Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААЦ — заблякаваным сайтам: Пішыце апэляцыі


Уладзімер Рабаволаў, намесьнік старшыні Апэратыўна-аналітычнага Цэнтру пры прэзыдэнце РБ, раіць рэдактарам гэтых рэсурсаў зьвярнуца з апэляцыяй.

«Наколькі мне вядома, да «Хартыі-97» і «Белапартызана» былі пытаньні па аўтарскіх правах і па журналісцкай этыцы. Уся інфармацыя па гэтых рэсурсах ёсьць ва ўпаўнаважаных органах. Мы ж сьпісы не складаем, — адказвае Уладзімер Рабаволаў на пытаньне Радыё Свабода пра «чорныя сьпісы».

«Ёсьць дакладна прапісаны мэханізм апэляцыі па гэтым пытаньні. Таму яны могуць зьвярнуцца ва ўстаноўленым парадку. Калі заўвагі, якія да іх былі, ужо выпраўленыя, то ніякіх праблемаў ня будзе. Гэта маё асабістае меркаваньне».

«Абсалютным глупствам» называе заяву прадстаўніка ААЦ заснавальнік «Беларускага партызана» Павал Шарамет.

«Ніякіх аўтарскіх правоў мы не парушалі. Ніякіх этычных нормаў мы не парушалі. Мы заўжды жорстка за гэтым сочым. Усе гэтыя „аўтарскія правы“ і „журналісцкія нормы“ — проста адгаворка».

Павал Шарамет

Павал Шарамет

Павал Шарамет кажа, што ў «чорны сьпіс» рэсурс трапіў падчас актыўных публікацый пра злоўжываньні сярод кіраўнікоў беларускіх спэцслужбаў. Паводле ягоных слоў, «Белпартызан» увесь час зазнае хакерскія атакі, а ў час палітычных кампаній і спробы наўпроставага супрацьдзеяньня.

Ніякіх афіцыйных лістоў, просьбаў ці дакумэнтаў ад упаўнаважаных органаў беларускай улады рэдакцыя «Белпартызана» не атрымлівала. Пра тое, што рэсурс «блякуюць», яны даведаліся пасьля чарговай нарады Аляксандра Лукашэнкі, дзе ён жорстка выказаўся пра незалежных журналістаў.

Шарамет: «Звароты ў ААЦ зь нейкімі лістамі, просьбамі нас „прабачыць“ ці нешта падобнае — гэта беспэрспэктыўна і бессэнсоўна. Гэта орган, які быў створаны выключна з карнымі мэтамі. Першы кіраўнік гэтага органу — цяперашні старшыня КДБ Вакульчык вядомы сваімі „художествами“ . Таму пры цяпершаняй уладзе ўсе спецслужбы выконваюць выключна карную функцыю супраць апазыцыйных палітыкаў, грамадзянскай супольнасьці й незалежных СМІ. Так было 10 гадоў таму, так застаецца і цяпер».

«Скралі палову нашай аўдыторыі, — кажа Павал Шарамет. — Мы падлічвалі пасьля таго, як трапілі ў гэтыя „чорныя сьпісы“. Ёсьць жа яшчэ „гістэрыя“ ня толькі вакол нас, але і вакол іншых сайтаў — запалохваюць людзей, што нельга гэтыя сайты глядзець. Вось у выніку мы страцілі 50% наведнікаў».

Натальля Радзіна

Натальля Радзіна

Натальля Радзіна, галоўная рэдактарка сайта charter97.org: «Пра які закон можа гаварыць прадстаўнік спэцслужбаў Беларусі пасьля таго, як быў забіты Алег Бябенін, а мяне катавалі ў турме КДБ? Рабаволаў — звычайны лукашэнкаўскі чыноўнік, які за нормамі юрыдычнага права спрабуе схаваць намер канчаткова зьнішчыць свабоду слова».

Натальля нагадвае, што з такой самай падставы закрывалі незалежныя газэты і выносілі папярэджаньні «Народнай волі» і «Нашай ніве». «Ніякія падкантрольныя ўладам суды і апэляцыі ў Беларусі іх не ратуюць», — падсумоўвае Радзіна.

У выніку трапляньня ў «чорны сьпіс» рэсурс charter97.org страціў каля траціны наведнікаў.

Між тым, паводле ранейшай афіцыйнай інфармацыі, доступ да абодвух рэсурсаў быў абмежаваны па ініцыятыве Генэральнай пракуратуры Беларусі. Пра гэта стала вядома 11 красавіка 2011 году. У той дзень на брыфінгу начальнік упраўленьня па наглядзе за выкананьнем заканадаўства і законнасьцю прававых актаў Генэральнай пракуратуры Павел Радзівонаў паведаміў, што "на названых сайтах разьмяшчалася інфармацыя, якая не адпавядае заканадаўству. У прыватнасьці – заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах".

Акрамя таго, Радзівонаў заўважыў, што наведнікі згаданых сайтаў у сваіх камэнтарах часта дапускалі выказваньні, якія "зьневажаюць гонар і годнасьць іншых грамадзян, у тым ліку дзяржаўных чыноўнікаў".

«Чорны сьпіс» зьявіўся згодна з пастановай Апэратыўна-аналітычнага цэнтру ад 29 чэрвеня 2010 году. Сярод іншых у яго трапілі рэсурсы: «Хартыя-97», электронны абменьнік валют «Пракаповіч», блог Яўгена Ліпковіча ў «Жывым журнале», сайт праваабарончага цэнтру «Вясна».

Па інфармацыі Ўладзімера Рабаволава, цяпер у сьпісе 119 рэсурсаў, якія, збольшага, утрымліваюць матэрыялы парнаграфічнага і экстрэмісцкага характару ці парушаюць аўтарскія правы. Доступ да гэтых рэсурсаў закрыты ў дзяржаўных установах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG