «Улады нам кажуць, каб мы як два суб’екты гаспадараньня дамаўляліся паміж сабою. Але ўласьнік ня хоча з намі дамаўляцца. Ніхто зь іх нават не прыехаў на сустрэчу. Думаю, што яны хочуць, каб прадпрымальнікі проста сышлі з гандлёвага цэнтру. Усе ж разумеюць, што 115, 120, 160 эўра за квадратны мэтар, альбо 5–7 тысяч эўра за ралет у месяц, немагчыма плаціць».

Значная частка прадпрымальнікаў схільная лічыць, што іх проста выштурхоўваюць на вуліцу, каб пасьля скарыстаць памяшканьне пад якое-небудзь казіно. Прынамсі, такі лёс спасьцігнуў гандлёвы цэнтар на вуліцы Сялянскай, на Прывакзальнай плошчы.

Юры Асіпкоў

Юры Асіпкоў

У гандлёвы цэнтар «Сакрэт» прыйшоў сёньня намесьнік начальніка аддзелу прадпрымальніцтва ўправы эканомікі Гомельскага аблвыканкаму Юры Асіпкоў. Аднак нічога абнадзейлівага гомельскія прадпрымальнікі ад яго не пачулі. Маўляў, уласьнік «Сакрэту» — прыватная кампанія, і ўлады ніяк на яе паўплываць ня могуць.

Адна з прадпрымальніц, якая назвалася Сьвятланай, уголас прапанавала свой варыянт разьвязаньня канфлікту:

«Час ужо іх навучыць — нас жа вучаць ледзь ня кожны месяц. Трэба з 1 траўня наагул сысьці — няхай яны ляжаць самі на сваіх плошчах. Лета мы пераседзім, паедзем лепш ды адпачнем. А ў верасьні яны па 10 эўра за мэтар нам гэтыя плошчы аддадуць. Я думаю, што кампанія купіла гэты гандлёвы цэнтар ня проста так, а на кароткія банкаўскія крэдыты, каб не плаціць вялікія працэнты. Вось яны й дзяруць з нас. Не дадзім ім арэнду два ці тры месяцы — і яны папросяць даць хоць што-небудзь».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG