Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонцы былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Ірыне Халіп дазволілі часовы выезд зь Беларусі, каб наведаць мужа ў Лёндане і рэдакцыю расейскай «Новой газеты». Пра гэта Ірыне Халіп сказалі 13 лютага ў крымінальна-выканаўчай інспэкцыі Партызанскага РУУС, дзе яна стаіць на ўліку. Ірыне Халіп дазволілі выезд у пэрыяд да 3 красавіка.

Ірына Халіп адказала на пытаньні карэспандэнта Свабоды.

Карэспандэнт: Я віншую вас з тым, што пытаньне нарэшце вырашылася...


Халіп: Пытаньне ня вырашылася. Мне проста далі спатканьне з мужам. У Наваполацкай зоне таксама давалі. Гэта наўрад ці можна называць нейкай перамогай. Бо я па-ранейшаму застаюся арыштанткай, я асуджаная з адтэрміноўкай, мяне па ранейшаму чакае суд. Усе гэтыя патрабаваньні адзначацца па панядзелках і так далей. У мяне заканчваецца адтэрміноўка 21 ліпеня, значыць недзе ў гэтыя дні суд і будзе. Звычайна за тыдзень да заканчэньня адтэрміноўкі раённая выканаўча-крымінальная інспэкцыя накіроўвае матэрыялы асабістай справы асуджанага ў суд. Мне проста адчынілі вакенца да 3-га красавіка.

Карэспандэнт: За гэты кароткі час ці адчулі вы, што нешта памянялася ў стаўленьне да вас?

Халіп: Нічога не памянялася. Калі ў мяне вызначыцца пэўная дата майго ад’езду да мужа, я павінна пайсьці ў міліцыю і напісаць дадатковую заяву з канкрэтнымі датамі, каб у гэтыя дні да мяне не прыходзілі з праверкамі.

Карэспандэнт: А вы ўжо вырашылі, калі вы паедзеце ў Лёндан і ў Маскву?

Халіп: Спачатку паеду, вядома ж, да мужа, бо ў яго 8-га сакавіка дзень нараджэньня. І я думаю, што гэта будзе найлепшым падарункам, калі мы зможам правесьці яго разам.

Карэспандэнт: А потым вы зьбіраеце ў Маскву ў рэдакцыю «Новой газеты»?

Халіп: Я ўжо ці ня больш за два гады не была ў рэдакцыі. Журналіст, які адарваны ад свайго калектыву, можа працаваць нармальна, але ўсё ж час ад часу трэба зьбірацца, абмяркоўваць, разам выпрацоўваць новыя тэмы. І мае калегі для мяне і маёй сям’і зрабілі столькі за ўвесь гэты пэрыяд, што я проста хачу падзякаваць ім усім асабіста. Яны мяне чакаюць ужо трэці год. І я таксама вельмі хачу іх пабачыць.

Карэспандэнт: Ваш муж, Андрэй Саньнікаў, ужо ведае пра тое, што вы да яго прыедзеце і як ён адрэагаваў на гэтую навіну?

Халіп: Андрэй ўжо ведае, натуральна, я яму адразу патэлефанавала. Але ён пакуль яшчэ ня можа ў гэта паверыць.

Карэспандэнт: Вы паедзеце разам з сынам альбо сын застаецца ў Беларусі?

Халіп: Гэта я яшчэ ня вырашыла дакладна, але думаю, што, вядома, для нас усіх было б лепш, каб мы сустрэліся ўсе разам.

Карэспандэнт: Чаму менавіта цяпер вам дазволілі часовы выезд зь Беларусі?

Халіп: Я думаю для таго, каб прадстаўніку ААЦ (апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце. — РС) дазволілі часова ўехаць у Вену і выступіць на канфэрэнцыі АБСЭ. Чамусьці я вельмі зьвязваю гэтыя дзьве падзеі. Адбываецца чарговая спроба рэжыму заняцца сваёй любімай справай — гандлем. Адбываюцца нейкія спробы штосьці там нармалізаваць з Усходнім партнэрствам і напэўна гэта ўсё неяк зьвязана.

Карэспандэнт: Але ўсё ж ці варта вяртацца ў Беларусь у сёньняшняй сытуацыі?

Халіп: Я абсалютна ўзорны зэк. І паколькі я асуджаная, я гэты свой тэрмін адбываць буду так, як і трэба. Я дапушчаю, што ўлады вельмі спадзяюцца, што я не вярнуся і можна будзе запісваць мне парушэньні, што я зьехала, затрымалася. І гэтага я не дапушчу.

Карэспандэнт: А як вы ставіцеся да тых палітыкаў, якія зьяжджаюць за мяжу, застаюцца там?

Халіп: Гэта абсалютна асабістая справа кожнага. І тут ніхто нікога ня можа ці асуджаць ці, наадварот, апраўдваць. Калі чалавек працуе на карысьць Беларусі, дык якая розьніца, дзе ён знаходзіцца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG