Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рамках Мытнага зьвязу Расея будзе дамагацца, каб у Беларусі канфіскат пускалі пад нож.

У Расеі занепакоеныя легалізацыяй кантрафакту, які падрывае становішча айчынных вытворцаў і законапаслухмяных імпартэраў. Каб не дапусьціць «другаснай кантрабанды», лічыцца за лепшае яе зьнішчаць.

Расейскі ўрад ужо падрыхтаваў папраўкі ў крымінальна-працэсуальны кодэкс і кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях аб безумоўным зьнішчэньні кантрафактнай прадукцыі лёгкай прамысловасьці. Пасьля прыняцьця гэтых зьменаў канфіскаваныя тавары будуць зьнішчацца, а не перадавацца на дабрачынныя мэты альбо на продаж у дысконтныя крамы, піша «Российская газета».

Канфіскат за кошт дзяржавы пачнуць перамолваць бульдозэрамі і закопваць на сьмецьцевых палігонах.

Фэдэральная мытная служба зафіксавала, што Казахстан, напрыклад, які ня мае сваёй лёгкай прамысловасьці, рэзка павялічыў пастаўкі ў Расею пад сваімі этыкеткамі тавараў з Кітаю і Віетнаму. Таму, каб перамагчы кантрабанду, рашэньне аб безумоўным зьнішчэньні канфіскату павінны прыняць Беларусь і Казахстан.

У мінулым годзе беларуская мытня, да прыкладу, канфіскавала адзеньня і абутку больш чым на 56,4 млрд рублёў, 43 мільёны штук кантрабандных цыгарэт, каля 7 тон алькагольнай прадукцыі, 787 аўтатранспартных сродкаў і шмат чаго яшчэ. Ад дзейнасьці мытні ў казну паступіла больш за 49 трыльёнаў рублёў (звыш 5,9 млрд даляраў).

Частка канфіскату, якая не праходзіць санітарную экспэртызу і сэртыфікацыю, і цяпер зьнішчаецца. Астатняе трапляе ў продаж. Дзеля гэтага ў кіраўніцтве спраў прэзыдэнта існуе цэлая сетка крамаў па ўсёй Беларусі — гандлёвы дом «Усходні». Права рэалізоўваць гэтыя тавары маюць яшчэ некалькі дзесяткаў драбнейшых установаў. Паводле дырэктара «Ўсходняга» Леаніда Сянько, сярод тавараў, якія прадаюцца ў гэтых крамах, канфіскат складае менш за 50%. Як ён ставіцца да таго, каб гэтыя тавары зьнішчаліся?

«Чаму яны павінны зьнішчацца, калі яны добрай якасьці, калі новыя, ва ўпакоўцы? Расейцы казалі, што ў нас гэтая сыстэма ўпарадкаваная і празрыстая», — кажа Леанід Сянько.

У Мытным камітэце Беларусі гэтае пытаньне камэнтаваць ня сталі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG