Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Барысік — пра дачыненьні катоў і людзей у белліце


Тацяна Барысік

Тацяна Барысік

Калі сабаку ўсе лічаць сябрам чалавека, дык у выпадку з катом хутчэй наадварот — чалавек з’яўляецца каціным сябрам. Калі, вядома, кот гэтага захоча. Тацяна Барысік — пра дачыненьні катоў і людзей у белліце.

Марві Яла. Дзівосная ноч. Казачная аповесьць. Менск, Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтар, 1994

Калі вашае дзіця разгорне кнігу фінскай пісьменьніцы, дык абавязкова даведаецца, што каты не заўжды хатнія і паслухмяныя. Яны могуць быць адважнымі, рызыкоўнымі, вынаходлівымі. Яны маюць сваё кацінае каралеўства, прынцаў і прынцэс, мянушкі зусім інакшыя ад тых, якімі іх клічуць людзі. У сваіх прыгодах дзеля агульнай перамогі каты кіруюць сабакам, канём, чалавекам і нават умеюць размаўляць, як людзі, праўда, толькі ў адзіную чароўную ноч, што надыходзіць раз у тысячагодзьдзе. Дзівоснае падарожжа ў каціны сьвет настолькі захапляльнае і пераканальнае, што нават мая вельмі практычная шасьцігадовая дачка ўсур’ёз запыталася — ці бывае такая ноч насамрэч? Думаю, пераконваць яе ў адваротным няслушна. Пасьля такой казкі аргумэнтаў ня хопіць.


Сяргей Рублеўскі. Два каты і два сабакі. Апавяданьне з кнігі «Азярод». Менск, Выдавецкі цэнтар БДУ, 2003

Гэтае апавяданьне — філязофскае разважаньне аб асаблівасьцях дачыненьняў чалавека з катом і сабакам. Грунтоўна, бы ў навуковай працы, выклаўшы сваю пазыцыю, у апошніх радках твора аўтар робіць выснову: «Усё сваё несьвядомае і большасьць сьвядомага жыцьця ў душэўных памкненьнях насустрач людзкому сьвету я быў сабакам, а цяпер хачу стаць катом. Катом лацьвей». Цалкам згодная з такой думкаю і парадаю: «Каб займець большае ўяўленьне пра сьвет, завядзіце на сялібе двух катоў і двух сабак». Толькі вось на гэткай колькасьці чацьвераногіх сяброў варта спыніцца. Інакш для вас і вашых сямейнікаў стане злабадзённым яшчэ адно выслоўе, пачутае аднойчы там, дзе мала людзей і багата бадзяжнай жывёлы: «Катоў і сабак шмат, а бацька і маці — адны!»


Янка Сіпакоў. Стафэта. Апавяданьне з кнігі «Журба ў стылі рэтра». Менск, «Мастацкая літаратура», 1990

Перад вачыма паўстае эпізод з жыцьця непэрспэктыўнай вёскі на ўсходзе Беларусі, сумны, як апошнія гады яе жыцьця, і даволі часты. Нямоглыя суседкі хаваюць адзінокую, памерлую ад гарэлкі старую. Магілу капаць няма каму, труна накрытая зьнятаю з вакна фіранкаю, побач з запаленай сьвечкай стаіць, згодна з мясцовым звычаем, неадкаркаваная бутэлька віна. На двары, ля плота забаўляецца з кацянятамі котка па мянушцы Стафэта. Яна сама пераходзіць з хаты ў хату пасьля сьмерці чарговай гаспадыні.

Ля бабулінай хаты заўжды мяўкала некалькі «стафэтаў» і толькі тая акалічнасьць, што на сваім каціным вяку яны перажылі некалькі гаспадароў, ратавала іх ад добрага кухталя. Усё-такі Стафэта Янкі Сіпакова — шчасьлівая, бо пакуль ёсьць да каго пераходзіць. Лёс «стафэты», што перажыла ўсіх людзей, наогул незайздросны — вячэра для вялізнага бадзяжнага сабакі.


Сабачыя паперы. Беларуская народная казка з кнігі «Расказваў неяк Міхалка з Данеяк». Літаратурная апрацоўка Анатоля Клышкі. Менск, «Народная асьвета», 2011

Уцямнае і самабытнае тлумачэньне спрадвечнага варагаваньня між катом і сабакам. Аказваецца, вельмі даўно кот збаёдаў сабачыя паперы на шляхецтва. А гэтага дараваць, вядома, нельга.

У дзяцінстве я ўжо чула адзін з варыянтаў казкі, у якім замест сточаных мышамі папераў на шляхецтва фігураваў спалены сабачы пашпарт. Які ж дакумэнт сёньня здатны замяніць у казцы і пашпарт, і паперы на шляхецтва? Паўгадзінны экскурс у гісторыю для пяцігадовых малых заскладаны. Пасьведчаньне кіроўцы? Мэдычная даведка? Не, мусіць, банкаўская картка!


Леаніла Чарняўская. Кот Знайдзён. Апавяданьне з кнігі «Леаніла Чарняўская. Апавяданьні». Менск, «Мастацкая літаратура», 1983

«Пішчаў нехта ў траве, ды так тоненька, жаласна. Пакуль дзеці аглядаліся, выпаўзла з травы малое кацяня і, задраўшы ўгару тонкі, як шыльца, хвосьцік, што было сілы пнулася да дзяцей…Коцік скруціўся на каленях, заплюшчыў вочы, свае маленькія, малочна-сінія вочкі; рыхтаваўся спаць і курныкаў, як умеў, няроўна, нячыстым голасам: кур-ну,кур-ну…»

Рэдка хто можа пахваліцца такой назіральнасьцю, падараваць столькі замілаваньня дзіцячаму сэрцу ды яшчэ і даць параду па гадаваньні кацяняці: «Не абкарміце яго толькі. Ён яшчэ маленькі…»

Лаўлю сябе на думцы — калі б каты і каціныя фотаздымкі зьніклі з зямлі, узнавіць іхні выгляд цалкам магчыма па гэтым дзіцячым апавяданьні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG