Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кніжкі Свабоды і iPod Shuffle — пераможцам Нацыянальнай дыктоўкі (імёны)


Выбіраючы ляўрэатаў, рэдакцыйнае журы кіравалася і тым, наколькі пісьменна выканана дыктоўка, і тым, як удзельнік патлумачыў, чаму ён напісаў Агульнанацыянальную дыктоўку.

2 лютага споўнілася 175 гадоў з дня нараджэньня Кастуся Каліноўскага — аднаго з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага руху новага часу, публіцыста, паэта, кіраўніка паўстаньня 1863–64 гадоў на тэрыторыі сучасных Беларусі і Літвы. І якраз да падзеяў, зьвязаных з чынам Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў, была прымеркавана сёлетняя Агульнанацыянальная дыктоўка. Удзельнікі дыктоўкі пісалі «Ліст з-пад шыбеніцы» Кастуся Каліноўскага.

Прапанаваўшы напісаць тэкст разам з радыё «Свабода», мы заклі́калі нашых слухачоў і гледачоў даслаць свае дыктоўкі на наш адрас. І цяпер мы падводзім вынікі.

Геаграфія ўдзельнікаў дыктоўкі аказалася даволі шырокая: мы атрымалі лісты з усіх рэгіёнаў Беларусі і з-за беларускіх межаў. Наймаладзейшы з тых, хто даслаў нам дыктоўкі, — 13-гадовы Радаслаў Грыгаровіч з Смалявічаў. Нам напісалі інжынеры і будаўнікі, міліцыянты і дактары, шкаляры і пэнсіянэры.

Віктар Малочка з Салігорску так патлумачыў свой удзел у дыктоўцы: «Для мяне гэты ўдзел важны, таму што ня хочацца верыць у словы, якімі пачынаецца фільм „Акупацыя. Містэрыі“ Андрэя Кудзіненкі: „Пяцьсот гадоў назад яны ня ведалі, што яны беларусы, але іхняя дзяржава была самай вялікай у Эўропе. Цяпер у беларусаў ёсьць дзяржава, але іх саміх ужо няма“».

Выбіраючы ляўрэатаў, рэдакцыйнае журы кіравалася і тым, наколькі пісьменна выканана дыктоўка, і тым, як удзельнік патлумачыў, чаму ён напісаў Агульнанацыянальную дыктоўку.

Так, да прыкладу, былы вайсковы інжынэр, аўтар кнігі «Нябышына. Вайна» Ільля Копыл зь Менску далучыў да дыктоўкі гісторыю свайго жыцьця, а таксама ясна акрэсьліў, кім быў, ёсьць і застанецца Каліноўскі ў гісторыі Беларусі — тым самым спадар Копыл адгукаецца на паасобныя галасы зь лягеру заходнерусізму, прадстаўнікі якога заклікаюць да пераацэнкі ролі Каліноўскага ў беларускай гісторыі.

Працы, дасланыя на адрас Свабоды

Працы, дасланыя на адрас Свабоды

Аўтар навукова-асьветнага праекту ў інтэрнэце пад назваю «Сьвіслацкія аркушы — Кастусь Каліноўскі» Зьміцер Кузьменка зь Менску падкрэсьлівае, што «асоба Каліноўскага — частка ягонага жыцьця».

Сьвятлана Ўранава з чэскіх Пардубіцаў піша:

«Я чэшка (чыстапародная, як люблю казаць), але вельмі люблю Беларусь ды беларускую мову. Мову я вывучыла, каб паказаць беларусам, што гэта магчыма». Сьвятлана прызнаецца, што стараецца працаваць на карысьць Беларусі. У прыватнасьці, яна каардынуе малітвы за Беларусь, што праводзяцца сярод чэскіх хрысьціянаў, а таксама арганізоўвае збор грошай для беларускіх палітвязьняў.

Галоўны прыз — а гэта плэер iPod Shuffle — рэдакцыйнае журы пастанавіла адправіць у Салігорск сям’і Малочкаў — нам даслалі дыктоўкі Віктар Малочка, ягоная жонка Натальля Малочка і Віктараў сын Аляксандар Малочка.

Працы, дасланыя на адрас Свабоды

Працы, дасланыя на адрас Свабоды

«У мяне як у сапраўднага пераймальніка ідэяў Кастуся Каліноўскага, — напісаў нам Аляксандар Малочка, — цепліцца ў грудзях агеньчык спадзяваньня, што ў хуткім часе надыдзе час адраджэньня ідэяў Каліноўскага і мы ўсе будзем ганарыцца сваёй Бацькаўшчынаю».

Заахвочвальнымі прызамі — а гэта кнігі з сэрыі «Бібліятэка Свабоды» — рэдакцыйнае журы пастанавіла ўганараваць:

Людмілу Барысаву з Магілёва,
Радаслава Грыгаровіча з Смалявічаў,
Лідзію Дубінец зь Менску,
Мікалая Ермакова з Гомелю,
Ільлю Копыла зь Менску,
Дануту Крупіцу зь Ліды,
Зьмітра Кузьменку зь Менску,
Кастуся Сырэля з Вушачаў,
Сьвятлану Ўранаву з Пардубіцаў і
Віктара Яржамкоўскага зь Менску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG