Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Магілёўскім палігоне цьвёрдых бытавых адыходаў дзясяткі чалавек жывуць з таго, што выбіраюць са сьметнішча ўсё, што можна прадаць альбо выкарыстаць у гаспадарцы.

Сваю працу яны пачынаюць ад ранку і сканчаюць яе, калі сьцямнее. Гэтыя людзі адважна кідаюцца пад сьмецьцявозы, каб першымі стаць ля груду адыходаў, прывезеных з гораду.


Ад Магілёва палігон за сямнаццаць кілямэтраў па Гомельскай шашы каля вёскі Новая Мілееўка. Сьметнік уражвае маштабамі і смуродам. Высачэзная гара адкідаў, чарада сьмецьцявозаў і — здалёк, нібы мурашы, снуюць людзі каля бульдозэра. Яны сустракаюць журналіста ня надта дружалюбна. Некаторыя пагражаюць перацяць жалезінай. Людзі грэюцца ля вогнішчаў, разьведзеных у бочках. У кожнай групы, па пяць-сем чалавек, сваё вогнішча. Тут жа назьбіраныя рэчы. У асноўным — плястыкавыя пляшкі. Імі наладаваныя баулы.

Ну гэта ж не пад царквой стаяць з працягнутай рукой. Красьці ня ўмеем, таму даводзіцца сваёй працай зарабляць

Мужчына са счарнелым тварам неахвотна тлумачыць: «За што плацяць, тое і бяром. Пэт-бутэлька ідзе. Яе здаём». На пытаньне, ці шмат на ёй можна заробіць, суразмоўнік з усьмешкай адказвае, што гэта сакрэт фірмы.

Некаторыя «сакрэты фірмы» выдаў наступны суразмоўца, аднак пра тое, колькі можна на сьметніку зарабіць, засталося ўсё ж сакрэтам. «Ну гэта ж не пад царквой стаяць з працягнутай рукой, хаця сёньня і нядзеля. Красьці ня ўмеем, таму даводзіцца сваёй працай зарабляць. Дарма ж ніхто грошай ня дасьць. Даводзіцца працаваць».

Суразмоўцу да пэнсіі засталося два гады. Ён сьцьвярджае, што на завод яго ніхто ня возьме. Мужчына перакананы, што такія, як ён, на сьметніку выконваюць пачэсную місію.

«Вы ж чулі, што прэзыдэнт гаварыў, што трэба другасную сыравіну не закопваць у зямлю, ні валютай за яе плаціць, а здабываць сваю. Адкуль мы тады будзем жыць заможна. Народ тут выконвае праграму прэзыдэнта, каб меней траціць валюты, а больш свайго выкарыстоўваць, якое мы выкідваем».

Ніхто зь іх ня рвецца на прадпрыемствы ці ў калгасы. Яны выбралі сваё месца тут, на сьметніку

Прамову зьбіральніка сьмецьця ягоныя калегі слухалі і зласловілі. Што такога ён казаў, каб зь яго кпіць, яны патлумачыць не адважыліся. Пабачыўшы мікрафон, тут жа разьбегліся.

Яшчэ адна суразмоўніца патлумачыла, што прыйшла на сьметнік навыбіраць свойскай жывёле хлеба. Жанчына жыве непадалёк у вёсцы. «Што ты са мной з пэнсіянэркай гаварыць будзеш. Мне 58 гадоў. Ёсьць час вольны, прыйду сюды, няма, дык дома сяджу. Тут ладна людзей. Гэта сёньня выходны, дык мала. З гораду прыяжджаюць. Аўтобус ходзе. Калі тутэйшыя, як я, то пешшу прыходзім», адказала кабета і кінулася да чарговага сьмецьцявоза.

У выходны, калі я наведаўся на палігон, у сьмецьці корпалася блізу трох дзясяткаў чалавек. Вызначыць больш менш дакладна ўзрост зьбіральнікаў сьмецьця ня проста. Выгляд тутэйшых работнікаў падказваў, што ўсе яны людзі сталага веку. Некаторыя зь іх, аднак, сьцьвярджалі, што сьмецьце выбіраюць і нашмат маладзейшыя векам.

Пабыўшы на палігоне з паўгадзіны, я пачаў атрымліваць ад зьбіральнікаў прапановы распавесьці пра жыцьцё на сьметніку за грошы. Цана такой гутаркі вагалася ад 50 да 100 тысяч рублёў. Сто тысяч, як патлумачылі, — гэта дзённы заробак найбольш пасьпяховых зьбіральнікаў. «Эй, колькі ты плаціш? Рублёў сто даеш?», чулася здалёк. Тыя, хто спачуваў журналісту, раілі з крыклівымі ня зьвязвацца, бо могуць сарваць «сто баксаў».

Зарабіць на журналісьце ня выйшла. Апошняя гутарка са зьбіральнікам сьмецьця ля вогнішча суправаджалася ўсё ж тымі кпінамі ад ягоных калегаў і камэрцыйнымі прапановамі. Мужчына, крыху падпіты, зазначае: «Тут людзі свабодныя. Яны ні ад каго не залежаць. У мяне двое дзяцей. Я тут зарабляю сваім гарбом. Калі я буду сядзець, то нічога не зараблю.Тут ведаю, што я адпахаў сваё, прыйшоў дахаты, узяў пляшку вінца, ці піва. Купіў дамоў паесьці, з адсюль я не бяру. І ведаю, што мае дзеці накормленыя».

Наколькі шчырымі ў гутарках былі зьбіральнікі сьмецьця, казаць цяжка. Кожны зь іх мае сваю гісторыю жыцьця, пра якую не наважыцца распавесьці. Мо таму ніводзін і не пагадзіўся, каб яго сфатаграфавалі. Ніхто зь іх ня рвецца на прадпрыемствы ці ў калгасы. Яны выбралі сваё месца тут, на сьметніку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG