Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барацьбу з Алімпіяды выціскаюць грошы


Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) рэкамэндаваў выключыць барцоўскія дысцыпліны з праграмы Алімпійскіх гульняў, пачынаючы ад 2020 году.

Многія прадстаўнікі спартовай грамадзкасьці абураюцца гэтай ініцыятывай, згадваючы, што дужаньне — алімпійскі від спорту ад 1896 году, а практыка выяўленьня найдужэйшых у прысутнасьці гледачоў бярэ пачатак яшчэ з антычнасьці. Пратэстуюць супраць такога кроку і беларускія атлеты, якія спраўна папаўнялі мэдалёвую скарбонку Беларусі як за савецкім часам, так і ў гады дзяржаўнага сувэрэнітэту.

У праграме летніх Алімпійскіх гульняў прадстаўлена 26 відаў спорту, аднак іх падціскаюць усё новыя дысцыпліны, якія таксама прэтэндуюць на ўсясьветнае прызнаньне. Днямі выканкам МАК перавёў у рэжым чаканьня шэраг пазыцыяў, якія маюць прыярытэтнае права дэбютаваць на Алімпіядзе-2020: вэйкбордынг (разнавіднасьць водных лыжаў), спартовае скалалазаньне, ролерспорт, сквош, бэйсбол, каратэ, ушу. А таксама барацьба, лёс якой пасьля больш як стогадовай алімпійскай гісторыі пастаўлены пад пытаньне. Прэзэнтацыі, па выніках якіх будуць прынятыя адпаведныя рашэньні, заплянаваныя на травень. Пры гэтым не ўдакладняецца, ці ўсе віды барацьбы — вольная, грэка-рымская, жаночая — могуць быць выключаныя.

Трохразовы алімпійскі чэмпіён у вольным дужаньні Аляксандар Мядзьведзь перакананы: у дадзеным выпадку не абышлося без уплыву спартовых дзяржаў, якія пад маркай алімпізму прасоўваюць новыя, патэнцыйна мэдалёвыя віды спорту:

Аляксандар Мядзьведзь
Аляксандар Мядзьведзь
«Чуў пра гэта, вядома. Думаю, што такая замена камусьці выгадная, хтосьці супраць таго, каб разьвівалася барацьба. А паколькі ініцыятыва паходзіць перадусім ад амэрыканцаў, можна меркаваць, што менавіта яны хочуць праціснуць тыя віды спорту, якія больш папулярныя ў Амэрыцы. Хоць, шчыра кажучы, у ЗША барацьба таксама на нядрэнным узроўні: там ёсьць і студэнцкая барацьба, і ў школах працуюць сэкцыі. Так што і ў іх пэрспэктывы дастаткова добрыя. Але галоўнае, што гэта менавіта тая дысцыпліна, якая ў праграме Алімпійскіх гульняў існуе ўжо больш за 100 гадоў. І яна, на маё глыбокае перакананьне, застацца павінна. А тое, што пачынаюцца такога кшталту закулісныя гульні, дык гэта не ўпрыгожвае найперш сам Міжнародны алімпійскі камітэт. А ўвогуле блеф нейкі. Ня думаю, што ўрэшце дойдзе да такіх радыкальных захадаў».

Першы барцоўскі алімпійскі мэдаль Беларусі яшчэ ў 1960 годзе прынёс Алег Караваеў — стаў чэмпіёнам па клясычнай барацьбе ў Рыме. У наступныя гады на алімпійскі п’едэстал узыходзілі Аляксандар Мядзьведзь, Ігар Каныгін, Камандар Маджыдаў, Сяргей Смаль, Вугар Аруджаў, Сяргей Дземашкевіч. Для самастойнай зборнай Беларусі — у такім статусе краіна дэбютавала ў 1996 годзе ў Атлянце — узнагароды здабывалі Аляксей Мядзьведзеў, Аляксандар Паўлаў, Сяргей Ліштван, Валеры Цыленьць, Дзьмітрый Дзябелка, Анатоль Ларукоў, Вячаслаў Макаранка.

Прадстаўнік новага пакаленьня беларускіх дужаньнікаў, першы і пакуль адзіны алімпійскі чэмпіён у дзюдо Ігар Макараў мяркуе, што пры такіх традыцыях беларусам ніяк не выпадае мірыцца з заменай, якую рыхтуе МАК:

Ігар Макараў падчас Алімпіяды ў Лондане (справа)
Ігар Макараў падчас Алімпіяды ў Лондане (справа)
«Як яна можа быць да месца, калі з алімпійскага цыклю выводзяць адзін з асноўных, нават асноватворных відаў, які быў у праграме ад самага пачатку алімпійскага руху? Як на маю думку, дык увогуле трызьненьне сівой кабылы. Хутчэй за ўсё, проста хочуць увесьці нейкія новыя віды спорту для іх большай папулярызацыі. Але за кошт скасаваньня барацьбы, я думаю, ня варта гэта рабіць. Не таму, што я барэц, гэта проста няправільна. Ёсьць агучаныя зьвесткі: барацьба паводле папулярнасьці, па-мойму, шостай ідзе сярод усіх алімпійскіх відаў. Калі ўжо шчыра казаць, то, як на маю думку, у гэтым элемэнтарна замешаныя грошы. То бок хтосьці зь ліку моцных гэтага сьвету хоча дзеля разьвіцьця пэўнага віду спорту прасунуць на Алімпіяду сваю дысцыпліну. І ўжо пад гэтую марку нечым ахвяраваць. Праўда, добра не падумалі, што менавіта яны гатовыя прынесьці ў ахвяру».

Удзельнік алімпійскіх гульняў, неаднаразовы чэмпіён сьвету па самба і дзюдо Націк Багіраў таксама абураны пэрспэктывай вываду спартыўнай барацьбы па-за алімпійскія рамкі. Да таго ж ён не выключае карупцыйнага складніку ў падобнай ініцыятыве:

Націк Багіраў
Націк Багіраў
«Шчыра кажучы, шок. Але тое, што творыць Міжнародны алімпійскі камітэт у апошнія гады, па вялікім рахунку, сьведчыць пра адно: яны паступова людзей рыхтуюць да непазьбежнага — будзем рабіць тое, што захочам. Абсалютна відавочная палітыка дваістых стандартаў. Хоць бы ў тым, што нехта ловіцца на чымсьці, а нехта — не (на забароненых прэпаратах ці на іншым). Проста ганьба. Бо ўсе ж цудоўна ведаюць: адзін з асноўных відаў спорту ў алімпійскай праграме — барацьба, зь яе прыгажосьцю, зь яе старажытнасьцю. І безь мяне ўсе ведаюць, што барацьба на самых першых Алімпійскіх гульнях была адным з галоўных відаў, яшчэ ад антычных часоў. І сапраўдны мужчынскі спорт наўпрост асацыюецца ні з чым іншым, як з барацьбой. Мужчынская сіла, прыгажосьць цела — вось яе сымбіёз. І раптам такі фінал. Таму я перакананы: тут замешаныя карупцыйныя справы. Бо тыя віды спорту, якія яны пад шумок хочуць уключыць, нават блізка ня могуць параўнацца з барацьбой у папулярнасьці, у прыгажосьці і г.д.»

Канчатковае рашэньне па алімпійскай праграме-2020 будзе прынятае на чарговай сэсіі Міжнароднага алімпійскага камітэту ў Буэнас-Айрэсе. Дарэчы, падчас мерапрыемства, якое адбудзецца сёлета ў верасьні, будзе названая і сталіца Гульняў. Сярод асноўных прэтэндэнтаў на прыём Алімпіяды 2020 году — Мадрыд, Стамбул, Токіё.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG