Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі памежнік, які не паведаміў пра швэдзкі самалёт, асуджаны на два гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

У Вярхоўным судзе паведамілі пра ўступленьне ў сілу прысуду прапаршчыку памежных войскаў, які не далажыў пра перасячэньне беларуска-літоўскай мяжы швэдзкім самалётам 2 ліпеня 2012 году.

«Прысуд быў вынесены Гарадзенскім міжгарнізонным ваенным судом — 2 гады пазбаўленьня волі. Гэта было 4 студзеня. Прысуд у вызначаны законам тэрмін ня быў аспрэчаны, такім чынам, на сёньня лічыцца, што ён уступіў у законную сілу», — сказала карэспандэнту «Свабоды» кіраўнік прэсавай службы Вярхоўнага суду Марыя Лапо.

Прозьвішча асуджанага памежніка ў Вярхоўным судзе не паведамілі.

«Ён кантрактнік, служыў на памежным пункце „Суботнікі“ Гарадзенскага памежнага атраду. Больш інфармацыі паведаміць не магу, бо працэс быў закрыты», — сказаў «Свабодзе» прэсавы сакратар Дзяржаўнага камітэту памежных войскаў Аляксандар Цішчанка. Паводле памежніка, усім памежным часткам зьвесткі пра прысуд былому калегу даведзеныя. «У нас кожны тыдзень праводзяцца адмысловыя заняткі наконт характару выкананьня задач і выкананьня загадаў. Таму і гэты выпадак, гэтая інфармацыя будзе даведзеная да асабовага складу, праведзеныя адпаведныя заняткі. Гэта штатная сытуацыя. У нас уся інфармацыя, якая тычыцца аховы мяжы, даводзіцца рэгулярна».

Крымінальную справу аб парушэньні прапаршчыкам памежных войскаў сваіх абавязкаў вёў Сьледчы камітэт. Паводле зьвестак сьледчых, памежнік у час свайго дзяжурства атрымаў ад памежнага нараду зьвесткі пра тое, што паветраную мяжу парушыў лёгкаматорны самалёт. Гэта здарылася раніцай 4 ліпеня на тэрыторыі Івейскага раёну, які мяжуе з выступам літоўскай зямлі, што ўдаецца ў тэрыторыю Беларусі амаль на 30 кілямэтраў. Як вырашыў суд, памежнік з-за асабістай нядбайнасьці не далажыў пра парушэньне мяжы дзяжурнаму памежнага атраду і ў часткі ваенна-паветраных сілаў і супрацьпаветранай абароны.

Асуджаны памежнік будзе адбываць 2 гады зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. «Гэта можа быць любая з калёній краіны. Раней лічылася, што ў Беларусі ёсьць сама меней дзьве „зоны“ для былых міліцыянтаў і вайскоўцаў — гэта „Віцьба-3“ і ў Шклове. Але цяпер, наколькі нам вядома, гэтае правіла ўжо ня дзейнічае», — паведаміў «Свабодзе» кіраўнік праваабарончай установы «Плятформа», былы палітвязень Андрэй Бандарэнка.

4 ліпеня 2012 году з швэдзкага самалёта, які даляцеў да Менску і вярнуўся тым жа шляхам у Літву, былі скінутыя плюшавыя мішкі з плякацікамі ў абарону свабоды слова ў Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG