Лінкі ўнівэрсальнага доступу

24 лютага 1934 у Менску, на месцы былога Архірэйскага падвор’я і Пакроўскай (Крыжовай) царквы, быў закладзены новы будынак — безь якога, на думку начальства, любы горад ня горад, а Ватэрлё ватнамарлевае. Будынак мусіў стаць нечым сярэднім паміж храмам, клюбам і заезным дваром для абаронцаў новай веры, гэтых чырвоных крыжакоў, якія набіраліся сілаў перад паходам на свой мройны Ерусалім. Будынак-рэпрадуктар. Будынак-маналіт. Адзін з будучых Палацаў Гораду Сонца, які разам зь іншымі палацамі неўзабаве ўпрыгожыць Плошчу Галоўнага Мэтафізыка — як апісаў душу гэтага сакральнага месца Артур Клінаў. Будынак-сымбаль. Менскі Акруговы Дом афіцэраў.

Архітэктар Іосіф Лянгбард ня стаў руйнаваць царкву — хаця мог бы і ножычкам паласнуць: тое, што засталося ў пачатку трыццатых ад папоўскай забудовы, было неўпрыкмет улучана ў новы праект. У фантасмагарычным суседзтве з тымі самымі сьценамі, за якімі раней трэсьлі расамі і махалі кадзілам, паўставала месца, дзе будуць трэсьці мокрымі чубамі (тут быў заплянаваны нават прасторны басэйн) і махаць дзяўчатамі над бліскучым танцавальным паркетам суворыя асілкі магутнай РККА. Домам афіцэраў гэты будынак зробіцца значна пазьней — бо рэвалюцыя адмяніла афіцэраў разам з пагонамі, а пакуль што тут будзе Дом Чырвонай Арміі. Потым ён нейкі час будзе насіць назву «Haus der Armee» — калі адны суворыя асілкі адступяць, каб паднабрацца сілы перад сакрушальнай контратакай, а ў горад прыйдуць іншыя, якія таксама любяць патрэсьці сьветлымі чубамі і памахаць дзяўчатамі пасьля дзённых забаваў — падчас акупацыі тут разьмесьцяцца афіцэрскі клюб і бардэль для вэрмахту. У Дом Чырвонай Арміі трапіць бомба... 4 ліпеня 1944 ён будзе гарэць, як сьвечка, але храм, у які нехта верыць, ня так лёгка спаліць. Тыя, іншыя асілкі вельмі хутка зьдзьмуцца да сваіх сапраўдных памераў і дробна-помсьліва замінуюць Дом перад сваімі ўцёкамі. І толькі потым, калі ў войска пераможцаў вернуцца афіцэры разам з пагонамі, Дом атрымае сваё сучаснае імя. А пакуль што ў Менску зіма колеру дыму, таварыш Чарвякоў яшчэ ня вораг і ў падмурак будынка-сымбаля пад музыку ўрачыста кладзецца першы камень — як водзіцца, на вякі вечныя і на славу Галоўнаму Мэтафізыку, які адзін ведае, як правільна трэсьці і чым махаць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG