Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт РФ Уладзімер Пуцін запатрабаваў ад ФСБ у цесным кантакце з калегамі зь Беларусі і Казахстану абараніць права інтэграцыі дзяржаў на постсавецкай прасторы.

«Мы можам сутыкнуцца і, уласна кажучы, сутыкаемся са спробамі затармазіць інтэграцыйную працу. І тут могуць быць выкарыстаны самыя розныя прылады ціску, у тым ліку мэханізмы так званай «мяккай сілы», — сказаў Пуцін на пашыранай калегіі ФСБ Расеі.

Ён нагадаў аб шэрагу нядаўніх нервовых, адкрыта раздражнёных выказваньняў адносна інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы.

«Занёс іх на рахунак эмацыйнай рыторыкі», — сказаў Уладзімер Пуцін.

Ён падкрэсліў, што інтэграцыя — гэта аб’ектыўны, агульнасусветны працэс і «ніякімі вокрыкамі ён спынены быць ня можа».

«Хачу падкрэсліць: сувэрэннае права Расеі і нашых партнэраў выбудоўваць і разьвіваць свой інтэграцыйнай праект павінна быць надзейна абаронена. Прашу тут дзейнічаць у цесным кантакце з калегамі зь Беларусі, Казахстану і іншымі краінамі, якія ўдзельнічаюць у тых ці іншых інтэграцыйных працэсах», — сказаў Пуцін.

***

12 сьнежня 2012 году ў кулюарах канфэрэнцыі па правах чалавека ў Дубліне тагачасная дзяржаўная сакратарка ЗША Гілары Клінтан заявіла, што здушэньне апазыцыйных настрояў у краінах Усходняй Эўропы і Сярэдняй Азіі можа прывесьці да новай «саветызацыі» гэтых дзяржаў, перадае Associated Press.

Паводле яе слоў, працэс «саветызацыі» можа быць прадстаўлены пад такімі назвамі, як «Мытны саюз» ці «Эўразійскі саюз».

«Нельга дапусьціць памылку. Мы ведаем, што зьяўляецца мэтай, і мы спрабуем знайсьці эфэктыўны спосаб запаволіць ці прадухіліць гэты працэс», — заявіла Клінтан.

Дзяржсакратар ЗША нэгатыўна выказалася пра «новую хвалю рэпрэсіўных тактык» у Беларусі, а таксама Расеі, Туркмэністане і шэрагу іншых дзяржаў.

«Прастора для грамадзянскай супольнасьці і абароны правоў чалавека і фундамэнтальных свабодаў скарачаецца, а ўлады становяцца нашмат агрэсіўнейшыя, спрабуючы здушыць пратэст, прадухіліць свабоду выказваньня і абмену меркаваньнямі», — мяркуе Клінтан.

Яна таксама выказала асьцярогі ў сувязі з паўторным унясеньнем на разгляд расійскай Дзярждумы законапраекта аб «СМІ — замежных агентах». Згодна з праектам, прапануецца прызнаваць «замежнымі агентамі» СМІ, якія фінансуюцца з-за мяжы на 50% і больш. Клінтан назвала законапраект спробай глушэньня міжнароднай крытыкі ў адрас расейскага ўраду.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG