Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр Сакрат Яновіч — адзін з самых вядомых беларускіх пісьменьнікаў у Польшчы, яму было 76 гадоў.

Апошнія гады ён пражыў у родным мястэчку Крынкі, што непадалёк ад мяжы зь Беларусьсю. Вярнуўся сюды зь Беластоку. У сваім доме ён заснаваў «Вілу Сакратэс» — беларускі культурніцкі асяродак, выпускаў штогадовы часопіс.

Сакрат Яновіч нямала зрабіў для беларускага адраджэнскага руху ў Польшчы. Ён дапамагаў моладзі ўсьвядоміць сябе нацыянальна, пачаць працаваць на беларускай ніве. Успамінае доктар гістарычных навук зь Беластоку Алег Латышонак:

Алег Латышонак

Алег Латышонак

«Сакрат Яновіч быў правадыром для майго пакаленьня. Калі я ўваходзіў у нацыянальнае жыцьцё, ён быў безумоўным лідэрам, настаўнікам. Сакрат і тое, што мы рабілі разам, гэта вельмі важная частка маёй маладосьці. Так што мне цяжка ацэньваць Сакрата. Безумоўна, ён быў самым выдатным пісьменьнікам на Беласточчыне і адным з найбольш выдатных у агульнабеларускім маштабе. Думаю, што ягоная літаратура застанецца, і мы будзем да яе вяртацца».

Сакрату Яновічу хацелася, каб беларусы ў Польшчы выступалі на выбарах ад свайго імя, мелі сваіх прадстаўнікоў у органах улады. Пра гэта ўзгадвае доктар гістарычных навук Алег Латышонак:

«Вельмі хацеў, каб беларусы сталі гаварыць сваім голасам, гэта быў яго лёзунг, і безь яго нашая палітычная дзейнасьць ня мела б такога маштабу. Ён вызначаў нам, пэўна ж, вельмі вялікія мэты, але калі чалавек вялікіх мэтаў сабе ня ставіць, то ён нічога не дасягне. Ён узначальваў Беларускае дэмакратычнае аб’яднаньне. Але напачатку быў яшчэ Беларускі клюб, які існаваў неафіцыйна. Раней было беларускае незалежнае выдавецтва падпольнае, якое ён арганізаваў у 1980-я гады».

Гарадзенская паэтка Данута Бічэль выказвае спачуваньні родным Сакрата Яновіча і «ўсёй Беласточчыне». "Таму што Беласточчына — гэта Сакрат Яновіч, "Ніва"— гэта Сакрат Яновіч«, кажа яна:

Данута Бічэль

Данута Бічэль

«Ён быў тыповым прадстаўніком беларусаў Беласточчыны, ён фармаваў тую мову і тую культуру. Яна адрозьніваецца ад нашай, але толькі цяпер я зразумела, якое гэта багацьце. Ён быў вельмі шчодрым. Калі я трапіла на Беласточчыну — а ён ужо зьезьдзіў у Лёндан і зрабіў ксэраксы ўсіх друкаў, якіх у нас не было, — ён іх ужо выкарыстаў для сябе як пісьменьнік і аддаў усё мне.

Ён вучыў нас, як выступаць перад народам. Заўсёды напачатку самае галоўнае. Першая фраза, першы сказ быў „забойным“, быў цьвіком, а потым людзі ўжо слухалі. Мне вельмі шкада, што страчаны для нашай культуры такі вялікі чалавек. Хоць пісьменьнікі не паміраюць, яго творчасьць застанецца. Яго публіцыстычныя творы, кароткія апавяданьні, аповесьці, яны вельмі добрыя, і чытаць іх будуць».

У сваіх успамінах «Ня жаль пражытага» Сакрат Яновіч пісаў, што калі ён прыйшоў працаваць у беластоцкую «Ніву» і Беларускае грамадзка-культурнае таварыства, там былі і людзі, якіх звольнілі са службы бясьпекі, калі ў ПНР стаў кіраваць Гамулка. І з гэтымі людзьмі трэба было быць асьцярожным у размовах: «Сардэчнасьць у тыя часы была патрэбная... даносчыкам і шпіёнам службы бясьпекі. Неяк летам пяцьдзясят восьмага я адчуў, што паўсюдная Служба падступаецца ўжо і да мяне, бесклапотнага маладажона. Думаеце, тых усякіх «сваіх хлопцаў» цікавілі ворагі ўлады? Не, яны заеліся дапытвацца, што наогул думае... Валкавыцкі, Баравік, іх жонкі. Так, «ваабшчэ». І ўсё пад пячацьцю таямніцы дзяржаўнага ўзроўню (аж сьмешна чуць тое!). Як гэта трэба разумець? А вельмі звычайна: шукалі кампрамэтуючых матэрыялаў на тых асоб…»

Пазьней пісьменьнік перажываў, калі яму нагадвалі пра даўнейшае супрацоўніцтва са спэцслужбамі. Пагатоў таму, што потым пацярпеў сам, у 1970-м быў звольнены з працы. А ў 1980-х далучыўся да падпольнай «Салідарнасьці».

Сакрата Яновіча вельмі натхніла незалежнасьць Рэспублікі Беларусь, пра якую ён марыў. Гэтая падзея падмацавала яго. Можна было моцна стаяць на абедзьвюх нагах: жыць у дэмакратычнай Польшчы і езьдзіць у дэмакратычную Беларусь. Ён быў з тых нешматлікіх пісьменьнікаў, хто нагадваў беларусам пра сваіх герояў, пісаў пра паўстаньне Кастуся Каліноўскага, яго аповесьць «Сярэбраны яздок» выйшла ў Менску.

Роспач выклікала ў Сакрата Яновіча вяртаньне Беларусі ў мінулы час. Але ён не апусьціў рукі, не пакінуў беларускай нівы. Ягоныя кнігі, гадавік «Annus Albaruthenicus» («Год Беларускі») сталі адметнай часткай кнігазбору беларусаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG