Лінкі ўнівэрсальнага доступу

26 лютага 1932 году беларускія літаратура і мастацтва атрымалі ўласную газэту. Ці, як любяць шалясьцець падшыўкі савецкіх праўдаў, свой рупар. Каб ніхто ня блытаўся, чый жа гэта рупар, і не крычаў у яго штосьці ня ў тэму, назвалі газэту адпаведна: «Літаратура і Мастацтва». Або скарочана: ЛіМ. Гэтае скарачэньне ўзбагаціла потым нашу мову дзіўнымі назоўнікамі «лімавец» і «лімаўка», а таксама прыметнікам «лімаўскі» і дзеясловам «лямантаваць». Зрэшты, наконт дзеяслову я ня пэўны.

Першы нумар ЛіМу адкрываўся прывітаньнем ад самога таварыша Шаранговіча і праграмным артыкулам «Змагацца за магнітабуды літаратуры і мастацтва». Газэта на доўгі час зрабілася голасам беларускай інтэлігенцыі, часам — разважлівым, часам — лісьлівым, але часьцей за ўсё — прымірэнчым басочкам, які і належыць мець сапраўды савецкім літаратуры і мастацтву, калі яны хочуць жыць без асаблівага галаўнога болю.

Усё зьмянілася ў канцы васьмідзясятых, калі ў рупар, які падтрымаў перабудову і галоснасьць, атрымалі права крычаць розныя прагрэсіўныя сілы. ЛіМ пачаў змагацца за зусім іншыя магнітабуды. Гэта ў ім упершыню зьявілася праўда пра Курапаты. Гэта ён, лавіруючы паміж цэнзурай і кан’юнктурай, почасту нёс вольнае слова там, дзе іншыя ўважалі за лепшае прамаўчаць. Нейкі час газэтай, якая пасьпяхова канкуравала ня толькі з маскоўскімі «аганькамі», але і зь Няўзоравым і «СПІД-Інфо», можна было ганарыцца — і нават падпісвацца на ягоную праўду, праўду беларускай савецкай інтэлігенцыі. Якая, як вядома, дакульгала да нашых дзён у тым самым выглядзе, у якім фарсіла ў слаўных васьмідзясятых: у патрыярхальным «пісьменьніцкім» барэціку, насунутым на шчыры сялянскі лоб з добрымі сакратарскімі маршчынкамі. Ад яе ўсё яшчэ ідзе такая моцная духоўнасьць... Яна нават спрабуе нешта адстойваць... Сваё, савецкае, інтэлігенцкае, васьмідзясятніцкае... Але, на жаль, ужо ня ў ЛіМе, які пасьля непрацяглага супраціву быў узяты ў закладнікі новай уладай.

І цяпер ён паводзіць сябе як сапраўдны закладнік. Вымушаны ісьці на розныя д’ябальскія ўгоды, каб выжыць, ён проста перастаў адкідваць цень — такую плату ўзяў з газэты новы цэнзар. ЛіМ вярнуўся нават не ў васьмідзясятыя, і нават ня ў год свайго заснаваньня, бо і тады нейкі цень ад яго ўсё ж быў. Ён проста праваліўся ў Бясчасьсе. І калі мне хочацца паблукаць па гэтым раёне Менску, куды ня ходзяць трамваі і ніколі не правядуць мэтро, я іду і купляю Газэту бязь Ценю. Ці чытаю яе на сайце холдынгу, падобным да старой падшыўкі — перадусім сваім неверагодна насычаным зьместам.

Сучасны ЛіМ — гэта шаснаццаць старонак досыць займальнага чытва. Тут табе і агітацыя, тут і прапаганда. Не адарвацца. Такую газэту сапраўды чытаеш «ад коркі да коркі», як кавун, такая яна чырвона-зялёная. Вось адзін са студзеньскіх нумароў. Пачынаецца ён, як мае быць, з малітвы: на першай старонцы газэта пытаецца ў розных Творцаў пра іхныя надзённыя Творчыя праблемы, а менавіта пра тое, што для іх было самым важным у адказах прэзыдэнта на пытаньні айчынных і замежных журналістаў. Творцы ўзахап спаборнічаюць у тым, хто паэтычней перадасьць сваё захапленьне адказамі правадыра. Зь першай старонкі на другую плаўна пераходзіць падрабязная справаздача пра дзейнасьць Творцаў у год кнігі. Хто з аўтараў і колькі даў краіне вугля. Такіх, хто вугля не даваў, ці даваў, але ня той, у справаздачы не існуе — за што я, дарэчы, вельмі ўдзячны «газэце творчай інтэлігенцыі Беларусі».

Парачка юбілеяў у Доме літаратара... Кветачкі, пацалуначкі, клятвы вернасьці... Туды цяпер ня ўсіх Творцаў пускаюць, як і ў сам ЛіМ. Рэжымныя аб’екты, толькі для абраных. Тых, хто ўмее правільна маліцца і мае талент сядзець на двух крэслах адначасова. Яшчэ тут ёсьць рэпартажы, падобныя да абвестак, і рэкляма, замаскаваная пад рэпартажы. І самая цікавая рубрыка — нэкралёгі. А вось і крытыка: вока чапляецца за знаёмыя фразы: «пра Радзіму і сям’ю, што ня можа ня радаваць», пра тое, як пісаць «без насьмешкі і зьедлівай крытыкі». Зьедлівасьці і насьмешкі, а таксама ўсяго іншага, што не пра сям’ю і Радзіму, тут вельмі баяцца. А так можна пісаць усё, што душа пажадае: а жадае яна таго самага, што і раней — каб толькі праблем не было. Бо той, хто ўзяў газэту ў закладнікі, ён, знаеце, можа і псыхануць...

Самае першае ўражаньне — ЛіМ робяць добрыя, таленавітыя людзі, якіх нехта ўпарта намагаецца адвучыць цікава пісаць. Што ж там далей? Агляды дазволеных царскім указам часопісаў: «Нёман» цячэ туды, куды скажуць бальшавікі, гарыць сінім «Полымем» нікому не вядомая проза, а камсамольская «Маладосьць» ніяк не канчаецца. А потым газэта дае нарэшце слова нашым няшчасным расейскамоўным братам па літаратуры і мастацтву, тым братам і сёстрам, якія вымушаныя жыць у Беларусі ва ўмовах жорсткай і татальнай дыскрымінацыі, амаль што апартэіду. І вось, яны адваявалі сабе некалькі старонак... Але што гэта на фоне таго разгулу нацыяналізму, які дэманстраваў ЛіМ з 1932 году, друкуючыся выключна па-беларуску? Каштоўныя бачыны, вырваныя ў няроўнай барацьбе зь беларускімі шавіністамі, расейскамоўныя браты прысьвячаюць разумнаму, добраму, вечнаму. «Уліцам разьбітых фанарэй», напрыклад.

Сучасны ЛіМ як мэдыйны прадукт сапраўды больш за ўсё нагадвае кіраўніцтва па тэхніцы бясьпекі для тых, хто трапіў у закладнікі. «Чаго ня варта рабіць і пра што ня варта казаць, каб выжыць». Але сэнс гэтага выжываньня зразумець цяжка. Бо вакол Бясчасьсе, шэрыя дамы з пазабіванымі шыбамі, нейкія руіны і пазелянелыя помнікі, на дапамогу ніхто ня прыйдзе, тэлефоны тут ня ловяць сыгналу, выпадковыя мінакі адно адварочваюцца, бо гэта ў прыродзе чалавека — баяцца таго, хто ня мае ценю. Застаецца толькі расслабіцца, заплюшчыць вочы і атрымліваць задавальненьне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG