Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прысуд Андрэю Забабуру абвесьцяць 15 лютага


Пракурор папрасіў 4 гады пазбаўленьня волі ў калёніі-пасяленьні для падсуднага — бізнэсмэна Андрэя Забабуры. Той кіраваў аўтамабілем, які насьмерць зьбіў у школьным двары дзевяцігадовага хлопчыка.

Скончыліся судовыя спрэчкі на працэсе ў Фрунзенскім судзе Менску, дзе судзьдзя Юлія Блізьнюк разглядае справу аб гібелі на школьным двары пад коламі аўтамабіля трэцяклясьніка Ўлада Грудзьева.

Паводле пракурора Ірыны Лапцэвіч, віна кіроўцы аўтамабіля «Порш каен» Андрэя Забабуры ў парушэньні правілаў дарожнага руху, у выніку чаго загінуў хлопчык, была цалкам даказаная, і абвінавачанага трэба пакараць 4 гадамі пазбаўленьня волі з адбыцьцём пакараньня ў калёніі-пасяленьні. Тое, што Андрэй Забабура не прызнаў сябе вінаватым на працэсе, пракурор тлумачыць ягоным жаданьнем пазьбегнуць адказнасьці. Ірына Лапцэвіч лічыць няшчырымі паказаньні Андрэя Забабуры, калі той казаў у судзе, што не праяжджаў пад знакам «рух забаронены», а пад’ехаў да школы праз паркоўку, дзе такога знака не было. Пракурор цалкам пагадзілася з высновамі экспэртызы, якую правялі супрацоўнікі экспэртнага цэнтру МУС: што ў кіроўцы было 3 сэкунды, каб прадухіліць наезд на хлопчыка, але ён ня быў уважлівы, як належыць на прылеглай да школы тэрыторыі, і таму вінаваты ў гібелі Ўлада Грудзьева.

Адвакат абвінавачанага Ігар Папкоўскі даводзіў суду, што высновы экспэртаў МУС памылковыя і насамрэч у Андрэя Забабуры не было тых трох сэкундаў, пра якія кажуць экспэрты. Паводле адваката, суду трэба больш давяраць незалежнаму экспэрту, які вылічыў, што ў Забабуры, каб прадухіліць наезд, было нашмат меней часу. Гэта магла высьветліць і пракуратура, калі б дасканала праверыла высновы супрацоўнікаў міліцыі, мяркуе адвакат Ігар Папкоўскі. Адвакат прапаноўваў суду правесьці новы сьледчы экспэрымэнт, бо сумняваўся ў чысьціні экспэрымэнту, які правяла міліцыя:
Паводле Папкоўскага, у судзе не была даказаная прычынная сувязь паміж сьмерцю хлопчыка і дзеяньнямі ягонага падабароннага

«Паводле паказаньняў дзяцей, хлопчык бег з хуткасьцю 14 кілямэтраў у гадзіну. Вядомая і хуткасьць аўтамабіля. Абавязак органа расьсьледаваньня быў у тым, каб кожнага дзіцёнка распытаць, пабудаваць траекторыі рухаў дзяцей, вызначыць адлегласьць, зь якой хлопчыка мог убачыць кіроўца, пасадзіць дэманстратара на месца кіроўцы і забараніць яму паварочваць галаву налева, і калі дзіцёнак будзе бегчы на вызначаным участку, і каб ён ня ведаў, куды бяжыць дзіцёнак. І тады спытаць дэманстратара: што ён бачыў? Вось так павінен быў праходзіць экспэрымэнт. Дарэчы, за аб’ектыўнасьцю расьсьледаваньня сочыць пракуратура».

Паводле Папкоўскага, у судзе не была даказаная прычынная сувязь паміж сьмерцю хлопчыка і дзеяньнямі ягонага падабароннага. Здарылася трагічная выпадковасьць, пра якую мы ўсе вельмі шкадуем, і Андрэя Забабуру трэба апраўдаць, заявіў суду адвакат. Таксама абаронца заклікаў суд зрабіць вызначэньне на адрас школы, бо там павінны былі кантраляваць дзяцей ня толькі ў школе, але і на школьнай тэрыторыі. Дзеці шмат разоў гулялі ў даганялкі на двары, дзе езьдзілі аўтамабілі, а настаўнікі не спынілі такія небясьпечныя гульні, мяркуе адвакат.

Ксенія Кобаса ад імя пацярпелых заявіла, што вызначэньне пакараньня для Андрэя Забабуры яны цалкам пакідаюць суду.

Вінаватым сябе ў парушэньні правілаў дарожнага руху Андрэй Забабура зноў не прызнаў

З апошнім словам сёньня выступіў і абвінавачаны Андрэй Забабура. Ён паўтарыў, што нясе маральную адказнасьць за сьмерць хлопчыка. «Ад гэтага не застрахаваны ніхто», — сказаў Андрэй Забабура пра няшчасны выпадак, які адбыўся зь ягоным удзелам. Але вінаватым сябе ў парушэньні правілаў дарожнага руху Андрэй Забабура зноў не прызнаў. Ён сказаў, што да апошняга моманту ня бачыў хлопчыка і ня мог прадухіліць здарэньне. Таксама падсудны выказаў абурэньне тым, што некаторыя карыстальнікі інтэрнэту яшчэ да суду назвалі яго злачынцам. Але сам ён такім людзям у выніку даруе:

«Самая галоўная якасьць сапраўднага чалавека — уменьне дараваць. Якая б крыўда яму ні была нанесеная. Таму што чалавек ня можа быць вышэйшы за Бога. І я са свайго боку дарую тым, хто ўжо лічыць мяне злачынцам. Алена, я абяцаў, што па магчымасьці буду дапамагаць вам незалежна ад рашэньня суду. Кожны вечар перад сном я малюся і абяцаю гэта вашаму сыну».

Прысуд Андрэю Забабуру будзе агалошаны 15 лютага.

Жывы рэпартаж з залі суду


15.45 Прысуд абвесьцяць у пятніцу, 15 лютага, а 15 гадзіне

15.39 Апошняе слова Забабуры


Забабура чытае з аркуша паперы.

«Згодзен, што з маральнага пункту гледжаньня вінаваты».

Кажа, што «ягоны лёс і лёс хлопчыка зьвязаныя».

«Гэта для ўсіх рана, якая крывавіць».

Згадаў, што 3 гады таму ў яго на руках памёр бацька. Ён вельмі перажываў: бацька, вэтэран Аўганістану, вучыў яго, што нельга плакаць. Але тады ён заплакаў. І другі раз — калі зьбіў хлопчыка. Папрасіў прабачэньня перад маці, бабуляй, дзядулем і ўсімі сваякамі.

Не пагаджаецца з тымі, хто бачыць у ім абыякавага забойцу дзіцяці, які заехаў на школьны двор і нібыта наўмысна выглядаў, каго забіць.

«Гэтыя не дачакаюцца майго прызнаньня. Я не забойца. Я ня бачыў хлопчыка, як і ён мяне».

Згадаў пра людзей з інтэрнэту, якія заклікалі яго пакараць як мага цяжэй.

Ён заклікае дараваць і сам даруе ўсім, хто лічыць яго злачынцам.

«Алена, я абяцаю, што буду вам дапамагаць», — зьвярнуўся Андрэй Забабура да маці Ўлада Грудзьева.


14.55 Пачаў выступ у спрэчках адвакат Ігар Папкоўскі.

Адвакат: усе тут разумеюць пра гора і спачуваюць, бо самі бацькі, у тым ліку і абвінавачаны, які ёсьць бацькам двух малых сыноў.

Адвакат кажа пра дабрачынную дзейнасьць абвінавачанага. Згадаў пра тое, як сьведкі чулі адчайны крык абвінавачанага на месцы падзеі.

«Ён ня мог сабе патлумачыць, чаму гэта зь ім здарылася, нават зьвяртаўся да псыхіятра. Потым ён перадаў сродкі для кампэнсацыі, якія я як адвакат называю значнымі, паколькі ведаю, якімі сродкамі звычайна пакрываюць страты».

Адвакат кажа, што вывучэньне прычынаў здарэньня патрэбна таксама для таго, каб больш такога не паўтаралася.

Паводле адваката, тэрыторыя, на якой гэта здарэньне, як школьная тэрыторыя існавала толькі ў праекце. Абазначыць гэтую тэрыторыю і абгарадзіць трэба было ў інтарэсах ня толькі дзяцей, але і бацькоў, якія маглі б прывезьці дзяцей да школы. Гэтага не было зроблена тады, толькі цяпер пабудавалі маленькі плоцік.

Адвакат нагадвае падзеі таго дня: у школе праходзіў бацькоўскі сход, там былі два адміністратары, але яны сядзелі ў школе ў той час, як па школьным двары, дзе праяжджалі аўто, бегалі дзеці.

«Але ніхто з адміністрацыі не назіраў за гульнямі дзяцей», — адзначае адвакат.

Ён згадвае паказаньні дзяцей, якія казалі ў судзе, што яны шмат разоў гулялі ў двары і бегалі сярод аўто цераз дарогу.

Адвакат: «Дзіця — вышэйшая каштоўнасьць. Гэта так. Але праўда і тое, што мы жывем у прававой дзяржаве. Закон вышэй за ўсё, і ён абараняе ўсіх».

Адвакат мяркуе, што трэба ў судзе шукаць непасрэдныя доказы віны. Адносна хуткасьці руху — яна не перавышала 20 км на гадзіну — «гэта відавочна».

«Мы маем выпадак зьбегу акалічнасьцяў, калі няма віны і дзіцяці, і кіроўцы», — кажа адвакат.

Забабура меркаваў, што дзеяньне знаку на яго не распаўсюджваецца, калі ён прывозіў і забіраў дзіця са школы, кажа адвакат. Гэта як абслугоўваньне прадпрыемства, прыводзіць ён прыклад.

Адвакат спрачаецца з пракурорам наконт таго, хто меў права знаходзіць і прадстаўляць доказы. Папкоўскі лічыць, што экспэрт, да якога ён зьвярнуўся на законных падставах, мог даць заключэньне і яно можа быць і доказам, калі гэтак вырашыць суд.

Адвакат нагадвае высновы экспэрта, што знак «рух забаронены» каля школы ня меў абазначэньня зоны дзеяньня.

«Разумна было б да знаку даць стрэлку і пазначыць, на колькі мэтраў ён дзейнічае — але гэтага не было».

«Пасьля выезду з паркоўкі знак не паўтарыўся, таму тыя аўто, якім на паркоўцы не хапіла месца, маглі выехаць да школы. У чым жа непасьлядоўнасьць паказаньняў Забабуры? У яго пыталіся „Вы бачылі знак?“ І ён казаў, што бачыў. А пра тое, праяжджаў ён ці не праяжджаў пад знак, не пыталіся. Забабуру дапытваў палкоўнік у сьледчым камітэце, і ён гэта ня высьветліў. А ў судзе Забабура адказаў на пэўнае пытаньне: „Ці ехаў ён пад знак?“ — „Не, ня ехаў“. У чым тут супярэчнасьць?»

«Але нават парушэньне правілаў — праезд пад знак — ня можа быць у непасрэднай сувязі са здарэньнем. Там былі іншая акалічнасьці, якія і сталі прычынай здарэньня. У двары стаялі машыны, шчыльна стаялі, высокія. Ён ад’яжджае, калідор вузкі, едзе павольна. Ці бачыў ён хлопчыка збоку? Ён кажа, што зьлева ад сябе ня бачыў ніякіх прыкметаў небясьпекі. Бачыў толькі на ганку дарослых і дзяцей.

Дзеці распавялі, што цэлую гадзіну гулялі ў гульню, у „зомбі“. Трэба дакрануцца, каб нібыта „заразіць“, і ўцячы. Мілашэўскі перабег цераз дарогу і стаяў — чакаў. Улад вырашыў да яго падбегчы, бо думаў, той яго ня бачыць. Ён хаваўся за аўтамабілі. Гэта ўсё мусілі праверыць сьледчыя. Але не праверылі як мае быць.

Другі экспэрымэнт увогуле быў праведзены абы-як. Адкуль зьвесткі, што ён на 5-й сэкундзе пабег і.. — Няма такіх зьвестак.

Пракурор гэта не прааналізаваў. Галаслоўна ўзятыя дадзеныя. Органы дасьледаваньня мусілі ўсё пераправерыць, усіх хлопчыкаў дапытаць і аднавіць сытуацыю. Але гэта не было зроблена».

Адвакат зноў спасылаецца на заключэньне незалежнага экспэрта. Калі б кіроўца глядзеў убок загадзя і бачыў, што набліжаецца дзіця, было б так, як кажа пракуратура. Але Забабура глядзеў наперад, як і павінен кіроўца.

«За 3 сэкунды, калі б хлопчык і быў бачны, ён быў бачны на працягу толькі 0,3 сэкунды. А потым зьнік з поля зроку. І то быў бачны бакавым зрокам. А потым ён зноў узьнік ужо перад аўтамабілем, і за гэты час немагчыма было затармазіць, бо 0,6 сэкунды трэба толькі на тармажэньне. Ужо нічога немагчыма было зрабіць!»

Вэрсія адваката: паколькі хуткасьць была маленькая, то было не падсяканьне хлопчыка, а ўдар. Ехаў бы хутчэй, магло б падкінуць і мог бы застацца жывы, такое бывае.

Паводле адваката, у судзе былі прадстаўленыя доказы, каб апраўдаць Забабуру.

«Самой трагедыі, на жаль, паправіць ужо немагчыма. Мы ўсе можам толькі шкадаваць».

Адвакат: «Калі вы ўбачыце долю віны майго падабароннага ў парушэньні правілаў, я прашу ўлічыць асобу гэтага чалавека. Тое, як ён імкнуўся кампэнсаваць маральныя страты. Што ў яго двое малых, ён добры сем’янін, добры бізнэсовец. Калі ў яго і ёсьць элемэнт віны, то яго нельга пазбаўляць волі. Яго трэба апраўдаць».

Таксама адвакат просіць пакінуць Забабуру правы, бо «ад гэтага залежыць дабрабыт яго сям’і».

У бакоў няма рэплік. Пачаў апошняе слова Андрэй Забабура.



14.44 Маці Улада Грудзьева адмовілася сама выступаць. Як і бабуля. Ад іх імя выступаць пачала прадстаўніца пацярпелых Ксенія Кобаса.

Ксенія Кобаса кажа, што ў іх няма падстаў сумнявацца ў высновах пракурора, сьледчых і экспэрта МУС.

Кобаса выказала зьдзіўленьне пазыцыяй, якую абраў абвінавачаны: «Нам яна не зусім зразумелая, незразумела тое, што ён усё адмаўляе. Але мы ня будзем пра яго казаць, што ён дрэнны ці які, бо кожны чалавек мае права выбіраць тую пазыцыю, якую жадае, ва ўмовах, у якія трапіў».

Прадстаўніца пацярпелых кажа, што тэрыторыя школы ёсьць тэрыторыяй надзвычайнай увагі і гэта ня трэба і даказваць, гэта трэба ўсім улічваць: «Для любога чалавека, тым больш з вышэйшай адукацыяй, тым больш з чырвоным дыплёмам (у Забабуры чырвоны дыплём электроншчыка — „Свабода“), гэта павінна быць зразумела».

Кобаса мяркуе, што доказы ўсе былі ў судзе прадстаўленыя, што знак быў і трэба было ім кіравацца.

«Суб’ектыўны фактар — тое, мог абвінавачаны за 3 сэкунды спыніцца ці ня мог. Заклікаю суд ня браць за доказ высновы экспэрта, якога прадставіў бок абароны».

Кобаса сумняваецца ў кампэтэнтнасьці гэтага экспэрта, а вось сумненьня ў дакладнасьці высноў экспэрта МУС у яе няма.

Пра маці Грудзьева Кобаса кажа: «Яна месяц не магла выйсьці з дому, сяброўка прыходзіла, каб яе ўлажыць спаць. Гэта толькі частка прыкмет гора, якое перажыла і перажывае маці».

