Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армэнія абірае прэзыдэнта


У Армэніі сёньня абіраюць прэзыдэнта. На пасаду кіраўніка дзяржавы прэтэндуюць 7 кандыдатаў. Паводле апытаньняў, найбольшыя шанцы ў дзейнага прэзыдэнта Сержа Саргсяна. Яго галоўным супернікам лічыцца лідэр апазыцыйнай партыі «Спадчына» Раф Аванісян.

За выбарамі назіраюць 632 прадстаўнікі міжнародных арганізацый і акрэдытаваных у Армэніі пасольстваў. Экзыт-полы праводзяць арганізацыі Baltic Surveys і The Gallup Organization. Галасаваньне працягнецца да 20.00 паводле мясцовага часу. Папярэднія вынікі будуць абвешчаныя вечарам.

Поўны сьпіс прэтэндэнтаў выглядае так: дзейны кіраўнік дзяржавы — лідэр кіруючай у краіне Рэспубліканскай партыі Армэніі Серж Саргсян, экс-кіраўнік МЗС — лідэр партыі «Спадчына» Раф Аванісян, старшыня партыі «Свабода» — прэм’ер-міністар краіны ў 1990-я гады Грант Баграцян, лідэр «Нацыянальнага самавызначэньня» Паруйр Айрыкян, старшыня рады «Радыё Ай» палітоляг Андрэас Гукасян, былы кіраўнік МЗС Нагорна-Карабаскай рэспублікі Арман Мелікян і беспрацоўны Вардан Седракян.



Правам голасу ў Армэніі валодаюць крыху больш за 2,5 мільёны чалавек. Для таго каб выбары былі прызнаныя сапраўднымі, у іх павінны ўзяць удзел больш за палову выбаршчыкаў. Для перамогі ў першым туры аднаму з кандыдатаў неабходна набраць 50% плюс адзін голас ад колькасьці тых, хто прагаласаваў. Калі гэтага не адбудзецца, праз два тыдні пройдзе другі тур выбараў.

Прэзыдэнт Армэніі абіраецца на пяць гадоў з правам пераабраньня на другі тэрмін. Першыя папярэднія вынікі выбараў стануць вядома 19 лютага не пазьней за 20.00, а канчатковыя вынікі ЦВК Армэніі абвесьціць праз тыдзень.

На аднаго з кандыдатаў — Паруйра Айрыкяна — 31 студзеня ў цэнтры Ерэвану быў зроблены замах у двары дому, дзе ён жыве. Адразу пасьля замаху, 1 лютага, Айрыкян заявіў, што мае намер зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд з просьбай аб пераносе выбараў. Пасьля ён некалькі разоў мяняў сваё рашэньне. 10 лютага Айрыкян прадставіў зварот у Канстытуцыйны суд аб пераносе выбараў на двухтыднёвы тэрмін, але 11 лютага адклікаў яго.

У цэнтры ўвагі таксама знаходзіцца яшчэ адзін кандыдат у прэзыдэнты — галадаючы ад 21 студзеня Андрэас Гукасян, які патрабуе ад ЦВК прызнаць рэгістрацыю на выбарах дзейнага прэзыдэнта краіны Сержа Саргсяна несапраўднай. Лекары ацэньваюць стан Гукасяна як крытычны.

Экс-прэзыдэнт Армэніі Роберт Качаран (1998-2008), папярэднік Сержа Саргсяна, абвясьціў, што не пойдзе на выбары.

Армянская дыяспара Беларусі налічвае каля 15 тысяч чалавек. Акрамя таго 5-6 тысяч армян, у асноўным грамадзяне Армэніі і Расеі, часова пражываюць на тэрыторыі Беларусі.

***

Спэцыфіка Армэніі і Мытны зьвяз

У інтэрвію расейскай газэце «Московские новости» прэм’ер-міністар Армэніі Тыгран Саргсян выказаўся адносна магчымага сяброўства Армэніі ў Мытным зьвязе.

На пытаньне, наколькі верагоднае гэтае сяброўства, улічваючы адсутнасьць у краіны агульнай мяжы з Расеяй, прэм’ер-міністар адказаў, што гаворка ідзе ня толькі пра адсутнасьць агульных межаў.

«Спэцыфіка Армэніі палягае яшчэ і ў тым, што структура армянскай эканомікі моцна адрозьніваецца ад структуры эканомікі краін Мытнага зьвязу, дзе ёсьць значныя запасы энэргетычных рэсурсаў і дзе праводзіцца палітыка абароны айчыннага вытворцы шляхам досыць высокіх мытных пошлін. У цэлым узровень пошлін у Мытным зьвязе ўдвая вышэйшы за тыя, якія прымяняюцца ў Армэніі».

Таксама Армэнія — адна зь першых краін СНД, якая стала сябрам Усясьветнай гандлёвай арганізацыі.

Паводле Саргсяна, неабходна знайсьці формулу і найбольш эфэктыўныя інструмэнты ўзаемадзеяньня з Мытным зьвязам.

«Пры гэтым мы неаднаразова казалі пра тое, што Армэнія зацікаўленая ў інтэграцыйных працэсах на прасторы СНД і гатовая іх усяляк стымуляваць, паколькі, з аднаго боку, Расея зьяўляецца нашым стратэгічным партнэрам, а з другога — гэта вялікі і пэрспэктыўны рынак, і мы павінны стварыць спрыяльныя ўмовы для вядзеньня бізнэсу ў гэтай прасторы».


***
У сьнежні летась прэзыдэнт Серж Саргсян заявіў, што ў Армэніі ўважліва сочыць за ўсімі інтэграцыйнымі працэсамі на постсавецкай прасторы, і Мытны зьвяз не зьяўляецца выключэньнем.

Мы заўсёды былі за любыя інтэграцыйныя працэсы на постсавецкай прасторы, і Мытны зьвяз, і Адзіная эканамічная прастора не складаюць для нас выключэньня.

«Мы заўсёды былі за любыя інтэграцыйныя працэсы на постсавецкай прасторы, і Мытны зьвяз, і Адзіная эканамічная прастора не складаюць для нас выключэньня. Таму мы зараз вельмі ўважліва сочым за гэтымі працэсамі», — заявіў тады Саргсян і нагадаў, што на сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным у жніўні была дасягнутая дамоўленасьць стварыць рабочую групу па гэтым пытаньні. Саргсяна цытаваў рэсурс omg.md

«Нам кажуць, што тут існуе спэцыфіка з-за адсутнасьці агульных межаў, розных умоў уступленьня ў СГА, але мы упэўненыя, што тут неабходна экспэртная ацэнка, экспэртыза, якой мы займаемся як з расейскімі калегамі, так і з Эўразійскай эканамічнай камісіяй... Мы ніяк ня можам адмовіцца ад такіх працэсаў, і менавіта таму мы хутка ратыфікавалі дагавор аб свабодным гандлі СНД», — сказаў тады прэзыдэнт Армэніі. На яго думку, эканамічная інтэграцыя — гэта вялікія рынкі, свабоднае перамяшчэньне тавараў, вызваленьне ад бюракратызму на мытнях, бязмытны гандаль.

***

Беларусь у Армэніі прадстаўляе Сухарэнка

Са жніўня 2008 году амбасадарам Беларусі ў Армэніі – былы шэф КДБ Беларусі Сьцяпан Сухарэнка. На пасадзе начальніка галоўнай спэцслужбы Сухарэнка запомніўся беларусам сэнсацыйнай інфармацыяй напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году пра тое, што апазыцыянэры рыхтуюцца атруціць дохлымі пацукамі водаправод. Зьвесткі Сухарэнкі пасьля выбараў не пацьвердзіліся. У адстаўцы Сьцяпан Сухарэнка прабыў параўнальна нядоўга.

Нядаўна афіцыйныя мэдыі цытавалі камэнтар пасла Сухарэнкі адносна заяў Грузіі пра невяртаньне ў СНД. Тон гэтага камэнтара нагадаў назіральнікам былыя выступы Сьцяпана Сухарэнкі як старшыні КДБ.

Перад беларускай амбасадай у Ерэване праводзіліся акцыі пратэсту супраць крымінальнага перасьледу праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Іх ладзіла Хэльсынская асацыяцыя.

***

Відэа- і фотаматэрыялы з выбараў - на нашым англамоўным сайце rferl.org.
XS
SM
MD
LG