Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заяву намесьніка старшыні Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце Уладзімір Рабаволаў аб «чорным сьпісе» сайтаў камэнтуе Валянцін Стэфановіч.

Цікавую заяву Радыё «Свабода» зрабіў на мінулым тыдні намесьнік старшыні Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рабаволаў.

Паводле ягоных словаў, інтэрнэт-сайты, доступ да якіх быў заблякаваны паводле адпаведнай пастановы ААЦ ад 29 чэрвеня 2010 году, аказваецца, могуць зьвярнуцца ў адпаведныя дзяржаўныя органы з апэляцыяй. І, калі яны выправяць выказаныя заўвагі, доступ да іх, маўляў, будзе адноўлены.

Па інфармацыі таго ж У. Рабаволава, зараз у «чорных сьпісах» знаходзяцца 119 інтэрнэт-рэсурсаў, якія ў асноўным утрымліваюць матэрыялы парнаграфічнага і экстрымісцкага характару ці парушаюць аўтарскія правы. Сярод гэтых 119 забароненых сайтаў ёсьць і сайт Праваабарончага цэнтру «Вясна».

Мне як намесьніку старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» вельмі хацелася б ведаць: зь якой такой прычыны ААЦ прыняў рашэньне абмежаваць доступ да сайту нашай арганізацыі? Ніякіх афіцыйных уведамленьняў у сувязі з гэтым нам ніхто не дасылаў, судовых рашэньняў аб прызнаньні нашай арганізацыі экстрымісцкай, наколькі мне вядома, не выносілася, аўтарскія правы мы не парушаем, бо самі зьяўляемся аўтарамі інфармацыі.

Можа, наш сайт аднесьлі да катэгорыі парнаграфічных?

Але ў мяне ёсьць устойлівае ўражаньне, што наяўнасьць у краіне цэнзуры, у тым ліку незалежных і праваабарончых інтэрнэт-рэсурсаў, гэтай самай парнаграфіяй і зьяўляецца. У нашай краіне ўвогуле шмат чаго парнаграфічнага.

Напрыклад, артыкул 193.1 КК Беларусі, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць у выглядзе пазбаўленьня волі толькі за факт дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі, прычым незалежна ад мэтаў такой дзейнасьці. Гэта ж суцэльная парнаграфія.

А беларускія выбары, вынікі якіх вядомыя яшчэ да іх пачатку, — чым не порнасюжэт?

Ды і ўвогуле, знаходжаньне ва ўладзе адной і той жа асобы вось ужо на працягу амаль 19 гадоў — гэта ж проста «жэстачайшэе» порна!

Так што, таварышы парнографы, ні зь якай апэляцыяй мы да вас зьвяртацца не зьбіраемся па той простай прычыне, што дзейнасьць нашая абсалютна законная і легітымная. Чаго і вам жадаем.

Змагар з парнаграфіяй
Валянцін Стэфановіч.


Крыніца матэрыялу:
http://spring96.org/be/news/61351

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG