Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб агарадзіць школу, спатрэбілася жыцьцё малога дзіцяці»


У менскай школе № 23, дзе пад коламі аўтамабіля загінуў вучань трэцяй клясы, узмоцненыя меры бясьпекі. Бацькі школьнікаў кажуць, што трагедыі б ня здарылася, каб гэтыя меры былі прынятыя раней.

У школе № 23 пра трагедыю нішто не нагадвае: партрэта школьніка ці кветак у фае няма. Вахтэрка пільна сочыць за маніторам, на які выведзеныя відэакамэры ў двары школы, і размаўляе неахвотна:

Спадарыня: «Усе перажываюць, усе. Шкада і дзіцяці, шкада і кіроўцы — усіх шкада».

Школьны двор цяпер абнесены мэталёвай агароджай, перад варотамі — папераджальныя знакі. Але бацькі школьнікаў кажуць, што пасьля здарэньня водзяць малодшых дзяцей за руку. Трагічнае здарэньне для іх па-ранейшаму сьвежае і балючае:

Карэспандэнтка: «Ваша дачка ходзіць у гэтую школу?»

Спадарыня: «Так».

Карэспандэнтка: «Пра трагедыю ведаеце?»

Спадарыня: «Так, канечне. Я нават ня ведаю, хто тут вінаваты. Мы ж таксама езьдзілі на машыне, вазілі яе. І таксама туды трапілі, нас сфатаграфавалі, я пасьля вельмі перажывала. Але ж мы ня бачылі ніякіх знакаў, цёмна было — усе ехалі і ехалі, а дзіця выскачыла і трапіла. А цяпер вінаватага шукаюць — кіроўцу, канечне. Але мне падаецца, што кіроўца не вінаваты, і мне яго чыста па-чалавечы шкада».

Спадар: «У мяне тут дачка ў школе. Я яе заўсёды за руку ваджу, бо ў гэтай сытуацыі можа апынуцца кожны. Віна кіроўцы тут мінімальная. Перадусім павінна была быць арганізацыя, пачынаючы ад праекту школы, павінны былі быць прадугледжаныя ўсе гэтыя акалічнасьці. Акрамя таго, там ужо былі прэцэдэнты, калі дзяцей на вэлясыпэдах зьбівалі — чаму нельга было гэта раней зрабіць? Агароджу, асьвятленьне — гэта ўсё раней трэба было зрабіць. Калі першыя гэтыя „званочкі“ былі, тады і трэба было ўсе гэтыя пытаньні вырашаць».

Карэспандэнтка: «Ці можна было пазьбегнуць трагедыі, як вы лічыце?»

Спадарыня: «Можна было, каб машыны ўвогуле ня езьдзілі па тэрыторыі школы. Іх жа было вельмі шмат, і гэта — выпадак, што гэты кіроўца трапіўся і гэтае дзіця трапілася. Цяпер машын няма, а раней жа яны ў два шэрагі стаялі. І агароджы ніякай не было — ніхто ж не глядзеў тэрыторыю».
Бачыце, чалавечае жыцьцё павінна было тут легчы, каб усё гэта зрабілі — і сьвятло, і агароджу, і машыны перасталі езьдзіць

Карэспандэнтка: «Хто мусіць несьці адказнасьць за гэта?»

Спадарыня: «А, напэўна, усе павінны: і адміністрацыя школы, і РАНА, і міліцыя — бо „цагліны“ пры ўезьдзе, што праезд праз школу забаронены, так і няма. У мяне два ўнукі — прыводжу і адводжу. Вось аднаго знайшла, а другі на коўзанку пабег — хаджу шукаю».

Усьмешлівая дырэктарка школы Сьвятлана Сачко ад якіх-колечы камэнтароў ветліва адмовілася, спасылаючыся на забарону вышэйшых установаў адукацыі. Бацькі ж бачаць вінаватымі ў трагедыі ня толькі кіроўцу, але і адміністрацыю школы:

Карэспандэнтка: «Пра трагедыю ведаеце?»

Спадарыня: «Так, канечне, усе тут ведаюць».

Карэспандэнтка: «Што пра гэта думаеце?»

Спадарыня: «Канечне, віна кіроўцы ёсьць, але я думаю, што не такая вялікая. Тут віна і дырэктара школы ёсьць з-за таго, што сьвятла не было ніводнага разу — толькі цяпер зьявілася пасьля трагедыі, гэта папраўдзе. Агароджы не было — машыны тут лёталі і разварочваліся. Напэўна, бачыце, чалавечае жыцьцё павінна было тут легчы, каб усё гэта зрабілі — і сьвятло, і агароджу, і машыны перасталі езьдзіць. Гэта ўсё каштавала чалавечага жыцьця — жыцьця малога дзіцяці. Вельмі, вельмі страшна».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG