Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Грабеншчыкоў: «Свабода — для тых, хто яе хоча»


Культавы расейскі рок-музыка Барыс Грабеншчыкоў з гуртам «Акварыюм» гэтымі днямі ладзіць сэрыю музычных канцэртаў у розных гарадах Беларусі. Ён правёў прэсавую канфэрэнцыю для журналістаў, падчас якой выказаў сваё стаўленьне да існаваньня ў Беларусі «чорных сьпісаў» музычных гуртоў і выканаўцаў.

Прэсавую канфэрэнцыю Барыса Грабеншчыкова ў Менску арганізавала рэдакцыя газэты «Комсомольская правда» в Белоруссии«. З гэтага і пачаліся пытаньні, але іх арганізатарам задаваў сам госьць — Барыс Грабеншчыкоў:

«У гонар чаго названая ваша газэта „Камсамольская“? Паўлік Марозаў быў героем камсамолу і знакаміты тым, што дапісаў данос на свайго бацьку, які быў расстраляны. Гэта герой „Камсамольскай праўды“? Паўлік Марозаў быў прыкладам усёй савецкай моладзі, гэтак савецкую моладзь навучалі даносіць на сваіх бацькоў. Таму мне цікава, што азначае слова „камсамольская“ цяпер, у 2013 годзе, у загалоўку вашай газэты?»

У працяг палітычнай тэмы музыка выказаўся таксама пра сваё стаўленьне да існаваньня ў Беларусі так званых «чорных сьпісаў» музычных гуртоў і выканаўцаў, канцэрты якіх улады абмяжоўваюць альбо забараняюць з палітычных матываў, а таксама — ці магчымая ў гэтай сытуацыі салідарнасьць музыкаў:

Свабода — для тых, хто яе хоча

«Натуральна, што як чалавек, які даволі доўгі час узначальваў наш „чорны сьпіс“, я магу сказаць, што „чорныя сьпісы“ існуюць усюды з розных прычын: палітычных, эканамічных і гэтак далей. Галоўнае, каб гэтых людзей у „чорных сьпісах“ не пазбаўлялі свабоды перамяшчэньня. Як толькі музыка становіцца палітычнай жывёлінай, ён страчвае свой першапачатковы сымбаль музыкі і творцы з простай прычыны: творца ня можа быць грамадзянінам нейкай дзяржавы, чальцом нейкай партыі ці належаць да нейкай палітычнай групоўкі. Бо тады ён не ад усіх, а толькі ад нейкай часткі. А мы павінны быць ад усіх».

Барыс Грабеншчыкоў таксама падкрэсьліў, што ён пазыцыянуе сябе чалавекам, а не грамадзянінам. І гэта азначае, што ён за людзей і супраць усялякіх урадаў. Адначасна музыка выказаў перакананьне, што свабода — гэта прагненьне малой колькасьці людзей, да якіх і скіраваная ягоная творчасьць:



«Людзі безь сьцяны ня могуць — яны не жадаюць. Колькі людзей ні цягні да свабоды „жалезнай рукой“ — яны будуць адбівацца і плакаць. Свабода — для тых, хто яе хоча. Людзі аддаюць перавагу хаджэньню шыхтом. А мы тут дзеля таго, каб даць альтэрнатыву тым, хто гэтага не жадае».

Раней Барыс Грабеншчыкоў ня раз выказваў падтрымку беларускім палітвязьням. У 2004 годзе ён зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваньнем вызваліць з турмы гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валерыя Леванеўскага і Аляксандра Васільева. Летась падпісаў ліст у падтрымку Алеся Бяляцкага.


Даведка «Свабоды»: Чорныя сьпісы» беларускіх музыкаў


2 сакавіка 2011 году ў інтэрнэце зьявіўся сьпіс з 30 дзеячаў мастацтва і культуры і 15 калектываў, якія выказваліся ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі і патрабавалі вызваленьня палітвязьняў. Пра гэтых асобаў забаронена ўзгадваць у эфіры і на старонках дзяржаўных СМІ.

У меркаваны «чорны сьпіс» трапілі гурты «Ляпіс Трубяцкой», «Палац», «Крама», «NRM», «Нэйра Дзюбель», «Крамбамбуля», «Нака», сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч, драматург Андрэй Курэйчык, калектыў паўпадпольнага "Свабоднага тэатру «на чале зь Мікалаем Халезіным і Натальляй Калядой, пісьменьніца Вольга Іпатава, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, сябры Рады беларускай інтэлігенцыі, паэты Генадзь Бураўкін, Сяргей Законьнікаў, Анатоль Вярцінскі, мастакі Мікола Купава, Аляксей Марачкін, драматург Уладзімер Халіп, кінарэжысэры Юры Хашчавацкі і Ўладзімер Колас.

Міністэрства інфармацыі Беларусі катэгарычна абвяргае існаваньне «чорнага сьпісу» забароненых да згадваньня ў дзяржаўных СМІ дзеячоў культуры.

«Чорныя сьпісы»: прывітаньне з 2004 году

Ад лета 2004 году некаторыя беларускія гурты і выканаўцы маюць праблемы з арганізацыяй выступаў.

Прычынай адмоваў у пляцоўках стаў канцэрт, які арганізавалі дэпутаты парлямэнцкай групы «Рэспубліка» да Дня незалежнасьці й 10-годзьдзя кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі ў 2004 годзе.

Акцыя адбылася 21 ліпеня 2004-га пад лёзунгам «Не — трэцяму тэрміну». Тады ў канцэрце ўдзельнічалі: «N.R.M.», «Нэйра Дзюбель», «Палац», Аляксандар Памідораў ды іншыя.

Аднак пазьней Аляксандар Лукашэнка выказаў незадаволенасьць, што такі канцэрт адбыўся.

У 2007 годзе Алег Хаменка разам з музыкамі Лявонам Вольскім, Ігарам Варашкевічам, Пітам Паўлавым і Аляксандрам Кулінковічам мелі сустрэчу ў Адміністрацыі прэзыдэнта. Тагачасны кіраўнік Галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня Адміністрацыі Алег Праляскоўскі паабяцаў зьняць забароны, а са свайго боку папрасіў музыкаў ня граць на акцыях апазыцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG