Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Мацкевіч, які абвясьціў сябе лідэрам грамадзянскай супольнасьці Беларусі, апошнім часам рэгулярна зьяўляецца ў мэдыях. І з гледзішча тэхналёгіі гэта правільна, бо ва ўмовах Беларусі, калі грамадзка-палітычнага жыцьця няма, адзіная пляцоўка, дзе асоба, якая прэтэндуе на лідэрства, можа заявіць пра сябе, — гэта сродкі масавай інфармацыі. Ягоная афіцыйная пасада гучыць вельмі грувастка: кіраўнік каардынацыйнага камітэту Нацыянальнай плятформы Форуму грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства». Чарговае інтэрвію, якое Мацкевіч даў газэце «Белорусы и рынок» (№ 6, 11.02.2013 г.), надрукаванае пад назвай: «Круглы стол — краевугольны камень нашай стратэгіі».

Як і ў іншых сваіх публічных выступах, Мацкевіч настойліва прасоўвае думку, што грамадзянская супольнасьць павінна стаць галоўным фактарам перамен у Беларусі, заняць месца палітычнай апазыцыі, стаць цэнтрам кансалідацыі супраціву цяперашняму рэжыму. Ідэя сама па сабе прыгожая. Маўляў, калі палітычная апазыцыя ня здольная выканаць сваю ролю, то ніша свабодная, і вось грамадзянская супольнасьць пад кіраўніцтвам новага таленавітага лідэра зможа выканаць гэтую місію.

Але тут узьнікае некалькі пытаньняў. Найперш, што сабой уяўляе сёньня грамадзянская супольнасьць у Беларусі? Тлумачэньне, якое Ўладзімер Мацкевіч дае гэтаму прадмету, нейкае цьмянае і размытае.

«Я лічу, што трактоўка грамадзянскай супольнасьці як трэцяга сэктару і сукупнасьці няўрадавых арганізацый няправільная... У нас захоўваюцца і часам актывізуюцца творчыя саюзы. У нас два саюзы пісьменьнікаў, два саюзы журналістаў і г. д. Гэта ўсё таксама грамадзянская супольнасьць. Так, напэўна, можна наракаць на тое, што не артыкулююцца праз гэтыя структуры пазыцыі грамадзянскай супольнасьці, самі гэтыя структуры малаактыўныя. Але, тым ня менш, часам гэта праяўляецца. Скажам, на адным зь першых Усебеларускіх сходаў гросмайстар Віктар Купрэйчык выказаўся супраць палітыкі, якая праводзіцца рэжымам — гэта быў акт мужнасьці, які можна аднесьці да праяў грамадзянскай супольнасьці».

На мой погляд, тут трэба разабрацца з паняцьцем «грамадзянская супольнасьць». Бо тэрміналягічная блытаніна ператварылася ў палітычную блытаніну.

На Захадзе грамадзянская супольнасьць — гэта цэлая сыстэма арганізацый, якія зьяўляюцца пасярэднікамі паміж грамадзянамі і ўладай, прадстаўляюць інтарэсы грамадзтва, выносяць іх на ўзровень дзяржаўных інстытутаў. Там NGO ахопліваюць большасьць насельніцтва і служаць неад’емнай часткай палітычнай сыстэмы.

У Беларусі ж NGO аб’ядноўваюць вузкі слой сацыяльна актыўных энтузіястаў. Казаць пра прадстаўніцтва інтарэсаў вялікіх групаў насельніцтва не выпадае.

У Беларусі ж NGO аб’ядноўваюць вузкі слой сацыяльна актыўных энтузіястаў. Казаць пра прадстаўніцтва інтарэсаў вялікіх групаў насельніцтва не выпадае. Няўрадавыя арганізацыі знаходзяцца ў такім жа гета, на такім жа маргінэсе, як і палітычная апазыцыя. Яны ў асноўным зацыкленыя на вырашэньні ўнутраных праблем. Гэта — цалкам пазасыстэмная зьява.

Праўда, Мацкевіч не прызнае тэзы, што грамадзянская супольнасьць абмяжоўваецца «трэцім сэктарам». Ён лічыць, што гэта шырэйшая зьява. Але аргумэнты на карысьць сваёй думкі прыводзіць дзіўныя. «У нас два саюзы пісьменьнікаў, два саюзы журналістаў». Алі ці можна лічыць Саюз пісьменьнікаў Беларусі на чале з Чаргінцом ці Беларускі саюз журналістаў часткай грамадзянскай супольнасьці? Тады і БРСМ, і ФПБ, і «Белая Русь» таксама трэба лічыць інстытутамі грамадзянскай супольнасьці. Дарэчы, менавіта так трактуе гэтую сытуацыю ўлада. Але грамадзянская супольнасьць па сваёй прыродзе ёсьць добраахвотнае аб’яднаньне грамадзян. У нашым жа выпадку мы маем справу з арганізацыямі, створанымі дзяржаваю. Па сваёй сутнасьці структуры грамадзянскай супольнасьці імкнуцца давесьці інтарэсы грамадзян да ўлады, працуюць па схеме «зьнізу ўверх». Тут жа мы бачым, нешта адваротнае: улада з дапамогай штучна створаных NGO імкнецца ўсталяваць кантроль над пэўнымі сэктарамі грамадзтва.

Прыклад з гросмайстрам Віктарам Купрэйчыкам увогуле ня мае дачыненьня да тэмы нашай размовы. Грамадзянскую пазыцыю лучыць з грамадзянскай супольнасьцю толькі супадзеньне словаў. Хачу зьвярнуць увагу, што
Увогуле трэба прызнаць, што грамадзянскай супольнасьці ў тым сэнсе, як яе разумеюць на Захадзе, у Беларусі няма.

грамадзянская супольнасьць — гэта абавязкова структуры, арганізацыі, у якія аб’яднаныя людзі, а не сукупнасьць грамадзян, індывідаў.

Увогуле трэба прызнаць, што грамадзянскай супольнасьці ў тым сэнсе, як яе разумеюць на Захадзе, у Беларусі няма. Тое, што мы маем цяпер, можна лічыць правобразам, самай пачатковай, зародкавай стадыяй фармаваньня грамадзянскай супольнасьці. І ня больш за тое. Таму, на жаль, у выпадку з Уладзімерам Мацкевічам мы маем справу з палкаводцам бяз войска.

Але самае галоўнае нават не ў гэтых тэарэтычных спрэчках. Лідэр — гэта чалавек, які кажа: я ведаю, што трэба рабіць, у мяне ёсьць плян, стратэгія, сцэнар, ідзіце за мною. Які ж плян у Мацкевіча? А вось які:

«І лепш, калі мы зьменім Канстытуцыю да новых прэзыдэнцкіх выбараў, абмежаваўшы сёньняшнюю ўладу Лукашэнкі тым, што большая частка грамадзянскай супольнасьці пойдзе на італьянскі страйк і фактычна паралізуе дзеяньні ўраду. І тады яны будуць вымушаныя пайсьці на перамовы, склікаць круглы стол, і гэты круглы стол фактычна стане ўстаноўчым сходам, задачай якога фактычна будзе зьмена дзяржаўнага палітычнага ладу».

Зразумела, Мацкевіч можа сказаць, як у той знакамітай прыпавесьці пра мышэй і ката: мая функцыя палягае ў тым, каб вылучаць добрую ідэю, а яе канкрэтная рэалізацыя — гэта не мая справа. Тым ня менш пытаньне ўзьнікае: як маргінальныя структуры, якія знаходзяцца ў грамадзка-палітычным гета, могуць арганізаваць страйк, паралізаваць уладу і навязаць ёй круглы стол? І без адказу на яго шмат хто можа палічыць Мацкевіча ня вельмі сур’ёзным чалавекам. А гэта шкада, бо я асабіста лічу яго выбітным інтэлектуалам. Але, здаецца, цяпер ён узяўся не за сваю справу, палез у палітыку. А тут гуляюць паводле зусім іншых правілаў і ацэньваюць лідэраў паводле палітычных вынікаў. Маем вельмі шмат прыкладаў, калі інтэлектуалы, якія заняліся палітыкай, больш страцілі, чым набылі. Гэта тым больш справядліва, калі справа тычыцца сучаснай беларускай палітыкі. Рэдкі выпадак, калі я хацеў бы памыліцца.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG