Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Mendace veritas


Але ж і разьвялося іх — літаратараў... Паэтаў, эсэістаў, навэлістаў... Халера на іх! Валэндаюцца па прыстойных дамах, ядуць і п’юць за чужы кошт, удаючы, што на агеньчык завіталі, а насамрэч — матэрыял зьбіраюць. Толькі адвернешся, каб люльку набіць, глядзіш: а ён ужо нешта крэмзае на сурвэтцы сваім танным пёркам. Не каб, хрэн ім усім у вочы, проста пасядзець, парагатаць, песьню зацягнуць, а там, калі да кандыцыі дайшоў, ужо й дадому-дахаты выпраўляцца, не забыўшыся гаспадару падзякаваць за прыемны вечар. А то што ж выходзіць, панове: бавячы сёньня час за бутэлькай добрага райнскага з прыяцелямі і цешачы іх рознымі нявіннымі гісторыямі, заўтра можна прачнуцца найвялікшым хлусам у Эўропе.

22 лютага 1797 году ў сваёй сядзібе ў Бодэнвэрдэры памёр барон Мюнхгаўзэн. Той самы, Карл Фрыдрых Геранім фон. Які сам сябе разам з канём за ўласную касу з балота выцягваў, які еў вішні з галавы аленя, накарміў ільва кракадзілам, а кракадзіла львом, перамяшчаўся на гарматным ядры і зрабіў яшчэ нямала дзівосных подзьвігаў, ладная частка якіх адбылася ў Расеі, а таму невядома, сьмяяцца з гэтых гісторый ці верыць ім — бо ў Расеі магчыма ўсё. Там і цяпер можна заснуць у зімовым полі, а прачнуцца на крыжы царквы, якую ўчора занесла сьнегам ажно да самай макаўкі. Легчы спаць Ямелем на печы, а прачнуцца на нафтавай вышцы. Сёньня быць камсамольскім правадыром, а назаўтра — лідэрам правых. Сёньня паэтам-антысаветчыкам, а заўтра нацыянал-бальшавіком. Асуджаць, не чытаючы, і налізвацца, не наеўшыся. І ніхто ня зьдзівіцца. Толькі адзін мужык скажа другому:

«Бач ты, вунь немец на царкве вісіць!.. Як мяркуеш, да пятніцы здымуць?
Не, да пятніцы ня здымуць.
А да нядзелі?
Да нядзелі, мяркую, здымуць».

У іх там такая і прымаўка ёсьць: што расейцу добра, тое немцу сьмерць. Пятнаццаць гадоў праслужыўшы ў царскім войску, барон здолеў пазьбегнуць гібелі, бо зразумеў, што такое агульны аршын, асаблівая пастава і ісьцінная вера. Таму ён расказваў пра Расею чыстую праўду — а яму ня верылі. Таму што кожная праўда пра Расею выглядае як хлусьня, і таму нават хлусьня пра яе падаецца праўдай. Праз два стагодзьдзі малады масквіч Валодзя К. прыедзе ў Бэрлін і зробіцца там новым Мюнхгаўзэнам — тое, што ён апіша ў сваіх папулярных і нібыта аўтабіяграфічных кніжках пра савецкі час, нельга назваць праўдай, але хто скажа, што гэта мана? Напрыклад, гісторыя беларуса, які ў войску смажыць скрадзеную ў афіцэрскай сталовай бульбу з дапамогай праса і вазэліну — гэта ж чысты барон М.

Чым жа натхнёная хлусьня адрозьніваецца ад палёту фантазіі? Пэўне, тым, што першая мае на мэце атрыманьне нейкай асабістай выгоды, між тым як другая — чыстае мастацтва дзеля мастацтва. Чыстае мастацтва дзеля выгоды — нонсэнс, спроба выцягнуць сябе за касу з балота. Барон Мюнхгаўзэн нікога не падмануў. Ён проста правёў, седзячы за шклянкай віна, цывілізацыйную мяжу — толькі ў такіх умовах яна і атрымліваецца праўдзівай.

І мы таксама трапілі па іншы бок гэтай лініі. Неяк на пытаньне, ці праўда гэта, што па вуліцах Менску ходзяць мядзьведзі, зададзенае мне на поўным сур’ёзе адной студэнткай, я адказаў, што так, вядома ж, ходзяць, але гэта ня так цікава, як, напрыклад, наша нацыянальная традыцыя абавязкова замуроўваць у сьцены новых станцый мэтро трох папярэдне адабраных і прырэзаных на галоўнай плошчы цнатлівак. Вочы студэнткі загарэліся. «Як бы я хацела ў вас пабываць!..» — прамовіла яна летуценна і пайшла дзяліцца гэтай навіной у фэйсбуку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG