Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усё, што вы скажаце, можа быць выкарыстана супраць вас. А можа і ня быць. Гэта ўжо як пан пажадае.

Вы ня маеце права на адваката. Яшчэ чаго. Хто парася ўкраў, таму ў навушніках пішчыць. І так усё ясна.

Што да права захоўваць маўчаньне, то, вядома, яно ў вас ёсьць... Але наўрад ці вы здолееце гэта зрабіць — бо мы, у сваю чаргу, маем права катаваць вас самымі рознымі спосабамі, пакуль вы ня скажаце праўду. Іголкі пад пазногці, распаленае жалеза і гішпанскі бот — карацей, увесь набор юнага юрыста пад рукой. Закон дазваляе. Як дазваляе ён праводзіць сьледзтва самому пацярпеламу, аддаваць яму дзяцей вінаватага, калі той ня здольны заплаціць штраф (але не маладзейшых за сем гадоў), і абавязвае вешаць кожнага, хто дапамог дурным чаляднікам хавацца ад свайго добрага гаспадара.

Справядліва? А то ж.

28 лютага 1468 году вялікі князь літоўскі Казімір на дзяржаўным сойме пасьля ўзгадненьня з усімі князямі, панамі-радаю і «ўсім паспольствам» выдае свой знакаміты «Ліст», пазьней абазваны «Судзебнікам» — фактычна, першы ў княстве крымінальны кодэкс. Кнігу, якую некаторыя бацькі і цяпер мараць чытаць сваім дзецям на ноч, замест казак. Невядома, ці ведалі яе на памяць тагачасныя непрацоўныя элемэнты зь іхнай татальнай непісьменнасьцю, але ад гэтага дня ў дзяржаве Казіміра запанаваў які-ніякі, а закон. І няхай закон гэты быў пакуль што толькі дадаткам да ранейшых хаатычных прывілеяў, выглядаў ён зусім ня горш, чым у іншых эўрапейскіх краінах. І ўжо дакладна быў лепшы, чым у краіне на ўсход ад нашай, дзе мясцовы гарант канстытуцыі Іван у той момант больш клапаціўся пра прырастаньне сваёй зямлі за кошт суседзкай. З зайздрасьцю даведаўшыся пра наш прыгожы і зручны судзебнік, масковец пачаў марыць пра такі самы ў сябе. Марыў ён амаль трыццаць гадоў, але ўсё ж такі выдаў. Проста так, каб на саміце ў Крымскім ханстве пахваліцца: вось, маўляў, цяпер і ў нас у Маскве дэмакратыя і прававая дзяржава.

Пры ўсёй сваёй жорсткасьці, якая зрэшты, зусім не супярэчыла тагачасным агульным уяўленьням пра справядлівасьць, судзебнік Казіміра быў спробаю скончыць у Княстве з самавольствам судзьдзяў і анархіяй у судовай справе. І гэта ў той час, калі права вяршыў той, хто мацнейшы, а слабейшы і пікнуць не наважваўся. У судзебніка былі тры моцныя бакі. Ён рабіў пакараньне ўсё больш індывідуальным — хаця раней маглі за правіну аднаго караць цэлую сям’ю, вёску або нават горад. Ён рабіў пакараньне непазьбежным — ад яго цяпер нельга было адкупіцца. І ён вызначаў спосабы пакараньня: каго спаліць, каго павесіць, а з каго спагнаць штраф, цяпер было запісана ў кніжцы, а не залежала толькі ад таго, як правёў мінулую ночку вяльможны пан судзьдзя.

З гэтага самага казіміравага «Ліста» вырасьлі потым тыя тры статуты, якімі мы так ганарымся. Так ганарымся, што і цяпер, прачнуўшыся сярод ночы ў халодным поце, я, дзіця вечнага адраджэньня, гатовы прабубнець малітоўнай скорагаворкай — нібы перадаю камусьці засакрэчанае паведамленьне:

1529, 1566, 1588... 1529, 1566, 1588... Прыём. Прыём.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG