Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня можа быць двух пап у Ватыкане»


Бэнэдыкт XVI
Бэнэдыкт XVI

Усё больш пытаньняў выклікае беспрэцэдэнтная дыскусія пра будучыню Бэнэдыкта XVI пасьля яго адстаўкі 28 лютага — піша ў сераду італьянская прэса.

Экспэрты ламаюць галовы, як быць з прысутнасьцю двух пап за Бронзавай Брамай і які будзе статус Ёзэфа Ратцынгера.

Газэта «Corriere della Sera» публікуе меркаваньне ананімнага высокага саноўніка рымскай курыі, які лічыць, што «ня можа быць двух пап у Ватыкане, нават калі адзін зь іх фармальна будзе былым папам». Газэта заўважае, што разьвязаньне гэтага далікатнага пытаньня цяпер — адна з найважнейшых праблем.

Бэнэдыкт XVI будзе паводзіць сябе вельмі канфідэнцыйна, — такія меркаваньні цытуе «La Stampa». Выданьне заўважае, што без адказу застаецца фундамэнтальнае пытаньне, якое раней не задавалася: як будзе называцца папа пасьля адстаўкі? Ясна толькі, што ён ня зможа далей насіць імя Бэнэдыкт XVI. Адначасова газэта тлумачыць, што пасьля сьмерці на ягонай магіле будзе напісанае папскае імя разам з датамі пачатку і канца пантыфікату, а дадаткова, чаго раней не здаралася, яшчэ і з датай сьмерці.

Экспэрты кананічнага права з Апостальскай сталіцы мусяць разьвязаць таксама пытаньне фармальнага тытулу папы. Адзначаецца, што пасьля канкляву папа перастае належаць да калегіі кардыналаў, а ўжо пасьля адстаўкі тэарэтычна ня можа быць «адстаўным кардыналам». Выказваецца таксама гіпотэза, што ён можа вярнуцца, калі новы папа прызначыць яго кардыналам нанава.

Паводле турынскай газэты, Бэнэдыкта XVI ня будуць тытулаваць «адстаўным папам», праўдападобней — «адстаўным біскупам Рыму». Біскупскі сан, атрыманы ў 1977 годзе ў Нямеччыне, за ім застаецца, нягледзячы на сыход з папскага трону. «La Stampa» сьцьвярджае, апроч таго, што ў такой сытуацыі Ёзэф Ратцынгер перастаў бы насіць белую сутану і вярнуўся да чорнай, біскупскай.

Прэса піша пра пытаньні будучыні Бэнэдыкта XVI, якія множацца на вачах: ці будзе ён выходзіць са свайго новага дому ў Ватыкане, ці будзе прымаць візыты і выказвацца публічна. У друку гадаюць, ці будзе ён далей пісаць кнігі, ці давершыць свой тэкст пра веру, які меўся стаць ягонай чацьвёртай энцыклікай.

Італьянскія газэты заўважаюць, што Бэнэдыкт XVI хацеў пакінуць пасад без папярэджаньня. Аднак, паводле іхніх крыніц, яму параілі абвясьціць пра свой сыход загадзя, каб не паралізаваць дзейнасьць рымскай курыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG