Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэнік Лойка: У Беларусі ня стала беларускамоўных школаў


Гэнік Лойка. Аўтар: Арцём Канцавы
Гэнік Лойка. Аўтар: Арцём Канцавы

Паводле афіцыйнай статыстыкі ў Беларусі 51% беларускамоўных школаў. На асаблівай дошцы гонару Мінадукацыі дзьве сталічныя гімназіі — № 4 і № 23. Але якая рэальнасьць схаваная за лічбай 51%? Госьцем перадачы — скульптар Гэнік Лойка, які адстойвае права сваіх дзяцей вучыцца па-беларуску — акурат у «беларускамоўнай» гімназіі № 4.

— Гэнік, я ведаю, што ты апошнім часам абіваў парогі школьнай адміністрацыі і Міністэрства адукацыі. З чым гэта зьвязана?

— Усё зьвязана зь беларускамоўнай адукацыяй. Мае дзеці, дачка і сын, паступілі ў беларускамоўную гімназію № 4 у 2009 і 2010 гадах. І я зь першага дня, зь першага верасьня сказаў выхавальніцы: «Вы не валодаеце беларускай мовай, а гэта недапушчальна ў беларускамоўнай гімназіі. Але я разумею, што мову цяжка вывучыць, я разумею сытуацыю ў грамадзтве, калі ласка, давайце я вам буду дапамагаць». Але яна ніколі не зьвярталася да мяне па дапамогу, усё аджартоўвалася. І я вымушаны быў напісаць на яе кляўзу, зафіксаваць гэта ў гісторыі школы, што настаўніца вяла ўрокі беларускай мовы і беларускай літаратуры на расейскай мове. А яна мне: «А откуда вы это знаете?» Я кажу: «Мне сын расказаў». — «А вы посмотрите тетради. Там всё на белорусском написано? На белорусском. Какие претензии?».

— Сталічная чацьвёртая гімназія лічыцца беларускамоўнай, як, напрыклад, тая ж 23-я. Беларускую мову ў беларускамоўнай 4-й гімназіі выкладаюць на расейскай мове?

— Настаўніца, пра якую я гаварыў, не валодае мовай. Хоць валодаць беларускай мовай абавязаны любы работнік любой дзяржаўнай установы ў краіне. Я хачу зачапіцца менавіта за слова «лічыцца». Сапраўды, усё ў нас толькі лічыцца. А я апошнім часам зазірнуў у юрыдычныя дакумэнты. Па-першае, папрасіў статут нашае гімназіі. І мне доўга не давалі яго, і да гэтае пары не даюць. Сказалі, што на сайце ёсьць. Сапраўды, я на сайце знайшоў, і прачытаў — у раздзеле 3.2 напісана: «асноўнымі мовамі навучаньня зьяўляюцца беларуская і расейская мовы». Гэта — канец! Гэта значыць, што беларускамоўнай гімназіі № 4 больш няма.

— У статуце напісана пра дзьве мовы. А іх выкарыстаньне неяк рэглямэнтуецца?

— Ні ў статуце, ні ў якіх іншых юрыдычных дакумэнтах не рэглямэнтуецца. У Канстытуцыі сказана — ёсьць выбар грамадзянам выбіраць адну з дзьвюх дзяржаўных моваў. Другія дакумэнты павінны ўсё гэта раскрыць, растлумачыць, што такое «беларускамоўная» школа, што такое «расейскамоўная» школа. Але гэтага нічога няма. Я думаў, у статуце беларускамоўнай гімназіі павінна быць расьпісана... Няма! Атрымліваецца, што ў нас настаўнік ня мае права навучаць па-беларуску, ён ня мае абавязку навучаць па-беларуску. Гэта не прапісана — ані права, ані абавязак.

— Запіс у гімназічным статуце пра дзьве мовы ў што ператвараецца на практыцы?

— У тое і ператвараецца, «як яны лічаць». І так адбываецца ва ўсіх беларускамоўных школах — хто вядзе па-расейску, хто па-беларуску. Гэтыя ўрокі асабліва не правяраюцца. Я як школьнікам тлумачу дырэктару ці завучу ў чацьвёртай гімназіі: «Вось настаўнік гаворыць па-беларуску ў беларускамоўнай гімназіі. Гэта —норма. А вось настаўнік гаворыць не па-беларуску». — «А на якой мове ён гаворыць?» — «Па-расейску». — «Дык што тут страшнага? Гэта ж дзяржаўная мова». Усё, пра што тут больш гаварыць? Летась у нашай гімназіі адзначалі Міжнародны дзень роднай мовы — 21 лютага — цэлым тыднем славянскіх моваў!

— Я так разумею, што павінен быць нейкі дакумэнт, нейкае палажэньне аб беларускамоўных школах.

— Менавіта з гэтым я і пайшоў у Міністэрства адукацыі. Трапіў на прыём да Якжыка — намесьніка міністра адукацыі. І, здаецца, так ужо ясна выклаў сваё пытаньне — калі даецца права выбраць мову навучаньня, то павінна быць і расьпісана, што такое навучаньне на беларускай мове. Я ў яго пытаюся пра беларускамоўную школу, а ён ня ведае, пра што адказваць. Кажа — у законе няма. Спачатку я думаў, дзейнічае, як чыноўнік, у якога нічога не даб’есься. А Якжык кажа — чытайце Кодэкс аб адукацыі. Я пайшоў у юрыдычны аддзел, узяў той кодэкс. Гэта — асноўны закон, паводле яго адукацыя ўся і будуецца. Дык там чорным па белым напісана, што беларускамоўную адукацыю дзяржава можа забясьпечыць праз: клясы, групы, патокі. Усё.

— У Кодэксе аб адукацыі адсутнічае панятак «школа»?

Я хачу, каб наш народ запомніў дату знішчэньня беларускамоўнай школы — 13 студзеня 2011 году, калі выйшаў Кодэкс аб адукацыі

— Менавіта так. Няма там школы — ёсьць клясы. Дзеці цяпер у беларускамоўнай школе навучацца не могуць, толькі ў клясе. Ніводзін пэдагог вам ня скажа, што ў клясе, г.зн. у нейкім кутку, эфэктыўней навучацца. Я хачу, каб наш народ запомніў дату знішчэньня беларускамоўнай школы — 13 студзеня 2011 году, калі выйшаў Кодэкс аб адукацыі. Усё. Аман. З гэтага моманту ва ўсёй краіне ня стала беларускамоўных школаў.

— Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі 51% беларускамоўных школаў...

— І мне такое ж казаў намесьнік міністра адукацыі Якжык. Усё яшчэ працягваюць гаварыць пра «беларускамоўныя школы». Насамрэч у юрыдычным аддзеле Мінадукацыі мне адказалі, калі я спытаўся, паводле якога закону настаўнік абавязаны выкладаць па-беларуску: «А это по определению понятно». Такім чынам, у нас усё адбываецца не па законах, а «по понятиям». Беларускамоўных школаў у Беларусі няма. Хоць мы ўжываем гэтае вызначэньне. Самае галоўнае, што і чыноўнікі ўжываюць — дзеля таго, каб спакойненьнка, паціхеньку беларуская мова аджыла і зьнікла. Якжык кажа, галоўнае — нікога прымушаць. А хіба не пад прымусам мой сын паступіў у расейскамоўны унівэрсытэт? Хіба дзяржава дала яму магчымасьць вучыцца ў беларускамоўным унівэрсытэце?

— Не дала выбару, пра які гаворыцца ў канстытуцыі.

— Вось вам і канстытуцыйнае права на выбар! Няма гэтага выбару. Мой сын не дабравольна паступіў, яго прымусілі паступіць у расейскамоўны ўнівэрсытэт. Дык вось, мы ня мелі беларускамоўных унівэрсытэтаў, а цяпер ня стала і школаў. Вось гэта ўжо сапраўды замах на сьвятыню. Гэта своеасаблівае харакіры. Беларускамоўныя школы былі пры бальшавіках, былі пры фашыстах, былі ў партызанскіх лясах. А ў незалежнай Беларусі Лукашэнка вынішчае беларускамоўныя школы, і гэта адзначана ў законе — Кодэксе аб адукацыі!

— Кодэкс прыняты 2 гады таму. Чаму наша грамадзкасьць два гады ніякім чынам не рэагавала? Ёсьць жа ў нас Таварыства беларускай школы, ёсьць Таварыства беларускай мовы, ёсьць бацькі актыўныя. Чаму два гады — цішыня?

— І далей будзе цішыня. Мінадукацыі да гэтай пары гаворыць пра 51% беларускамоўных школаў. Гэтай статыстыкай, гэтай дэмагогіяй наша пільнасьць прыспаная. Проста мы прывыклі да таго, што беларускамоўная школа існуе безь юрыдычнай падставы. І мы не зьвяртаем увагі на тую падставу. Але рэжым паставіў сабе задачу — вынішчыць беларускую мову! І вось ён яе вынішчае. Што да ТБШ і ТБМ... Асабіста я пакінуў шэрагі Таварыства беларускай мовы. Матываваў гэта тым, што мае радыкальныя погляды будуць замінаць таварыству. Я так разумею, што ТБМ знаходзіць нешта станоўчае і гэта падтрымлівае. Вось такая канцэпцыя. У мяне іншая канцэпцыя. Я зьвяртаўся ў Таварыства беларускай мовы Фрунзэнскага раёну Менску. Кажу, давайце зоймемся гімназіяй № 4. Калі мы зробім зь яе сапраўды беларускамоўную гімназію ў сталіцы, то гэта будзе вельмі моцная падтрымка ўсім нам, таму ж Магілёву, дзе адна Ялінка Салаўёва вучыцца на беларускай мове. На мяне сябры ТБМ паглядзелі, як на Дон Кіхота. Сказалі: «Мы ўсё гэта ведаем, але ня варта біцца галавой аб сьцену». Мне прыкра пра гэта гаварыць, але мы ўпусьцілі той час, калі са школьных шыльдаў скасоўвалі словы «з беларускай мовай навучаньня». А з другога боку, такія словы — гэта нацыянальная ганьба. На сваёй роднай зямлі падпісваць, што гэта беларуская школа! Хай расейскія школы падпісваюць сябе.

— Гэнік, я ведаю, што ты вядзеш вайну з чыноўнікамі на два франты — яшчэ і з ваенкаматам ваюеш. Там што цябе не задаволіла?

Прыйшла позва майму сыну — па-расейску, і я сказаў камісару Фрунзэнскага раёну палкоўніку Бендзянкову, што мы з сынам не валодаем гэтай мовай

— Я паставіўся вельмі цьвёрда — ад любой дзяржаўнай установы атрымліваць дакумэнты толькі на беларускай мове. Паводле Закону аб мовах я як грамадзянін маю права ня ведаць другой дзяржаўнай мовы. Я так афіцыйна і заяўляю: я ня ведаю расейскай мовы, дайце мне дакумэнт на беларускай. Прыйшла позва майму сыну — па-расейску, і я сказаў камісару Фрунзэнскага раёну палкоўніку Бендзянкову, што мы з сынам не валодаем гэтай мовай. Ён адказвае: у нас форма, у нас у кампутарах беларускага алфавіту няма... Я кажу, гэта не мае праблемы, напішыце хоць ад рукі. Я сабраў усе дакумэнты мэдыцынскія, ужо хлопец гатовы праходзіць мэдкамісію. Ад вас — толькі позва па-беларуску. Яны цягнулі больш за два гады! Ужо хлопец паступіў у БДУ. Зноў прышла позва, зноў я паўтарыў сваю заяву. Нарэшце мне зрабілі позву на беларускай мове.

— Вернемся аднак да беларускамоўнай адукацыі? Якая тут роля бацькоў?

— Адзін бацька сказаў, што ня пойдзе мяне падтрымліваць. Ён лічыць, што трэба дыскі выдаваць, казкі чытаць, нешта ствараць, не ісьці на канфрантацыю. А мне здаецца, трэба цьвёрда трымацца сваіх прынцыпаў, калі мы хочам, каб нацыя гаварыла па-беларуску. Ты хочаш беларускай мовы — бяры яе. Я прыходжу у 4-ю гімназію, дзе амаль усе настаўнікі гавораць па-расейску. Здавалася б — такая сілішча. Я зь любым настаўнікам гавару, і ён апускае вочы і пераходзіць на беларускую мову. Здавалася, у іх сіла такая, яны за шырокімі плячыма Лукашэнкі! Але яны пасуюць перад адным чалавекам. Так што калі мы ўсе будзем трымацца такой канцэпцыі, то мы пераможам.

— Дык у чым твая канцэпцыя? Выкладзі коратка і ясна.

— Перш за ўсё — не разумець расейскай мовы. Я ня ведаю і не хачу ведаць расейскую мову! Мне даецца права такое, кантытуцыйнае. Закон аб мовах мне дае права ня ведаць другой дзяржаўнай мовы. Такім чынам, цяпер трэба пачынаць з дарослых. Раней мы пачыналі зь дзіцячых садкоў, школак. А сёньня школа, як бачым, загнаная ў тупік. Любым чынам, нават калі я прыгожа апрануты і проста гавару з чалавекам, я ўплываю на яго. Ён, убачыўшы маё жаданне, таксама пераходзіць на беларускую мову. Гэта пад маім уплывам, пад маім прымусам! Проста прымус бывае рознай ступені. Я магу стаць на калені і ўпрошваць пагаварыць са мной па-беларуску, а магу ўзяць аўтамат Калашнікава. Дыяпазон прымусу вельмі шырокі. Трэба прымушаць! Калі мы хочам беларускай мовы, мы павінны яе ўзяць, не баючыся, што нас зьвінавацяць у «прымусе».
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG