Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня 14 лютага: паэтычны фэст, Дзень закаханых і кампутаршчыкаў


Падзеі, якія сёньня маюць адбыцца ў Беларусі, і сёньняшні дзень у гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

У Дзень сьвятога Валянціна паэт і бард Эдуард Акулін песьнямі і вершамі пра каханьне выкажа падтрымку палітвязьням і іх родным. Паслухаць Эдуарда Акуліна можна а 18 гадзіне ў офісе партыі БНФ (Менск, вул. Чарнышэўскага, 3). А 13-й гадзіне ў гэтым самым памяшканьні маладыя хрысьціянскія дэмакраты правядуць прэсавую канфэрэнцыю з нагоды адмовы Мінюсту зарэгістраваць іх аб’яднаньне.

У 18:30 у канфэрэнц-залі Інстытуту імя Гётэ пачнецца Другі міжнародны паэтычны фэстываль «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова, дзень нараджэньня якога прыпадае якраз на 14 лютага. На фэсьце будуць паэтычныя чытаньні, прэзэнтацыя кніг, міжнародны паэтычны слэм. Чакаецца ўдзел паэтаў з Швэцыі, Нямеччыны, Эстоніі, Расеі, Літвы і Ўкраіны. Выступяць Андрэй Такінданг і гурт «Recha».


14 лютага пракуратура дасьць справаздачу наконт таго, як яна спрыяла ўмацаваньню законнасьці і правапарадку ў краіне ў 2012 годзе. Дзеля гэтай мэты журналістаў склікаюць а 15 гадзіне ў Нацыянальны прэс-цэнтар.

ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

14 лютага — Дзень закаханых, які, на думку псыхолягаў, зусім не бясспрэчна пазытыўны, як можа падацца. Амэрыканскія навукоўцы сьцьвярджаюць, што тыя, каму не пашчасьціла ў асабістым жыцьці, у гэты дзень, назіраючы за мэдыйнай рэклямай, могуць упасьці ў цяжкую дэпрэсію.

14 лютага — неафіцыйны, але шырока адзначаны ў прафэсійным сьвеце Дзень кампутаршчыка. 14 лютага 1946 навуковаму сьвету і ўсім зацікаўленым быў прадэманстраваны першы рэальна дзейны электронны кампутар ENIAC I (Electrical Numerical Integrator And Calculator).

14 лютага ў розныя гады нарадзіліся беларускі мастак, майстра партрэту Валеньці Ваньковіч, гісторык і літаратар Мікола Ўлашчык, пісьменьнік і перакладчык Алесь Звонак, паэт і пісьменьнік Міхась Стральцоў.

В.Ваньковіч. Адам Міцкевіч на скале Аю-Даг:



14 лютага — 200-я ўгодкі знакамітага расейскага кампазытара Аляксандра Даргамыжскага. На працягу доўгіх гадоў імя Даргамыжскага зьвязвалася з опэрамі «Каменны госьць» і «Русалка». Вялікую папулярнасьць дагэтуль маюць ягоныя рамансы.

Іван Казлоўскі. "Я вас любил...":



ЦЫТАТА ДНЯ

Разам з людзьмі

Я не скажу, што бачыў сьвет.
Але на моры і на сушы
Жывых людзей жывыя душы
Ў маёй пакінулі свой сьлед —
To сьлед гаючы, то балючы.
Ды чалавечае бяды
У час балючых зь ёй заручын —
Куды найбольшыя сьляды.
У час удачы ці няўдачы
Ў самім табе душу бярог,
Так ці інакш цябе іначыў
Так званы болевы парог.
З табой лучыў і сьвет няблізкі,
Каб голас сэрца не глушэў:
Для болю іншых быў ён нізкі,
А для твайго — усё вышэў.

Міхась Стральцоў
XS
SM
MD
LG