Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Азіі пратэстуюць супраць дня Сьвятога Валянціна


Пратэст супраць дня Сьвятога Валянціна ў Пэшавары, Пакістан
Пратэст супраць дня Сьвятога Валянціна ў Пэшавары, Пакістан

Жыхары Індыі, Інданэзіі і Пакістану выйшлі на акцыі пратэсту супраць дня Сьвятога Валянціна, паведамляе «Інтэрфакс» у чацьвер, спасылаючыся на мясцовыя СМІ.

«Мы рэзка выступаем супраць гэтага бескультур’я, зьвязанага зь сьвяткаваньнем Дня Сьвятога Валянціна. Гэта супярэчыць культуры індуізму», — кажа старшыня партыі «Гіндустан Шыў Сэва» Дымпі Кохлі, падкрэсьліўшы, што бацькам варта папярэджваць сваіх дзяцей аб тым, што яны не павінны ўдзельнічаць у сьвяткаваньні.

Групы маладых людзей выйшлі на вуліцы сталіц некалькіх індыйскіх штатаў на дэманстрацыі супраць «заходняга вульгарызму». У прыватнасьці ў горадзе Джаму праціўнікі дня Сьвятога Валянціна спалілі вялікую колькасьць сьвяточных паштовак у форме сэрцайкаў.

У горадзе Мангалур у штаце Карнатака група актывістаў з партыі «Баджранг Даў» сабралася каля будынка жаночага коледжу Бэсант, гучна выкрыквала лёзунгі пратэсту і таксама зладзіла вогнішча з валянцінак.

«Дзень Сьвятога Валянціна не адносіцца да індыйскай культуры, вось чаму мы супраць сьвяткаваньняў. Гэта амаральшчына і блюзьнерства, гэта падрывае культурныя каштоўнасьці краіны і маральныя прынцыпы грамадзтва. Мы спальваем паштоўкі, каб паказаць наша абурэньне. Прэч адсюль!» — выказаўся лідэр партыі.

Выказаць пратэст супраць «дня Сьвятога Валянціна» вырашылі і ў Інданэзіі. Мясцовыя ўлады заклікалі бацькоў прыняць адпаведныя захады і не дапусьціць, каб дзеці віншавалі адно аднаго. Салідарнымі з уладамі былі і рэлігійныя лідэры.

«Мы ня хочам гэты дзень забараняць цалкам, але гэтае сьвята не для дзяцей. Падлеткі разумеюць гэты дзень як час выказваньня сваіх пачуцьцяў, што звычайна канчаецца сэксуальным кантактам, як на Захадзе», — кажа прадстаўнік буйнога інданэзійскага мусульманскага аб’яднаньня «Нахдат уль-Улама» Радэн Саламун Адынаграт.

Іх падтрымалі і самі падлеткі. Дзясяткі школьніц ў горадзе Сола на востраве Ява, апранутыя ў хіджаб, абвясьцілі 14 лютага «днём хусткі». Яны таксама распаўсюдзілі карцінкі, на якіх наглядна паказана, як сьціпла мусяць апранацца мужчыны і жанчыны.

Акрамя таго, у недарагіх гатэлях шэрагу інданэзійскіх гарадоў былі зладжаныя рэйды па выяўленьні ў нумарах нежанатых параў, занятых «непрыстойнай справай».

Пакістан падзяліўся на дзьве паловы — адна частка насельніцтва гуляе па вуліцах з балёнікамі і кветкамі, а другая — выкрыквае лёзунгі «Скажы не дню Сьвятога Валянціна».

«Гэтае сьвята супярэчыць мусульманскай рэлігіі. Гэтая традыцыя ігнаруе іслам, робіць яго нязначным», — сьцьвярджаюць прадстаўнікі груп, якія выйшлі на дэманстрацыю ў горадзе Пэшавар на паўночным захадзе краіны.

Аднак прадаўцы кветак задаволеныя, для іх 14 лютага — гэта, перш за ўсё, дзень прыбытку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG