Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Унікальнае каханьне па-беларуску


Маладыя грамадзкія актывісты ў Беларусі часьцяком сустракаюць сваіх будучых сужэнцаў у таварыскім асяродку. Ці дапамагае ім у каханьні грамадзкая актыўнасьць? Што ў іх сем’ях ёсьць такога, чаго б не было ў іншых? Пра гэта яны апавялі карэспандэнту «Свабоды».



«Мы разам сядзім на дыеце»


Сябра Сойму Партыі БНФ Сяржук Семянюк і дэмакратычная актывістка Ірына Сьмяян-Семянюк разам з 2006 году, пабраліся шлюбам у 2008-м.

Сяржук: У нас абсалютны ўзаемны давер, шчырасьць у адносінах і ніякіх сакрэтаў адно ад аднаго. Гэта, вядома, ня самыя арыгінальныя рэчы, але чаму павінна быць абавязкова арыгінальнасьць? Людзі, якія бачаць нашыя адносіны, часта кажуць, што хацелі б мець у сям’і такія, як у нас. Гэта вельмі натхняе. Грамадзкая актыўнасьць нам ня тое што дапамагае, яна спарадзіла нас як пару — мы пазнаёміліся ў шэрагах Партыі БНФ. Цяпер грамадзкая актыўнасьць і, адпаведна, пэўная публічнасьць вымушае трымаць марку, паводзіць сябе ў дачыненьні адно да аднаго так, каб адпавядаць крытэрам ідэальнай сям’і ня толькі ў сябе дома, але і на публіцы.

Ірына: Мы разам сядзім на дыеце, разам ходзім у басэйн, разам хадзілі ў аўташколу, разам сустракаемся зь сябрамі, якія ў нас усе агульныя. У бальшыні выпадкаў людзі ў пары займаюцца рознымі справамі — магчыма, гэта таксама добра. Мы праз сваю грамадзкую актыўнасьць амаль што заўсёды разам — разам працуем, разам тусуемся. Гэта дадае часу, які мы праводзім побач.



«Мы як быццам толькі пачалі сустракацца»


Мастачка Воля Кузьміч і рэдактар парталу generation.by Юрка Сідун — не жанатыя, але разам ужо 13 гадоў.

Воля: Наша пара адметная натхненьнем. Мы адно аднога вельмі моцна натхняем, і ў гэтым ёсьць унікальнасьць. Калі мы ўдваіх, нам падаецца, што ўсе праекты мы зможам рэалізаваць, дастаткова толькі, каб мы былі разам. Нашую грамадзкую актыўнасьць я ўспрымаю вельмі натуральна ў зьвязку з нашымі пачуцьцямі. Бо кахаць можна толькі таго чалавека, які падзяляе з табой, у тым ліку, і палітычныя погляды, якому ты давяраеш. Таму я магу быць толькі з чалавекам, які мае такія каштоўнасьці, як мой Юра, — дэмакратычныя каштоўнасьці.

Юрка: Мы ўнікальныя тым, што разам 13 гадоў і так і не пажаніліся. Мы засталіся такімі ж самымі маладымі, якімі былі ў дзень знаёмства. Некаторыя шлюбы існуюць меншыя тэрміны. Людзі, мала знаёмыя са мной і Воляй, калі бачаць нашыя стасункі, вельмі часта думаюць, што мы толькі што пачалі сустракацца. Я думаю, гэта самае важнае, што нам удаецца захоўваць гэтае адчуваньне. Мы сустрэліся ў дэмакратычным асяродку, гэта дадае агульных знаёмых і сяброў. Але цяпер гэта ўжо ніяк не ўплывае на нашыя стасункі.



«Мы пара бабруйскіх фрыкаў»


Грамадзкія актывісты з Бабруйску Алеся Скапінцава і Сяржук Лацінскі разам з 2008 году.

Алеся: Беларускамоўнасьць робіць нас фрыкамі, дзівакамі ў нашым ня дужа вялікім і ня дужа беларусізаваным Бабруйску. А так я не лічу нашую пару асаблівай. Мы як усе, са сваімі маленькімі радасьцямі і праблемамі.

Сяржук: Нашая грамадзкая актыўнасьць дадае да пачуцьцяў экстрыму, адрэналіну, яскравых момантаў. А нашая беларускамоўнасьць сапраўды нас вельмі вылучае, выклікае цікавасьць. Некаторыя глядзяць на нас з усьмешкай, але шмат у каго нашая пазыцыя выклікае павагу.



«У нас каханьне на дзьве краіны»


Каардынатарка Камітэту памяці Віталя Сіліцкага Даша Слабчанка і былы палітсалдат, а цяпер эўрапейскі студэнт Зьміцер Жалезьнічэнка пачалі сустракацца тры гады таму. Цяпер, пакуль Зьміцер вучыцца ў Нідэрляндах, яны заручаныя.

Даша: Ня ведаю, наколькі ўнікальнай, але шчасьлівай нашую пару робіць каханьне. Але ў нас яно падмацоўваецца сяброўствам, павагай і захапленьнем. Я не магла б быць з чалавекам, які не падзяляе маіх поглядаў, у тым ліку і палітычных. Я рада, што мы размаўляем на адной мове і нашы дзеці будуць гадавацца па-беларуску. Цяпер мы жывем на дзьве краіны, але гэта сапраўды выпрабоўвае і ўмацоўвае пачуцьці, робіць іх па-свойму ўнікальнымі, бо разумееш, што ты з чалавекам побач менавіта з-за каханьня, а ня проста таму, што прызвычаіўся бачыць побач. Мне сапраўды пашчасьціла сустрэць свайго самага лепшага і сапраўднага мужчыну. А яшчэ ў наш час мець хлопца-праграміста надзвычай зручна: Зьміцер лекуе мой кампутар нават на адлегласьці.

Зьміцер: Самае галоўнае, што робіць нашу пару ўнікальнай, — тое, што яна складаецца ў тым ліку і зь мяне. Для любога чалавека, у якога ёсьць каханая, сам гэты факт — унікальны, ён — тое, што адрозьнівае гэтую пару ад усіх іншых. Таксама ў нас з Дашай была незвычайная гісторыя сустрэчы, мы пазнаёміліся, калі ў мяне быў вельмі складаны пэрыяд у жыцьці, і яна мне моцна дапамагла. Потым сяброўства ператварылася ў вялікае каханьне, шчасьце майго жыцьця. Я лічу, вельмі добра, што ў нас з маёй каханай ёсьць актыўная пазыцыя па жыцьці. І добра, што яна ў нас агульная.
XS
SM
MD
LG