Што да пакараньня — цалкам на меркаваньне суду, сказала прадстаўніца пацярпелых.


14.44 Пракурор запатрабаваў для Андрэйя Забабуры 4 гады «хіміі»

14.16 Пачаліся судовыя спрэчкі.

Выступае прадстаўніца абвінавачаньня Ірына Лапцэвіч.

Яна паўтарыла абвінавачаньне, якое выстаўленае Андрэю Забабуру — ён парушыў правілы руху, у выніку чаго загінуў чалавек.

Пракурор назвала паказаньні абвінавачанага супярэчлівымі. Яна мяркуе, што ён зьмяніў паказаньні, каб пазьбегнуць пакараньня.

Гэта сьведчыць пра няшчырасьць абвінавачанага, мяркуе пракурор Лапцэвіч.

Пракурор спасылаецца на паказаньні хлопчыкаў, якія гулялі ў двары школы. Спасылаецца на сьведак-хлопчыкаў, якія непасрэдна бачылі, як аўто зьбіла Ўлада Грудзьева. Не давяраць гэтым паказаньням, на думку пракурора, няма падставаў.

Спасылаецца яна і на паказаньні сьведкі, намесьніка дырэктара школы, якая паведаміла, што на ўезьдзе да школы быў знак пра забарону руху, але бацькі часта яго ігнаравалі.

Таксама пракурор спасылаецца на пратаколы агляду месца здарэньня, схему месца здарэньня. Ад абвінавачанага не было заўвагаў да гэтага пратаколу і схемы месца здарэньня, кажа пракурор.

Згадвае пра сьледчы экспэрымэнт, паводле якога ў кіроўцы машыны было 3 сэкунды, каб прадухіліць наезд на Ўлада Грудзьева.

У абвінавачаньня няма падстаў не давяраць высновам экспэртаў, што сьмерць хлопчыка наступіла ад сутыкненьня з аўтамабілем. З высноваў экспэртызы вынікае, што кола машыны не пераяжджала цела хлопчыка, а ён загінуў ад траўмаў у выніку сутыкненьня з машынай.

Паводле тэхнічнай экспэртызы, аўтамабіль Забабуры быў спраўны.

Паводле пракурора, кіроўца мусіў зьменшыць хуткасьць і своечасова затармазіць. Паводле экспэртызы, калі б ён затармазіў своечасова, то не даехаў бы да хлопчыка, які перабягаў дарогу.

Раны і пашкоджаньні ў хлопчыка былі на галаве, на нагах. Гэтыя раны не былі ад кантакту з дарогай. На адзеньні была фарба ад аўтамабіля. Валокны ад адзеньня былі на бампэры аўто.

Паводле пракурора, вэрсія абвінавачанага пра тое, хто хлопчык упаў і пашкодзіўся аб дарогу, не пацьверджаная.

Высновы незалежнага экспэрта пракурор Лапцэвіч лічыць абсурднымі.

Пракурор лічыць, што заключэньне незалежнага экспэрта ня можа быць доказам невінаватасьці, бо яго зьяўленьне не адпавядае парадку зьяўленьня доказаў.

«Забабура мала таго, што парушыў правілы дарожнага руху, дык яшчэ груба праігнараваў правілы аб павышанай увазе каля школы. Менавіта дзеяньні Забабуры прывялі да сьмерці школьніка».

Пракурор лічыць, што ён не асэнсаваў сваё злачынства.

Яна просіць прызнаць падсуднага вінаватым і пазбавіць волі на 4 гады ў калёніі ва ўмовах пасяленьня.



12.52 Суд вырашае парадак судовых спрэчак.

Вырашана, што пачне пракурор.

Перапынак да 14.15 – тады пачнуцца спрэчкі бакоў.

12.47 Працэс аднавіўся


Хадайніцтвы пра новую судова-тэхнічную экспэртызу і пра зьмену меры стрыманьня для Забабуры адхіленыя.

11.20 Перапынак да 12.50

11.17 Адвакат зьбіраецца заявіць хадайніцтва. Папкоўскі спасылаецца на тое, што экспэртыза МУС вырашыла, што ў кіроўцы было 3 сэкунды да наезду. Улічвалася, што паміж машынамі былі прамежкі, у якіх кіроўца мог бачыць набліжэньне хлопчыка, перш чым той зьявіўся ўжо перад самым аўтамабілем.

Але адвакат мяркуе, што падлікі былі зробленыя недакладна і што кіроўца меў менш за сэкунду, да таго ж ён мог бачыць дзіцёнка толькі бакавым зрокам, а гэта патрабавала даўжэйшага часу на тое, каб зрэагаваць.

Таму адвакат настойвае на судовай комплекснай экспэртызе. Кажа пра новы экспэрымэнт, графічнае мадэляваньне сытуацыі.

Паводле адваката, хіба сьледчага экспэрымэнту была ў тым, што аб’екты ня рухаліся цягам умоўных 3 сэкундаў.

«Калі будзе праведзеная комплексная экспэртыза, нават цягам 3 сэкундаў можна будзе вызначыць дакладную сытуацыю і тое, ці мог кіроўца ў тых умовах прадухіліць наезд», — заяўляе адвакат.

Паколькі такая экспэртыза патрабуе часу, то адвакат зноў просіць зьмяніць меру стрыманьня для падсуднага.

Забабура гэта падтрымлівае і прапануе грашовы заклад.

Пракурор — супраць. Паводле яе, «дзеяньні абароны накіраваныя на зацягваньне працэсу». Сумнявацца ў экспэртызе, лічыць яна, няма падстаў.



11.00 Пракурор зьбіраецца зачытаць пратакол допыту абвінавачанага, дзе паводле пракурора ёсьць разыходжаньні з паказаньнямі ў судзе.

Пракурор: Учора вы нам казалі, што не зусім дакладна ўказалі пэўныя абставіны здарэньня з-за стану афэкту. А вось допыт ад 7 сьнежня і тады вы зноў паўтарылі тое самае і не ўдакладнілі. Чаму?

Забабура: Мяне не пыталіся і я не казаў. Я не задумваўся пра тое, што маю дачыненьне да гэтага знака. Я заўсёды меркаваў, што паколькі прывожу свайго дзіцёнка да школы, то маю права там ехаць.

10.55 Адвакат зачытвае мэтадычку пра тое, зь якіх кавалкаў часу трэба складаць час рэакцыі кіроўцы на пэўныя падзеі на дарозе. «Гэта вельмі важна, бо экспэрту МУС спасылаўся на гэтую мэтадычку», — кажа адвакат і перадае гэтыя дакумэнты суду.

Суд гэтыя дакумэнты прыняў.

Паводле Забабуры, у правілах дарожнага руху могуць быць удакладненьні і пашыраныя тлумачэньні некаторых знакаў, асабліва знаку «Рух забаронены».

Забабура паўтарае, што зона дзеяньня таго знаку «Рух забаронены», які вісеў каля школы, не была ніяк вызначана.


10.15 Сьведка Алег Валасевіч, адзін з бацькоў, жыве ў пасёлку Тарасава.

Сьведка згадвае падзеі дня, увечары ён павёз жонку на бацькоўскі сход. Ягонае дзіця вучыцца ў тым самым 3"Е" клясе, дзе вучыўся загінулы Ўлад Грудзьеў.

Яны паехалі да школы № 23, па Кальцавой да вуліцы Панчанкі. Зьвярнулі да школы, было цёмна, за ім ехала некалькі аўтамабіляў.

Валасевіч: «Там калі едзеш на стаянку, пасьля бардзюру яма і на малой машыне я не праяжджаю, а я быў на малой, таму я паехаў да самой школы. І калі мы спыніліся каля школы, я пачуў крыкі дзяцей — яны бегалі і крычалі.

За мной сталі 4 аўтамабілі. Я пайшоў па свайго сына, які таксама там бегаў. Узяў яго і пасадзіў у машыну. Потым я паехаў разварочвацца ў тарэц школы і вывернуў направа, каб разьвярнуцца. Зьлева ад мяне было месца, дзе можна было праяжджаць. Месца заняў джып „Поршэ Каен“. Там сядзеў мужчына. Гэта быў той джып, які стаяў за мной. Я бачыў сылуэт мужчыны, але ці гэта той, які сядзіць зараз у клетцы, я не магу сказаць».

Сьведка пацьвердзіў, што паркоўка не асьвятлялася ліхтарамі, і на яе не сьвяцілі ліхтары ягонага аўтамабіля. У сваіх тлумачэньнях Забабура казаў 11 лютага, што ён праехаў міма паркоўкі, бо там не было месцаў і таму паехаў да школы).

Прадстаўніца пацярпелых: Вы можаце сказаць, ці былі месцы на паркоўцы?

Валасевіч: Не магу, бо не заяжджаў.

Пракурор: Вы бачылі знак? Чаму паехалі пад яго?

Валасевіч: Я ехаў з жонкай. Яна нэрвавалася, што спазьняецца, давялося паехаць пад знак.

Адвакат Папкоўскі: Колькі мэтраў ад павароту з вуліцы Панчанкі да павароту да школы?

Валасевіч: Мэтраў 100

Папкоўскі: А да знака?

Валасевіч: мэтраў 25-30.

Папкоўскі: Вы паварочвалі колы ў бок стаянкі?

Адвакат і сьведка не знаходзяць паразуменьня і разглядаюць схему дарогі. Высьвятляюць, што бачна, калі едзеш да школы.

Папкоўскі: Колькі там было машын?

Валасевіч: Не скажу дакладна, але бачыў, што яна была на дзьве трэціх запоўненая.

Забабура пытаецца ў сьведкі: Ці было месца на паркоўцы для «Поршэ-Каен», улічваючы ягоныя габарыты (ён больш шырокі).

Сьведка: Гэта я не глядзеў і ня бачыў, але я бачыў, што на 2/3 паркоўка занятая і такім чынам стаць там можна было.

Сьведка: Калі я паварочваў да школы, я ня бачыў, які аўтамабіль за мной едзе. Я гэта убачыў толькі тады, калі спыніўся ўжо ў двары школы, насупраць пачатку будынку школы, гэта ужо пасьля паркоўкі.

Суд: Магло быць такое, што аўтамабіль, які ехаў за вамі, павярнуў да паркоўкі, а потым апынуўся за вамі?

Сьведка: Магло. Такое таксама магло быць.

Допыт сьведкі закончаны.

10.10 Прадстаўніца пацярпелых зьбіраецца заявіць хадайніцтва пра допыт сьведкі Валасевіча, які знаходзіцца ў калідоры.

Да таго прадстаўніца спытала Забабуру: ці памятае ён, як заяжджаў да школы, ці не спыняўся ён з-за нейкага аўтамабіля наперадзе?

Забабура адказаў, што ня памятае, магчыма не.


10.00 Працэс аднавіўся.

Судзьдзя адхіліла абодва хадайніцтвы: аб прызначэньні новай комплекснай экспэртызы і пра зьмену меры стрыманьня на падпіску пра нявыезд.

Забабура пад вартай знаходзіцца ад 7 сьнежня. Суд палічыў гэта законным, адпаведным цяжкасьці абвінавачаньня.



На аўторкавым паседжаньні адвакат Андрэя Забабуры Папкоўскі выступіў з хадайніцтвам правесьці новую комплексную экспэртызу і зьмяніць меру стрыманьня абвінавачанаму.

А аўторак у судзе дапыталі экспэрта крыміналістычнага цэнтру МУС Леаніда Плескацэвіча, і незалежнага экспэрта Канстанціна Вяслова, якога выклікала у суду абарона.

Два экспэрты разышліся ў думках, ці быў у кіроўцы час пабачыць школьніка, які выбег на дарогу, і затармазіць.


Судзьдзя — Юлія Блізьнюк.

37-гадовага Забабуру вінавацяць паводле крымінальнага артыкулу «парушэньне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў, што пацягнула па неасьцярожнасьці сьмерць чалавека». Яму пагражае да пяці гадоў пазбаўленьня волі.

Кіроўца «Поршэ Каен»: Я вінаваты толькі маральна

Працэс Забабуры: спрэчкі экспэртаў

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG