Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У недзяржаўных СМІ — беларусізацыя, у афіцыйных — русіфікацыя


Самае масавае недзяржаўнае грамадзка-палітычнае выданьне краіны — газэта «Аргументы и факты в Беларуси» — адзначае 20-годзьдзе сваёй прысутнасьці ў краіне паступовай беларусізацыяй друкаваных матэрыялаў. Летась у пасьведчаньне аб рэгістрацыі была дададзеная беларуская мова, і цяпер матэрыялаў па-беларуску істотна паболела, пад некаторыя адводзяцца цэлыя палосы. У той жа час дзяржаўныя газэты дэманструюць адваротную тэндэнцыю — у некаторых на роднай мове засталася толькі назва.

Сёлета папулярны брэнд «Аргументы и факты», унесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса за наклад у 33,5 мільёна асобнікаў, адзначае два юбілеі: 35 гадоў ад моманту заснаваньня і 20 гадоў працы ў Беларусі. Нязьменны галоўны рэдактар газэты «Аргументы и факты в Беларуси» Ігар Сакалоў кажа, што адным з лягічных крокаў стала шырэйшае выкарыстаньне беларускай мовы ў матэрыялах:

«Каб заставацца цікавым і запатрабаваным тыднёвікам тут, трэба гаварыць
Паколькі нашы чытачы вельмі цёпла ўспрымаюць беларускую мову, мы вырашылі гэтую практыку пашырыць

з чытачамі пра тое, што іх хвалюе, размаўляць зь імі на той мове, якая ёсьць у краіне. Ува ўсіх кутках сьвету, дзе „АіФ“ выходзіць, гэта не дадатак да чагосьці, а самастойнае выданьне, якое павінна прыцягваць увагу менавіта мясцовай аўдыторыі. Паколькі нашы чытачы вельмі цёпла ўспрымаюць беларускую мову, мы вырашылі гэтую практыку пашырыць — адпаведныя зьмены ў рэгістрацыйныя дакумэнты былі ўнесеныя ў верасьні 2012-га. На сваіх старонках да беларускай мовы мы зьвярталіся і раней. Гэта такія папулярныя і любімыя рубрыкі, як „Прыкметы“, „АіФ-афарызм“, „АіФ-факт“, „Народны каляндар“. Яны даўно выходзяць у тым ліку па-беларуску, і няма ніякага сэнсу гэтыя рэчы перакладаць. Артыкулаў шмат, сёньня ў нас рэальна суседнічаюць дзьве мовы. Трэба сказаць, што ўсе нашы журналісты — мясцовыя, добра валодаюць беларускай мовай, так што для нас гэта норма».

Далучэньне чытачоў да беларускай мовы праз такія масавыя выданьні — а наклад «Аргументов и фактов в Беларуси» дасягае амаль 160 тысяч асобнікаў — цешыць і адмыслоўцаў, якія займаюцца папулярызацыяй роднай мовы. Гаворыць першы намесьнік старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім:

Алена Анісім. Аўтар фота - Арцём Канцавы
Алена Анісім. Аўтар фота - Арцём Канцавы
«Вядома, гэта станоўчы факт. Вельмі добра, калі недзяржаўныя структуры правільна разумеюць сутнасьць афіцыйнага дзьвюхмоўя, уводзячы ў свае статуты яшчэ адну дзяржаўную мову, у дадзеным выпадку — беларускую. Асабліва прыемна, калі гэта робяць выданьні, якія зарэкамэндавалі сябе даволі добра ў Беларусі, якія карыстаюцца значнай аўдыторыяй. І тое, што яны робяць свой пэўны культурны ўнёсак у разьвіцьцё беларускай мовы — гэта вельмі і вельмі добра. Чым больш людзей далучыцца да беларускай мовы, дзякуючы ў тым ліку і працы нашых журналістаў, тым больш на карысьць усім гэта будзе».

Не цураюцца беларускай мовы і некаторыя іншыя папулярныя недзяржаўныя мэдыі. Артыкулы па-беларуску зьяўляюцца на старонках «Комсомольской правды» в Беларуси«, стала прысутнічаюць беларускамоўныя аўтары на старонках тыднёвіка «Свободные новости плюс». Галоўны рэдактар газэты Васіль Зданюк кажа, што беларуская мова суправаджае выданьне ўжо шмат гадоў:

«У нас ад самага пачатку і ў статуце, зарэгістраваным у выканкаме,
Ну як можна, напрыклад, размаўляць з Генадзем Бураўкіным пра стан беларускай культуры па-расейску?

і ў статутных дакумэнтах, пададзеных у Міністэрства інфармацыі, дакладна ўказаныя дзьве мовы — беларуская і расейская. Самы сталы наш беларускамоўны аўтар — паэт Сяргей Законьнікаў. Ня памятаю, каб за восем гадоў, як ён пачаў у нас друкавацца, быў прапушчаны хоць адзін нумар. У яго аўтарская публіцыстычная калёнка, прысьвечаная пытаньням культуралёгіі, нацыянальным каштоўнасьцям, абароне беларускай мовы. Вось ужо шосты год запар не прапускае ніводнага нумару зь вершаванымі фэльетонамі беларускамоўны Алесь Няўвесь. Таксама з нашых пастаянных аўтараў усё часьцей пераходзіць на беларускую мову Аляксандар Тамковіч. Ёсьць жа такія рэчы, што інакш нельга: ну як можна, напрыклад, размаўляць з Генадзем Бураўкіным пра стан беларускай культуры па-расейску?»

Але паралельна мае месца і іншая тэндэнцыя. Цэнтральныя выданьні кшталту «Рэспублікі» ці «Народнай газеты» паступова сышлі ў расейскамоўны фармат, і ад былой беларускасьці пазаставаліся хіба шыльды. Аналягічныя працэсы характэрныя і для рэгіёнаў — і для абласных, і для раённых газэт. На думку былога галоўнага рэдактара «Народнай газеты» Мікалая Галко, дзяржаўныя мэдыі ў сваёй інфармацыйнай палітыцы так ці інакш арыентуюцца на прэзыдэнцкую «Советскую Белоруссию», у якой запатрабаваная толькі адна дзяржаўная мова — не беларуская:

Усе цяперашнія прызначаныя галоўныя рэдактары глядзяць на „Советскую Белоруссию“

«Сышлі тыя часы, калі ў кожнай цэнтральнай газэты былі свае непаўторныя адметнасьці, свой калярыт. Цяпер яны ўсе аднолькавыя, як пад капірку. Усе цяперашнія прызначаныя галоўныя рэдактары глядзяць на „Советскую Белоруссию“ — што яна робіць, якія матэрыялы на яе старонках друкуюцца. І дзейнічаюць адпаведна — стараюцца імітаваць усё тое ж самае. Так прынамсі спакайней: калі ўлады задаволеныя „Саўбелкай“, то ня будуць мець прэтэнзій і да тых, хто яе старанна капіруе. Таму, дарэчы, нічога дзіўнага няма ў тым, што яны ўрэшце аб’ядноўваюцца ў адну структуру».

Адна з кіраўнікоў Таварыства беларускай мовы Алена Анісім лічыць, што спроба прыстасавацца пад моўную каньюнктуру, якая дыктуецца зьверху, сьведчыць пра ўзровень культуры праваднікоў улады на месцах:

«Гэты факт відавочны, але працэс пачаўся ня сёньня і ня ўчора. Прыкра, што ў многіх месцах чыноўнікі, дзяржаўныя служачыя, якія курыруюць мясцовыя мэдыі, недаацэньваюць ролю беларускай мовы і паводзяць сябе, мякка кажучы, дзіўна. Бо каму, як ня ім, хто бліжэй да вёскі, да зямлі, праводзіць менавіта палітыку падтрымкі дзяржаўнай беларускай мовы? А яны, наадварот, ад гэтага ўхіляюцца. На маё перакананьне, гэта папросту сьведчыць пра нізкі ўзровень культуры ў некаторых цяперашніх нашых чыноўнікаў. Бо тыя, хто не разумее гэтага і пачынае працаваць толькі на ніве расейскай мовы — ну што ж, тым самым яны адсякаюць ад сябе, як мне падаецца, шанец на будучыню. Яны заганяюць сябе проста ў тупік».

У Беларусі несанкцыянаванае выкарыстаньне беларускай мовы можа стаць нагодай для пакараньня. Калі ў рэгістрацыйным пасьведчаньні не пазначана, што выданьне, апроч нейкай іншай мовы, зьбіраецца друкаваць матэрыялы па-беларуску, зьяўленьне беларускамоўнай публікацыі можа пацягнуць за сабой папярэджаньне Міністэрства інфармацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG