Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія якасьці мае радыё, чаго ня маюць, так бы мовіць, яго маладзейшыя канкурэнты? І як бачыцца яго будучыня?

З нагоды Сусьветнага дня радыё над гэтымі пытаньнямі разважаюць журналісты Свабоды Алена Ціхановіч, Вячаслаў Ракіцкі і Ігар Памяранцаў (Расейская служба).

Фрагмэнт перадачы:

Вячаслаў Ракіцкі: Радыёвяшчаньне прайшло вялікі шлях — ад дэтэктарнага прыймача да спадарожнікавага вяшчаньня. Сёньня ў якасьці прыймачоў выступаюць і ўжо састарэлы кароткахвалевы прыймач, і нэтбук, і айпэд, і айфон. Вось тут, у маім айфоне сабраныя ўсе радыёстанцыі сьвету, якія перадаюць празь інтэрнэт. Якія тут пэрспэктывы адкрываюцца для радыё? Гэта прылады, якія могуць пахаваць радыё ці наадварот, яны яго ўратуюць, падоўжаць яго жыцьцё? Дадуць імпульс для набыцьця новай якасьці?



Ігар Памяранцаў: Сучасныя тэхналёгіі якраз могуць адрадзіць архаічныя рысы культуры. Напрыклад, людзі нябедныя ў ХІХ стагодзьдзі абменьваліся лістамі некалькі разоў на дзень, дасылаючы іх сваімі пасыльнымі. Прыкладна гэта дазваляе нам цяпер мець e-mail — пошту ў інтэрнэце. Дзякуючы тэхналёгіям, мы можам адрадзіць нейкія цудоўныя якасьці мінулага. Натуральна, яны ня могуць абсалютна паўтарыць іх. Таму ў мяне ніякага пратэсту новыя тэхналёгіі ня могуць выклікаць. Гаворка мае ісьці пра тых, хто карыстаецца імі. У руках розных людзей новыя тэхналёгіі могуць быць або зьнішчальнымі, або наадварот, канструктыўнымі. Тое самае з радыё. Але ўсё роўна ў аснове радыё застаюцца чалавечы голас і гукі. Дарэчы, для мяне драматургія радыё нараджаецца не тады, калі паведамляюць, да прыкладу, пра выкід вулькану. Для мяне драматургія радыё пачынаецца ў суіснаваньні і сутыкненьнях гукаў — як яны ў этэры труцца насамі, даюць адно адному аплявухі, шэпчуць адно адному нешта на вуха. З гэтага пачынаецца драматургія радыё для прафэсіянала.

Ракіцкі: Шмат гадоў слухачы чулі нашыя галасы з этэру. І вось мы сядзім перад тэлекамэрамі. Нас ужо бачаць. Ці не зьнішчальная гэтая рэальнасьць для радыё? Якую будучыню радыё вы бачыце ўвогуле, і нашага Радыё Свабода ў прыватнасьці?

Алена Ціхановіч: Гэта вельмі дыскутаванае пытаньне: ці трэба, каб людзі бачылі радыёвядоўцаў. Памятаеце знакамітага савецкага дыктара Левітана? Кажуць, ён быў маленькага росту, ня вельмі зьнешне прывабным чалавекам. А голас ягоны быў вельмі ўразьлівым. Мы крыху баронімся ад таго, каб паказвалі нашу кухню, як сядзім, як трымаем мікрафон ці навушнікі. Але, напэўна ж, прыдзем і да таго, каб чалавек праз вэб-камэру мог падгледзець, як мы выглядаем у час працы. Але, мне падаецца, што, задаволіўшы сваю цікавасьць, людзі далей будуць слухаць. Для Беларусі важна, каб там слухачы не праз архаічныя кароткахвалевыя прыймачы, якія трэба ўмела трымаць у руках, прыкладаць іх да батарэяў, а праз найноўшыя айпэды, айфоны, кампутары, ці хоць бы ў аўтамабілях маглі слухаць ня толькі расейскае, а любое радыё, улучна са Свабодай. Напэўна, тады пераварот у розумах быў бы большым.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG