Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 15 лютага: Стрэчаньне, прысуд кіроўцу за сьмерць школьніка, аўдыенцыя ў Папы


Чаканыя падзеі дня і сёньняшні дзень у гісторыі.

Чакаецца прысуд па справе Андрэя Забабуры, які абвінавачваецца ў сьмерці трэцяклясьніка ў двары школы. Забабура ехаў у школу машынай і сьцьвярджае, што ня бачыў хлопчыка, які апынуўся пад коламі. Дзяржабвінаваўца прапанаваў пакараць кіроўцу 4 гадамі калёніі-пасяленьня.

Мітынг-рэквіем, прымеркаваны да дня вываду савецкіх войскаў з Афганістану, адбудзецца раніцай ля будынку ваенкамату Савецкага раёну Менску.

У Ватыкане — адна з апошніх аўдыенцый у Папы. Бенэдыкт XVI прыме прэзыдэнта Румыніі Траяна Бэсэску. Папа, які абвясьціў пра адыход з сваёй пасады, выконвае свае функцыі да 28 лютага.
Гэты дзень у гісторыі

1386 — Вялікі князь літоўскі Ягайла з братамі Карыгайлам, Сьвідрыгайлам, Вігандам і сваімі баярамі прыняў каталіцтва і атрымаў імя Ўладзіслаў.

1563 — войска Івана Грознага захапіла Полацак. Да свайго тытулу цар загадаў дадаць і «Вялікі князь Полацкі».

1916 — У Вільні пачалося выданьне газэты «Гоман».

1970 — Кампанія IBM прапанавала гнуткі магнітны дыск для захоўваньня інфармацыі — дыскету.

1989 — Завершаны вывад савецкіх войскаў з Афганістану.

2007 — Беларусь на 30 працэнтаў павысіла цану транзыту расейскай нафты ў напрамку заходніх спажыўцоў.
Памятныя даты

Сусьветны дзень дзяцей, хворых на рак.

Дзень дзяржаўнасьці Сэрбіі (у памяць пачатку антытурэцкага паўстаньня ў 1804 годзе).

У гэты дзень у розныя гады нарадзіліся італьянскі вучоны Галілеа Галілей, беларуская опэрная сьпявачка Ларыса Александроўская і менскі падпольшчык Іван Кабушкін.
Народны каляндар

Стрэчаньне, або Грамніцы, дзень абрадавай сустрэчы зімы зь вясною, павароту на лета. Казалі: прыйшлі Грамніцы — скідай рукавіцы. А ў песьнях сьпявалася:

А ў на сёньня Стрэчаньне, Стрэчаньне,
Зіма з летам стрэлася, стрэлася.
Лета зіму піхнула, піхнула
І ножачку зьвіхнула, зьвіхнула.
Зіма пайшла плачучы,
Лета пайшло скачучы, скачучы.

XS
SM
MD
LG