Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Камэрсанты» з «Дынама» — сярод аўтсайдэраў КХЛ


У беларускім хакеі — чарговы правал. Сьледам за нацыянальнай зборнай Беларусі, якая ня здолела прабіцца на Алімпіяду 2014 году ў Сочы, няўдачу пацярпела галоўная клюбная каманда — менскае «Дынама»: па выніках рэгулярнага чэмпіянату менчукі ня трапілі ў плэй-оф Кантынэнтальнай хакейнай лігі і цяпер зь іншымі аўтсайдэрамі пазмагаюцца за суцяшальны «Кубак надзеі».

Спартовы аглядальнік Яўген Валошын кажа, што, ня гледзячы на шчодрае дзяржаўнае фінансаваньне і высокія заробкі хакеістаў, менскае «Дынама» так і засталося калектывам, якому бракавала галоўнага — волі да перамогі:

Яўген Валошын

Яўген Валошын

«Што тычыцца хакейнага „Дынама“ — ну дык што гэта? У прынцыпе, нават сераднячком КХЛ не назавеш. Нават калі ў плэй-оф выходзілі, выляталі ў першым жа раўндзе. Хоць у хакеістаў проста фантастычныя заробкі ў параўнаньні з нашымі сапраўды вартымі атлетамі: алімпійскім чэмпіёнам Сяргеем Мартынавым, алімпійскай прызэркай Аляксандрай Герасіменяй, тымі ж футбалістамі БАТЭ. Гэты спорт у Беларусі — спорт-фаварыт, на які рабілі стаўку не з-за таго, што ў нас у ім нейкія супэрвынікі былі ці багатыя традыцыі, а з-за таго, што гэта падабалася пэўным людзям. Пры гэтым ніякага прафэсійнага, сыстэмнага падыходу да разьвіцьця хакею не было і няма. Зрэшты, тое ж самае ў нас і ў эканоміцы, і ў многіх іншых сфэрах. Тая ж самая праблема, што і ў хакеі, пад капірку сьпісаная».

На думку галоўнага рэдактара спартовага парталу Goals.by Алега Гаруновіча, «Дынама» ў цяперашнім выглядзе трэба разглядаць як камэрцыйны праект, які ня ставіць сабе за мэту падрыхтоўку маладых хакеістаў. Ускосным пацьверджаньнем камэрцыялізацыі — амаль два дзясяткі легіянэраў, якія цягам сэзону надзявалі швэдры «зуброў»:

на гэты момант — гэта больш камэрцыйны праект, чым праект, накіраваны на посьпехі нацыянальнай зборнай, усяго беларускага хакею

«Пытаньне ў тым, што здольных хлопцаў у прынцыпе зьяўляецца надзвычай мала, і яны не ўзмацняюць ні „Дынама“, ні нашу зборную. Усё ж пытаньне выхаваньня маладых хакеістаў, новых хакейных зорак — гэта не прыярытэт „Дынама“. Цяперашняе „Дынама“ — гэта камэрцыйны клюб, які павінен імкнуцца да самаакупнасьці, павінен запаўняць трыбуны. Там ужо даўно, як падаецца, унутрана адхрысьцілася ад таго, што будуць рыхтаваць гульцоў для зборнай. Яшчэ раз паўтару: на гэты момант — гэта больш камэрцыйны праект, чым праект, накіраваны на посьпехі нацыянальнай зборнай, усяго беларускага хакею. Апошнім часам сытуацыя крыху зьмянілася. Калі прыйшоў да руля Андрыеўскі, ён стаў больш давяраць беларускім гульцам, але за паўсэзона нічога зьмяніць нельга ў корані».

Паводле наяўнай інфармацыі, цяперашні паказьнік самаакупнасьці «Дынама» ледзь перавышае 10%, усё астатняе — дзяржаўная падтрымка. Пры тым, што ў мінулым сэзоне бюджэт каманды крыху не дацягнуў да 25 мільёнаў даляраў, вынікае, што больш за 20 мільёнаў даляраў празь пераарыентацыю валютных плыняў уклала дзяржава. Сёлета галоўны донар менчукоў — «Беларуськалій». Сьвежых фінансавых раскладак пакуль няма, але ў мінулым годзе амаль з 25 мільёнаў даляраў 12 мільёнаў 500 тысяч пайшлі на заробкі хакеістам. Ніжэй як 20 тысяч на месяц не зарабляе ніхто, рэкордныя даходы — блізу 80 тысяч даляраў.

Ці варта чакаць аргвысноваў з боку Аляксандра Лукашэнкі, які ўжо неаднойчы рэзка выказваўся на адрас хакеістаў і мэнэджэраў як нацыянальнай зборнай, так і менскага «Дынама»? Экспэрт парталу Goals.by Алег Гаруновіч перакананы, што лёс некаторых галоўных асобаў ужо прадвызначаны, а недахопу ў прэтэндэнтах на вакантнае месца ня будзе:

Захараў паспрабуе нейкім чынам прыйсьці да ўлады ў „Дынама“

«Аргвысновы будуць зробленыя, але наўрад ці трэба сюды замешваць Фэдэрацыю хакею. Кіраўнік фэдэрацыі даўно хацеў пакінуць сваю пасаду. Мне здаецца, Ворсіну там не намазана мёдам, ён хоча сысьці ў тую ж дырэкцыю па арганізацыі чэмпіянату сьвету па хакеі, мець там тыя ж грошы (ці нават большыя), але не атрымліваць пастаянных кпін з боку прэсы, заўзятараў, не вырашаць праблемы, якія ў беларускім хакеі набраліся яшчэ да Ворсіна. Высновы будуць зробленыя на ўзроўні кіраўніцтва клюбу і, магчыма, кіраўніцтва таварыства „Дынама“. Лёс Бародзіча — пад пытаньнем, лёс Матушкіна — пад пытаньнем. Зараз можа разыграць сваю карту галоўны трэнэр „Юности“ Міхаіл Захараў, які даўно марыць паказаць сябе ў КХЛ. Наколькі мне вядома, такія спробы будуць рабіцца — Захараў паспрабуе нейкім чынам прыйсьці да ўлады ў „Дынама“. Альбо проста паспрабаваць трапіць у КХЛ са сваёй камандай. Думаю, што гэта самы рэальны сцэнар».

Такім чынам, зборная Беларусі і менскае «Дынама» склалі кампанію «Юности» Міхаіла Захарава, якая няўдала завяршыла выступ у расейскай Вышэйшай хакейнай лізе яшчэ раней. Але калі для нацыянальнай каманды і «Юности» кваліфікацыйныя спаборніцтвы ўжо скончыліся, то «зубры» яшчэ пагуляюць у заснаваным сёлета турніры «Кубак надзеі» для няўдачнікаў Кантынэнтальнай хакейнай лігі.
XS
SM
MD
LG