Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея. Цела дэпутата ў бочцы з цэмэнтам


Расейская паліцыя затрымала 12 падазраваных у забойстве дэпутата ліпецкага гарадзкога савету Міхаіла Пахомава. Цела Пахомава, выкрадзенага 12 лютага, выявілі ў падмаскоўным пасёлку Абухава ў бочцы з цэмэнтам.

Мэталічная бочка, залітая цэмэнтам, была знойдзена ў падвале прыватнага гаража, паведамляе ВВС.

Увечары 12 лютага відавочцы паведамілі, што трое невядомых сілай зацягнулі ў машыну невядомага чалавека і гвалтоўна яго павезьлі. Пазьней было ўстаноўлена, што гэта быў Міхаіл Пахомаў, які не зьявіўся на пасяджэньне гарсавету.

Праз некалькі дзён паліцыя спыніла машыну, кіроўца якой, як паведамляецца, неадэкватна сябе паводзіў. У аўтамабілі знайшлі дыплямат з рэчамі і дакумэнтамі Пахомава. Да панядзелка 18 лютага знайшлі цела — як менавіта, праваахоўныя органы не тлумачаць.



Сьледчыя ўжо высунулі вэрсію, паводле якой ліпецкі дэпутат быў выкрадзены і забіты на замову былога намесьніка міністра ЖКГ ўраду Маскоўскай вобласьці Яўгена Харытонава.

Падазраванага затрымалі ў маскоўскім аэрапорце на борце самалёта. Таксама было затрымана 11 чалавек, як мяркуецца, якія мелі дачыненьне да выкананьня забойства і крадзяжу маёмасьці Пахомава. Суд ужо санкцыянаваў арышт шасьці зь іх.

«Мяркуецца, што матывам зьяўляюцца даўгавыя абавязацельствы Пахомава перад заказчыкам злачынства», — заявіў на брыфінгу прадстаўнік Сьледчага ўпраўленьня СК Расеі па Ліпецкай вобласьці Сяргей Селішчаў.

37-гадовы Міхаіл Пахомаў з 2003 года быў складзе «Адзінай Расеі», а летась стаў дэпутатам гарадзкога савету Ліпецку. Яшчэ да абраньня Пахомаў быў вядомы ў Ліпецку як бізнэсовец. Як паведамілі ў гарсавеце, Пахомаў быў дэпутатам не на пастаяннай аснове (ён выйграў дадатковыя выбары ў кастрычніку 2012 года) і, адпаведна, не абавязаны быў спыняць прадпрымальніцкую дзейнасьць.

У гарсавеце ўпэўненыя, што канфлікт Пахомава з меркаваным заказчыкам ня мог быць палітычным, паколькі Пахомаў зусім нядоўга займаўся палітыкай, і хутчэй за ўсё, быў зьвязаны менавіта з бізнэсам.
XS
SM
MD
LG