Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікі АБСЭ скрытыкавалі выбары ў Армэніі


Падлік галасоў на адным з выбарчых участкаў у Ерэване
Падлік галасоў на адным з выбарчых участкаў у Ерэване

Прэзыдэнцкія выбары, якія адбыліся ў Армэніі ў нядзелю, прайшлі лепш за папярэднія, але не былі па-сапраўднаму канкурэнтнымі — да такой высновы прыйшлі назіральнікі ад Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.


У заяве назіральнікаў гаворыцца, што кандыдаты, якія ўдзельнічалі ў выбарах, «маглі праводзіць выбарчую кампанію ў свабоднай атмасфэры і даводзіць свае погляды да выбарцаў, аднак у цэлым выбарчая кампанія ня здолела прыцягнуць інтарэсу грамадзкасьці».

Назіральнікі таксама адзначаюць: «Той факт, што шэраг уплывовых палітычных сілаў вырашыў не вылучаць сваіх кандыдатаў на выбары, судзячы па ўсім, спрыяў апатыі і адсутнасьці даверу сярод выбарцаў».

«Спроба забойства аднаго з кандыдатаў выклікае сур’ёзную занепакоенасьць, але гэта быў адзінкавы выпадак, які не адлюстоўвае агульнай атмасфэры на выбарах,» — гаворыцца ў дакумэнце.

Назіральнікі зьвярнулі ўвагу на паведамленьні аб «празьмерным выкарыстаньні адміністрацыйнага рэсурсу і аб ціску на дзяржаўных службоўцаў, каб яны ўдзельнічалі ў выбарах і ў перадвыбарчых мерапрыемствах».

«Да таго часу, пакуль такая практыка ня будзе ліквідаваная, ня будзе сапраўднай канкурэнцыі паміж кандыдатамі, і Армэнія будзе працягваць парушаць свае абавязаньні паводле Капэнгагенскага дакумэнту ад 1990 году», — гаворыцца ў высновах назіральнікаў.

Тым часам місія назіральнікаў ад СНД назвала выбары ў Армэніі адпаведнымі міжнародным стандартам. «Намі быў выяўлены шэраг парушэньняў, якія не насілі масавага характару і ня могуць паўплываць на вынікі галасаваньня,» — цытуе кіраўніка місіі Сяргея Лебедзева агенцтва «Інтэрфакс».

Паводле ЦВК Армэніі, дзейны прэзыдэнт Серж Саргсян атрымаў амаль 59% галасоў выбарцаў. На другім месцы — былы міністар замежных справаў, старшыня апазыцыйнай партыі «Спадчына» Раф Аванісян, які атрымаў амаль 37% галасоў.

Аванісян адмовіўся прызнаць паразу. Ён зьвінаваціў улады ў махлярстве, каб забясьпечыць Саргсяну яшчэ адзін 5-гадовы тэрмін прэзыдэнцтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG