Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве завяршаецца незвычайная падзея — Дзень беларускай Вікіпэдыі. Упершыню ў польскай сталіцы цягам 7 гадзін удзельнікі мерапрыемства супольна пісалі артыкулы ў Вікіпэдыю па-беларуску, прычым рабілі гэта па жаданьні — клясычным альбо афіцыйным правапісам.

Калі б ня ведаць, што адбываецца ў адной з аўдыторыяў варшаўскага Collegium Civitas, што месьціцца ў цэнтральным будынку польскай сталіцы — Палацы культуры і навукі, дык можна было б падумаць, што каля двух дзясяткаў студэнтаў проста прыйшлі на лекцыю. Але…

«Тут сабраліся беларусы і палякі, каторыя ведаюць беларускую мову. Разам вучымся, як пісаць гэтыя артыкулы ў Вікіпэдыю. Большасьць з гэтых людзей ніколі не пісалі артыкулаў для свабоднай энцыкляпэдыі, таму задаюць пытаньні, а мы дапамагаем, падказваем», — кажа варшаўскі інжынэр Томаш Блядынец, які дагэтуль напісаў у польскую Вікіпэдыю болей за тысячу арыткулаў пра Беларусь.

На сёньняшні дзень у беларускай Вікіпэдыі ёсьць прыкладна 50 тысячаў артыкулаў напісаных клясычным правапісам і практычна столькі ж — афіцыйным, а гэта значыць, што часта праца, інтэлектуальны высілак проста дублюецца, мяркуе спадар Блядынец.

«Пвінна быць адна беларуская Вікіпэдыя. Падзел у сытуацыі, калі беларускімі вікіпэдыямі увогуле карыстаюцца меней за 2% беларусаў, гэта яскравы прыклад сытуацыі, калі беларусы маглі б тут аб’яднацца дзеля агульнай справы, але яны падзяліліся».

Суарганізатар імпрэзы — суполка Беларуская нацыянальная памяць, якай раней ладзіла пераважна імпрэзы, зьвязаныя зь беларускай гісторыяй, але гэтым разам абрала зусім іншы фармат, кажа яе лідэр Анатоль Міхнавец.

«Гэта незвычайна для нас, але мы шукаем розныя шляхі, каб прыцягнуць моладзь да беларукай гісторыі. Восеньню ўзьнікла ідэя наладзіць вось такую акцыю, бо беларуская Вікіпэдыя у параўнаньні зь іншымі ня надта папулярная ды багатая».

Арганізатараў фінансава, адмысловымі падарункамі, а таксама ўласнымі ведамі падтрымала польская Вікіпэдыя, у прыватнасьці яе адміністратар Марэк Стальмасік.
Марэк Стальмасік, Анатоль Міхнавец, Томаш Блядынец

Марэк Стальмасік, Анатоль Міхнавец, Томаш Блядынец


«Наша мэта — падтрымліваць усе ініцыятывы, зьвязаныя зь Вікіпэдыяй. Мы дапамагаем у нашай краіне, прыкладам, кашубскай ці сылескай Вікіпэдыі. А беларуская супольнасьць у Польшчы даволі вялікая, і таму гэта мы таксама спрабуем падтрымаць».

Адмыслова да сёньняшняй імпрэзы мастак з Падляшша Дарыюш Вашчынскі стварыў лягатып з выявамі беларускай Пагоні, польскага Арла ды матэматычнай формулы, што разам мае сымбалізаваць польска-беларускае супрацоўніцтва.
XS
SM
MD
LG