Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявіўся першы выпуск гарадзенскага літаратурнага альманаху «Новы Замак».

У ім — творы дваццаці аднаго аўтара. Апроч вершаў і прозы, публікуюцца таксама пераклады паэзіі, крытыка, дзёньнікі. Альманах — выданьне Гарадзенскага абласнога аддзяленьня грамадзкага аб’яднаньня «Саюз беларускіх пісьменьнікаў». Выйшаў ён у выдавецтве «Кнігазбор» накладам дзьвесьце асобнікаў.

Назва альманаху мае ўвасабляць духоўныя каштоўнасьці Гарадзеншчыны: у Новым каралеўскім замку захоўваюцца музэйныя зборы, калекцыя старадрукаў і фонды Абласной бібліятэкі імя акадэміка Яўхіма Карскага.

Першы выпуск быў падрыхтаваны да друку прыканцы 2012 году. Сёлета плянуецца выдаць другі нумар гадавіка.

Апроч вершаў і прозы, у «Новым Замку» публікуюцца пераклады паэзіі, крытыка, дзёньнікі, хроніка. Прафэсар Аляксей Пяткевіч у «Крэсках з мае дарогі» ўспамінае, як у Горадні адбывалася змаганьне за беларускую школу. Апошні запіс дзёньніка пазначаны 19 верасьня 1991 году, аўтар нібы міжволі спыніўся: «Пачынаецца новы адлік гісторыі на маёй зямлі. Сёньня Беларусь перастала быць савецкай. Яе афіцыйная назва — «Рэспубліка Беларусь», яе сьцяг — бел-чырвона-белы, яе герб — «Пагоня».

У Горадні двойчы — у 1956 і 1958 гадах выходзіў абласны літаратурны альманах «Нёман». У 1986-м «Мастацкая літаратура» выдала зборнік твораў літаратараў з Гарадзеншчыны «Краю мой Нёман». Філія СПБ, якім кіруе М.Чаргінец, выпускае свой альманах «На нёманскай хвалі».
XS
SM
MD
LG