Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не ізаляцыя, а ангажаванасьць у эўрапейскі інтэграцыйны працэс можа дапамагчы нашай краіне стаць дэмакратычнай і заможнай», — заявіў міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей пасьля перамоваў з эўракамісарам у пытаньнях пашырэньня і палітыкі добрасуседзтва Стэфанам Фюле.

Перамовы адбыліся ў Тбілісі ў межах двухдзённага раўнду перамоваў на міністэрскім узроўні паміж прадстаўнікамі Эўразьвязу і краін-удзельніц праграмы ЭЗ «Усходняе партнэрства»: Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны.

На прэсавай канфэрэнцыі па выніках перамоваў сп. Фюле заявіў:

«Беларусь зьяўляецца адным з нашых партнэраў. Але, на жаль, трэба адзначыць, што Беларусь зьяўляецца нашым адзіным партнэрам, зь якім мы ня маем заканадаўчай базы для моцных двухбаковых стасункаў, як зь іншымі партнэрамі. Ну і яшчэ трэба адзначыць той відавочны факт, што існуе адмысловая палітыка Эўразьвязу ў адносінах да Беларусі, абапёртая на трох слупах. Эўразьвяз працягвае падтрымліваць сваю пазыцыю, заснаваную на прынцыпах, на якія абапіраецца ўсё Усходняе партнэрства. У такіх абставінах Эўразьвяз можа толькі раз-пораз падкрэсьліваць, што для Беларусі існуе пэрспэктыва поўнага разьвіцьця адносінаў, якім карыстаюцца іншыя нашы партнэры. Перадумовай для гэтага разьвіцьця зьяўляецца вызваленьне палітвязьняў. Адначасова мы разьвіваем дыялёг аб мадэрнізацыі — гэта адно з пытаньняў, якое мы маем намер абмеркаваць зь міністрам ^[Макеем — РС^]. Гэта магчымасьць ангажаваць прадстаўнікоў беларускага ўраду на рабочым узроўні у дыялёг аб тым, якім чынам Эўразьвяз мог бы дапамагчы ў мадэрнізацыі Беларусі. Гэты дыялёг цяпер мы праводзім з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі».

У адказ кіраўнік беларускай дыпляматыі выклаў сваё бачаньне месца Беларусі ў праграме «Ўсходняе партнэрства» і ролі яе стасункаў з Эўразьвязам:

«Ад самага пачатку мы былі раўнапраўным партнэрам ва „Ўсходнім партнэрстве“. Мы застаемся ў гэтай ініцыятыве і будзем заставацца, пакуль, я й ня ведаю, што можа здарыцца. Ведаеце, у нашых адносінах з Эўразьвязам ёсьць пэўныя праблемы, але я думаю, што нам трэба вырашыць гэтыя праблемы спакойным чынам у адкрытым дыялёгу. І я спадзяюся, што такі дыялёг адбудзецца ў нас заўтра са спадарыняй Эштан і камісарам Штэфанам Фюле. Я думаю, што не ізаляцыя, а ангажаванасьць у эўрапейскі інтэграцыйны працэс можа дапамагчы нашай краіне стаць дэмакратычнай і заможнай. Гэта наша пазыцыя».

Гледзячы па ўсім, афіцыйны Менск выказвае цяпер пэўную зацікаўленасьць ва ўдзеле ў «Дыялёгу аб мадэрнізацыі Беларусі», пра які казаў эўракамісар Фюле.

Паводле інфармацыі Эўрарадыё у канцы студзеня беларускі МЗС выслаў у сталіцы эўрапейскіх краін лісты са сваімі прапановамі і патрабаваньнямі ўдзелу ў праграме.

«Беларускі бок сапраўды дасылаў свае прапановы, і, магчыма, новая інфармацыя зьявіцца па выніках сустрэч, што праходзяць гэтымі днямі ў Тбілісі», — паведамілі Эўрарадыё ў прадстаўніцтве ЭЗ у Беларусі.

Сёньня у Менску намесьніца міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына сустрэлася з кіраўніцай прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Майра Морай. Пра гэта паведаміла БелТА са спасылкай на прэсавую службу міністэрства. У МЗС падкрэсьлілі, што сустрэча адбылася з ініцыятывы эўрапейскага боку. На думку экспэртаў, адной з тэмаў перамоваў магло стаць выключэньне міністра Макея са сьпісу неўязных у Эўразьвяз.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG