Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зноў усе сталі мільянэрамі, а неўзабаве, напэўна, зробімся і мільярдэрамі...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Эфір 13 лютага 2013 году

Куды рухаюцца беларуская дзяржава і грамадзтва? Якую будучыню рыхтуюць для беларусаў тыя, хто ўжо 19 год валодае ўсімі рычагамі ўлады, нікога больш не дапускаючы да дзяржаўнага стырна? Гэтыя пытаньні часта гучаць у пошце «Свабоды».

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога допісу. Вось як спрабуе адказаць на пытаньне пра тое, якую Беларусь будуе рэжым Лукашэнкі, наш даўні сябар Васіль Валошка з Радашкавічаў Маладэчанскага раёну. Ён піша:

«Раней Лукашэнка ня раз казаў пра тое, што будуе так званы „рынкавы сацыялізм“. Увогуле, пра савецкі досьвед ён заўсёды выказваецца ўхвальна. Але што ў выніку Лукашэнка будуе сёньня ў Беларусі — напэўна, і сам ня ведае. Яму пашанцавала, што ў нас вельмі зручны матэрыял для падобных сацыяльных экспэрымэнтаў — цярплівы і паслухмяны народ.

У выніку Лукашэнка ўжо многае пабудаваў. Але галоўным чынам — для сябе, свайго атачэньня, шматлікіх мясцовых начальнікаў і намэнклятурных кіраўнікоў заводаў ды калгасаў. Усе добра ведаюць і бачаць, які плён іхнай працы: шматлікія правалы ў эканоміцы, крах нацыянальнай валюты, дзікая інфляцыя, неканкурэнтаздольная прадукцыя з прычыны нізкай якасьці ды вялікай энэргаёмістасьці.

Але гэта толькі просты народ пакутуе ад такой, так бы мовіць, „дзяржаўнай дзейнасьці“. А вось самі дзеячы жывуць так, нібы надышоў камунізм. Шыкоўныя катэджы ў самых прэстыжных мясьцінах, дарагія аўтамабілі, залатыя швайцарскія гадзіньнікі коштам дзясяткі тысяч эўра. Усё гэта, заўважым, несувымернае з памерам легальных заробкаў дзяржаўных мужоў.

Ну, а для асноўнай большасьці насельніцтва — сацыялізм з ураўнілаўкай у заробках і пэнсіях, памер якіх — самы нізкі ў Эўропе. Сацыялізм гэты, праўда, вельмі спэцыфічны. У СССР хоць і былі невысокія заробкі, але кватэры, напрыклад, давалі бясплатна — хоць і пасьля шматгадовага стаяньня ў чэргах. А тут хочаш крэдыт на жыльлё — бяры, калі ласка: пад 30 працэнтаў гадавых.

І што гэта за сацыялізм, пры якім квітнеюць розныя чыжы, пефціевы ды іншыя мільярдэры-алігархі?

А вось што да палітзьняволеных ды перасьледу іншадумцаў — то тут усё ў парадку: клясычны савецкі сацыялізм
30-х гадоў».

Ад сацыялізму ў Беларусі калі што і засталося, дык хіба толькі ідэалягічныя штампы ў прамовах лідэра, камуністычныя назвы вуліц ды чырвоны сьцяг. У эканоміцы пануе дзяржаўны капіталізм з усімі ягонымі праявамі. Сацыяльная абароненасьць паступова згортваецца і выціскаецца з усіх сфэр жыцьця. Найманага работніка могуць звольніць за найменшую правіну — і афіцыйны прафсаюз паслухмяна пагодзіцца з адміністрацыяй. Усе гады кіраваньня Лукашэнкі ў краіне пасьлядоўна вынішчаецца бясплатная вышэйшая адукацыя. Цяпер вось урад выступае з новымі ініцыятывамі — пра пашырэньне платнай мэдыцыны, пра падвышэньне платы за дзіцячыя садкі, пра скасаваньне ільготных тарыфаў на камунальныя паслугі.... Непадзельнае панаваньне сацыялістычных прынцыпаў застаецца толькі там, дзе ідзе размова пра аднаасобнае ўтрыманьне ўлады і ўціск грамадзянскіх свабод.

Наступны ліст даслаў нам Сяргей Петрукевіч з Кобрына. Разважаючы пра ініцыяваную ўладай кампанію так званага «навядзеньня парадку на зямлі», а таксама яе наступствы, слухач піша:

«Цяперашняя ўлада дужа любіць хваліцца тым, што ў яе паўсюль — чысьціня, парадак. Для мяне гэта крыху сьмешна. Нашы людзі (асабліва ў Заходняй Беларусі) схільныя да парадку. І старэйшыя пакаленьні былі прывучаныя да яго. Памятаю яшчэ зь дзяцінства: жывучы ў вёсцы, мама кожную суботу абавязкова падмятала дарогу перад хатай, прыбірала панадворак. Так было заведзена.

А сёньня нам спрабуюць давесьці, што чысьціня — гэта заслуга цяперашняга рэжыму. Сьмех дый годзе! Цяперашні парадак — вельмі часта — вонкавы, дзеля паказухі. Пафарбуюць фасад дома, а ўнутры — заняпад і антысанітарыя. Альбо што цяпер робіцца з экалёгіяй? Вось у нас за два кілямэтры ад вёскі працякае рэчка, дзе я калісьці ў дзяцінстве вучыўся плаваць, дзе мы лавілі ракаў, рыбу... Было балота, поўнае ўсялякай жыўнасьці. Была чыстая рака. А што цяпер? Праз балота праклалі канал, па якім цячэ мёртвая вада, бо пэрыядычна ў гэты канал зьліваюць люгер з жывёлагадоўчага комплексу. Канал атручвае раку. Ні рыбы, ні ракаў у ёй больш няма. Вонкава — нібыта парадак. Па сутнасьці — зьдзек з прыроды і зь людзей.

З чаго ўсё гэта ў нас пачалося? Думаю, з таго моманту, калі ў людзей адабралі зямлю і ўласнасьць, калі ў 1939 годзе з усходу прыйшлі так званыя «вызваліцелі». Ведаю пра тое з успамінаў мамы. Зайшлі ў хату — у абмотках, мурзатыя, галодныя. Яна наварыла саган бульбы, заскварыла, дала квашанай капусты з алеем і цыбуляй... Чырвонаармейцы елі і хвалілі: «Як смачна! Як жа вам тут добра жывецца!»
.

Так, спадар Сяргей: пра нешта падобнае могуць расказаць старыя людзі ў любой заходнебеларускай вёсцы. Як і пра тое, што ўсьлед за гэтымі чырвонаармейцамі з усходу папрыяжджалі камісары ды парторгі, і неўзабаве самых заможных і гаспадарлівых сялян зь сем’ямі пачалі грузіць у быдлячыя вагоны ды вывозіць у Сыбір, а іхныя нажытыя сваім мазалём гаспадаркі — рабаваць і цягнуць у калгас. Міне яшчэ некалькі гадоў — і заходні беларус гэтак жа, як і ўсходні, будзе крадучыся зьбіраць мерзлую бульбу ці каласкі на тым полі, якое спрадвеку было ўласнасьцю ягонай сям’і.

Наш слухач Антон Мелюх зь вёскі Багданаўка Лунінецкага раёну распавядае пра цяжкія выпрабаваньні свайго лёсу і выказвае ідэю наконт таго, як ва ўмовах вёскі можна ўладкаваць жыцьцё такім жа, як ён, самотным і хворым людзям. Спадар Антон піша:

«Мне 58 год. Я — інвалід 2-й групы зь дзяцінства. Блізкія людзі паўміралі, і застаўся я круглым сіратой. Такія людзі цяпер нікому не патрэбныя.

У нас у Лунінецкім раёне ў розных вёсках нямала будынкаў колішніх бальніц, амбуляторый, паліклінік, якія ў свой час былі зачыненыя, а цяпер стаяць парожнія, нікому да іх няма справы. У той жа час у сельскай мясцовасьці цяпер вялікая колькасьць старых нямоглых людзей, ці такіх, як я — інвалідаў, якім самастойна жыць ва ўмовах вёскі надзвычай складана. Ці нельга было б прыстасаваць тыя занядбаныя будынкі нам для жытла — каб там і цёплы прытулак быў, і харчаваньне, і мэдычныя паслугі? А мы б з пэнсіяў плацілі, хто колькі можа. Няхай бы і 90 працэнтаў пэнсіі забіралі — я згодзен.

Я з гэтай нагоды пісаў і ў райвыканкам, і нават Лукашэнку Аляксандру Рыгоравічу. Ніхто ня супраць. Але, кажуць, грошай на гэта не хапае, трэба дапамога спонсараў»
.

Дапамагаць такім людзям, як вы, спадар Антон, — гэта найпершы абавязак дзяржавы — тым больш той, якая лічыць сябе сацыяльна-арыентаванай. Ня спонсары павінны ўладкоўваць і абсталёўваць гэтыя дамы састарэлых ды інвалідаў, і не на ахвяраваньні добразычлівых людзей павінны найперш разьлічваць чыноўнікі, адказныя за гэтую справу. У Беларусі ў Фонд сацыяльнай абароны кожны працаздольны грамадзянін штомесяц пералічвае 35 працэнтаў свайго заробку. Вось з гэтых грошай і павінна фінансавацца ўтрыманьне тых, хто сам абслугоўваць сябе ня здольны.

Чамусьці на будаўніцтва і ўтрыманьне лядовага палаца ў вашым рэгіёне, у Баранавічах, у бюджэце знайшліся дзясяткі мільёнаў даляраў. Хоць нават нязначнай часткі тых сродкаў, патрачаных на вельмі сумнеўны з пункту гледжаньня надзённых патрэбаў простых палешукоў аб’ект, хапіла б, каб уладкаваць мо зь дзясятак невялікіх прытулкаў для абяздоленых людзей.

Пра штодзённыя клопаты і трывогі пажылога вясковага чалавека разважае ў сваім лісьце і Міхаіл Бакулеў зь вёскі Кісьцяні Рагачоўскага раёну. Слухач піша:

«Цэны растуць — як мухаморы ў лесе пасьля дажджу. Ніхто за імі ня сочыць, ніхто ня стрымлівае. Кажуць: рынак усё сам зробіць... З аднаго боку, рынак — гэта добра. Тавараў цяпер у крамах — якіх хочаш. Але, з другога боку, на якія толькі хітрыкі не ідзе вытворца і гандляр, каб збыць гэты тавар. Пачытаеш, з чаго складаецца той ёгурт ці хлеб — дык за галаву возьмесься. Колькі хіміі, аказваецца, туды напхалі — дзеля таго каб даўжэй захоўваўся і добра пах. А якая з гэтага шкода для здароўя — ніхто асабліва ня дбае. Натуральных прадуктаў фактычна не засталося — вось да чаго дажыліся....

Урад тым часам не перастае друкаваць грошы. Зноў усе сталі мільянэрамі, а неўзабаве, напэўна, зробімся і мільярдэрамі. А цана бохана хлеба, відаць, дойдзе да ста тысяч... Любяць нашы ўлады гэтую справу — каб як мага болей нулёў на цэньніку было. Ды толькі працоўнаму чалавеку і пэнсіянэру з гэтага радасьці мала...

Апазыцыянэраў нешта не відаць і не чуваць. Можна толькі параіць ім тое, што раіў сваім паплечнікам адзін вядомы гістарычны пэрсанаж, які ляжыць цяпер у Маўзалеі на Краснай плошчы: ідзіце ў масы, да людзей, у глыбінку. Людзкога гора тут і рознага нэгатыву — хоць гаць гаці... Глядзіш, і людзі з вамі пазнаёмяцца, даведаюцца, што вы зусім не такія страшныя, як малюе прапаганда»
.

Сапраўды, спадар Міхаіл, высокая інфляцыя, няспынны рост цэн і грашовыя купюры наміналам у сотні тысяч рублёў у гады прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі сталі нормай. Маладое пакаленьне беларусаў і ня памятае таго часу, калі цэны былі стабільнымі настолькі, што іх друкавалі на ўпакоўцы тавару адразу на заводах і фабрыках, дзе гэты тавар выпускаўся.

Калісьці ў 1991-м годзе рабочыя адразу некалькіх буйных менскіх прадпрыемстваў выйшлі на вуліцу, калі ўрад падняў кошты на мяса на 10 ці 20 працэнтаў. У апошнія гады цэны літаральна на ўсё растуць на сотні працэнтаў у год — і нікога гэта не абурае да такой ступені, каб выходзіць з пратэстамі на плошчу. І да высокай інфляцыі, і да эканамічнай нестабільнасьці людзі прыцярпеліся — і ўжо не ўспрымаюць іх як нешта надзвычайнае.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG