Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Сталкеры Свабоды

Уладзімер Кандрусевіч — чалавек, які робіць фрэскі і расьпісвае касьцёлы (відэа)


Уладзімер Кандрусевіч — мастак, які робіць фрэскі. Сталкеры Свабоды

Уладзімер Кандрусевіч — мастак, які робіць фрэскі. Сталкеры Свабоды

Уладзімер Кандрусевіч — адзіны ў Беларусі мастак, які працягвае ў фрэсках традыцыі італьянскага адраджэньня, дадаючы ім свайго непаўторнага аўтарскага стылю. Новая праграма з цыклю «Сталкеры Свабоды».

Сваё трыццацігодзьдзе Ўладзімер Кандрусевіч сустракаў на нарах турмы на Акрэсьціна, куды ён быў кінуты за абарону намётавага мястэчка на пляцы Каліноўскага, які ўзьнік на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у 2006-м. А ў свае трыццаць сем Уладзімер Кандрусевіч пабудаваў дом у вёсцы пад Менскам, нарадзіў сына і дачку, стварыў безьліч жывапісных ды графічных карцінаў на паперы, палотнах, сьценах грамадзкіх ды прыватных памяшканьняў. А яшчэ — расьпісаў два новыя беларускія касьцёлы — у Полацку ды Расонах. Цяпер ён робіць фрэскі ў касьцёле мястэчка Бяльмонты, што на паўночным захадзе Віцебшчыны. Уладзімер Кандрусевіч — адзіны ў Беларусі мастак, які працягвае ў фрэсках традыцыі італьянскага адраджэньня, дадаючы ім свайго непаўторнага аўтарскага стылю.




Уладзімер Кандрусевіч: «Росьпіс у прыбіральні і ў касьцёле — адно і тое ж, калі робіш гэта сумленна»


Уладзімер Кандрусевіч

Уладзімер Кандрусевіч

«Мне ў творчасьці зараз вельмі блізкая тэма апакаліпсісу, канца сьвету і ўсёй гэтай тэматыкі, якая зьвязаная з адказнасьцю за свае ўчынкі, свае думкі. І я веру, што кожны чалавек раней ці пазьней будзе за ўсё адказваць.

Шмат хто кажа мне, што, маўляў, у цябе такое жыцьцё прыгожае, такая сям’я добрая, дзеткі вясёлыя, жывяце вы ў вёсцы на зямлі і ўсё ў вас так амаль ідылічна, а ў карцінах наадварот — усё чорныя, чырвоныя, крывавыя колеры, тэматыка іх змушае думаць. І гэта мне важна — каб задумваліся пра тое, што я малюю.

Я веру ў тое, што кожны чалавек, калі выконвае сваю справу сумленна, то ён робіць унёсак у агульную творчую скарбонку і пры гэтым нават няважна, чым ён займаецца. Мне здаецца, што калі ты дворнік, прыбіраеш на вуліцах і робіш гэтую справу сумленна, то гэта ў прынцыпе — тое самае, што і калі ты робіш у касьцёле фрэску. Таму што гэта таксама для людзей, значыць — і для Бога. Калі б я рабіў росьпіс у прыбіральні і ў касьцёле, то па ўнутраным стане — не хацелася б тут нікога пакрыўдзіць — для мяне гэта было б адно і тое ж.

Пасьля развалу Савецкага Саюзу, у якім шмат было халтуры і не было якасьці, да прыкладу, у будаўніцтве, шмат хто з моладзі засяродзіўся на якасьці практычнай. І гэта актуальная цяпер тэма, бо мне здаецца, практычная якасьць — не самамэта. Я веру ў тое, што якасьць у адносінах паміж людзьмі — яна ня менш важная. Калі ў цябе ёсьць некалькі гадзінаў, каб пабыць з каханым чалавекам, зь дзеткамі ці яшчэ з кім любімым, то гэтае сумоўе таксама патрабуе якасьці, самааддачы, каб сканцэнтравацца ў думках і пачуцьцях сваіх і быць цалкам вось тут і цяпер. І гэтая якасьць адносінаў ня менш важная за якасьць працы».

----------------

Сталкеры Свабоды — новая праграма нашага Радыё. У ёй мы распавядаем пра людзей, якія сілай сваіх перакананьняў, творчай актыўнасьцю, нязломным аптымізмам, глыбінёю веры ў сваё боскае прадвызначэньне ствараюць уласную тэрыторыю свабоды. Героі праграмы — земляробы і інтэлектуалы, адзінокія маці і шматдзетныя бацькі, спартоўцы і эколягі, невядомыя народныя майстры і выбітныя прафэсійныя мастакі, вольныя вандроўнікі і вязьні турмаў — усе тыя, хто штодзённа імкнецца расшырыць уласную тэрыторыю свабоды да межаў уласнае краіны. Штотыдзень па панядзелках на нашым сайце — новае відэа Сталкераў Свабоды.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG