Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія архівы: сын Сталіна, магчыма, здаўся ў палон сам


Сын Сталіна Якаў здаўся немцам сам у ліпені 1941-га, а ня быў захоплены ў палон, як гадамі цьвердзіла савецкая прапаганда. Такую выснову дазваляюць зрабіць новыя дакумэнты, знойдзеныя ў расейскіх архівах.

Як вядома, Сталін з пагардай ставіўся да свайго першага сына, Якава Джугашвілі, які ў 1943 годзе, як мяркуецца, скончыў жыцьцё самагубствам, кінуўшыся на падключаную да электратоку агароджу ў канцлягеры Заксэнгаўзэн ва Ўсходняй Нямеччыне.

Аднак доўгія дзесяцігодзьдзі пасьля заканчэньня вайны афіцыйная савецкая прапаганда адмаўлялася адступіць ад афіцыйнай сталінісцкай вэрсіі, паводле якой камандзір артылерыйскай батарэі Якаў Джугашвілі быў захоплены немцамі ў палон падчас баёў за Менск у чэрвені 1941 году.

Аднак з расейскіх архіўных матэрыялаў, апублікаваных нямецкім тыднёвікам Der Spiegel, вынікае, што Джугашвілі ня толькі самахоць здаўся немцам, але яшчэ быў антысэмітам і крытычна выказваўся на адрас Чырвонай Арміі.

Пра самавольную здачу ў палон сьведчыць ліст камісара брыгады Аляксея Румянцава палітычнаму кіраўніцтву Чырвонай Арміі. У лісьце ён паведамляе, што сын Сталіна як камандзір батарэі быў «бясстрашны і бездакорны», але далей тлумачыць абставіны ўцёкаў Джугашвілі і салдата Папурыдэ, пасьля таго як немцы разбамбілі іх батарэю.

«Яны закапалі свае дакумэнты і пераапрануліся ў цывільнае, — паведамляецца ў лісьце. — Калі яны выйшлі да возера, таварыш Джугашвілі сказаў Папурыдэ, каб той ішоў далей сам, а ён застанецца адпачыць».

Паводле «Шпігеля», жаданьне Якава Джугашвілі «застацца адпачыць» сьведчыць пра тое, што ён вырашыў здацца ў палон. Тыднёвік таксама цытуе нямецкія справаздачы аб допытах Джугашвілі, дзе той вельмі крытычна выказваўся аб Чырвонай Арміі, называючы яе кіраўнікоў «дурнямі і ідыётамі».

Джугашвілі, чыя жонка Юлія была габрэйка, на допытах выказаўся і пра габрэяў: «Для іх найважнейшае — рабіць гешэфты. Працаваць яны ня любяць, бо ня ўмеюць».

Тым часам як савецкая прапаганда настойвала на тым, што Якаў Джугашвілі быў захоплены немцамі, дачка Сталіна Сьвятлана Алілуева пісала ў сваіх успамінах, што яе бацька лічыў, нібыта ягоны сын самахоць здаўся немцам, паддаўшыся нагаворам жонкі. Яна згадвае, што на загад Сталіна Юлія была арыштаваная, яе катавалі і дапытвалі.

Пасьля разгрому нямецкага войска пад Сталінградам у 1943 годзе нацыстоўскі рэжым запрапанаваў абмяняць Джугашвілі на каштоўнага нямецкага палоннага. Аднак, паводле Сьвятланы, бацька адмовіўся разглядаць гэтую прапанову.

Апошнія гады жыцьця Якава Джугашвілі добра задакумэнтаваныя, аднак шмат хто ў Расеі дагэтуль ня верыць, што Сталінаў сын наагул быў у нямецкім палоне. Некаторыя вераць, што ён уцёк у Італію, ЗША або Канаду, іншыя лічаць, што ён дабраўся да Іраку, дзе ажаніўся з жанчынай з роду будучага дыктатара Садама Хусэйна.

Вядома ж, архіўныя дакумэнты пярэчаць такім вэрсіям, але ёсьць адна прычына таго, што спэкуляцыі наконт лёсу Якава Джугашвілі не спыняюцца дагэтуль. Урна з прахам чалавека, які загінуў у Заксэнгаўзэне, была перададзеная ў Бэрлін, аднак пасьля зьнікла пры загадкавых абставінах, а зь ёй — і апошнія сьляды Якава Джугашвілі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG